фото14 кастрычніка ў ЗША не стала “гіганта ў галіне канстытуцыйнага права і міжнародных адносін”, аднаго са стваральнікаў заканадаўчага поля ў сферы правоў чалавека Луіса Хенкіна (Louis Henkin). Легендарнаму амерыканскаму юрысту, які нарадзіўся ў Беларусі, было 92 гады.

"Луіс Хенкін — гігант у галіне канстытуцыйнага права і міжнародных адносін. Таксама ён быў адораным адвакатам і выбітным экспертам па правах чалавека", — адзначыў яго калега прафесар Джэральд Ньюман, якога літаральна месяц назад абралі ў сябры Камітэта па правах чалавека ААН, перадае The Harvard Crimson.

Элізэр (Луіс) Хенкін нарадзіўся 11 лістапада 1917 года на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Дзе дакладна — невядома. Крыніцы згадваюць, што ягоны бацька Ёсіф Хенкін (1881-1973) быў знакамітым у габрэйскім свеце рабінам, які вучыўся ў славутым слуцкім ешыбоце. У 1923-м сям’я Хенкіна імігравала за акіян.

Паводле сямейнай гісторыі, падчас праходжання кантролю на Эліс-Айлэнд 5-гадовы Элізэр адмовіўся адказваць на пытанні федэральнай іміграцыйнай службы ЗША. Намагаючыся развязаць язык сына, бацька задаў яму матэматычную задачу. Сын загаварыў, назваўшы правільны адказ. Тады ўсе падумалі, што маленькі Хенкін стане буйным матэматыкам. Спадзевы сваякоў умацаваліся падчас навучання хлопца ў нью-ёркскім габрэйскім каледжы. Аднак, скончыўшы яго, Хенкін нечакана паступіў на юрфак Гарварда.

"Усё, што я ведаю аб дасягненнях бацькі, чуў ад каго заўгодна, толькі не ад яго, — распавядае ягоны сын Джошуа. — Ён быў вельмі сціплым чалавекам, і, думаю, шмат людзей ведалі яго выключна як ветлівага старога з сінагогі. Але насамрэч у бацькі быў і “цёмны бок жыцця” — законатворчасць у сферы правоў чалавека".

“Цёмны бок жыцця” Луіса Хенкіна ўключаў сакратарства ў Федэральным апеляцыйным і Вярхоўным судах ды легендарную кар'еру ва ўпраўленні па рэгіянальных пытаннях Дзярждэпу ЗША. Апроч гэтага ён перадаваў свае ўнікальныя веды сотням студэнтаў Гарвардскай школы права, многія з якіх потым сталі суддзямі агульнаамерыканскага маштабу. Паралельна Хенкін напісаў процьму артыкулаў і кніг, прысвечаных міжнародным адносінам, канстытуцыйнаму праву і правам чалавека, якія сталі акадэмічнай класікай як для студэнтаў, гэтак і для ўрадавых чыноўнікаў.

“Нястомная навуковая дзейнасць Хенкіна, адвакатура і выкладанне змянілі не толькі законы і паводзіны дзяржавы, але і разуменне людзьмі па ўсім свеце годнасці кожнага чалавека", — адзначыла дэкан гарвардскай Школы права Марта Міноў.

У 1978-м нараджэнец Беларусі заснаваў Цэнтр па вывучэнні правоў чалавека, а ў 1998-м — Інстытут па правах чалавека пры Калумбійскім універсітэце Нью-Ёрка.

Былы прэзідэнт Амерыканскага таварыства міжнароднага права, прафесар Луіс Хенкін памёр ва ўзросце 92 гадоў у сваім доме на Манхэтане пасля працяглай хваробы. У яго засталося трое сыноў (пісьменнік, прафесар амерыканскай гісторыі і дырэктар музычнай школы) і пяцёра ўнукаў.
-30%
-10%
-10%
-55%
-10%
-30%
-50%
-5%