На нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў Эўразьвязу было вырашана запрасіць Аляксандра Лукашэнку на саміт Эўрапейскага партнэрства, які адбудзецца ў Празе 7 траўня.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода зь месца сустрэчы ў чэскім замку Глубока над Влтавай, галоўным апанэнтам запрашэньня беларускага прэзыдэнта выступіў Міністар замежных справаў Нідэрляндаў Максім Фэрхагэн. Ён запатрабаваў гарантый ад кіраўніка Эўракамісіі, што, нягледзячы на запрашэньне, накіраванае Лукашэнку, Беларусь будзе прадстаўляць на саміце Міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў. У адваротным выпадку галяндзкі дыплямат прыгразіў публічным выкрываньнем беларускага лідэра на саміце.

Карэспандэнт нашага Радыё Ахта Лоб’якіс паведамляе:

“Была заключаная дамова, згодна зь якой запрашэньне будзе перададзенае Лукашэнку - пры негалосным разуменьні, што асабіста ён у Прагу 7 траўня не зьявіцца, а замест гэтага дашле свайго міністра замежных спраў ці якога-небудзь іншага чыноўніка. Такім чынам можна будзе забясьпечыць прысутнасьць Беларусі і адначасна пазьбегнуць магчымых непрыемных сцэнаў.”

Па выніках сустрэчы кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Эўразьвязу Хаўер Саляна заявіў: “Гэта вельмі важны саміт, і мы хацелі б, каб на ім былі прадстаўленыя ўсе”. Паводле Ахта Лоб’якіса, многія палітыкі інтэрпрэтуюць гэтую заяву як “усе краіны”, а ня “ўсе лідэры”.

Эксперт: беларуская замежная палітыка становіцца ўсё болей інтрыгоўнай 

Матывы хітрага ходу зразумелыя. Калі б Еўрасаюз, распачынаючы новую праграму для шасці постсавецкіх краін, зрабіў выгляд, што ва ўпор не заўважае кіраўніка ўлучанай ў праект Беларусі, то гэта адразу закладала б міну пад усю задуму, - піша ў "Нашай Ніве" палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі

Але і двухсэнсоўным рашэннем ЕС ставіць сябе ў няпростае становішча. Цікава, што, напрыклад, будзе казаць Лукашэнку падчас красавіцкага візіту ў Мінск еўракамісарка Ферэра-Вальднер? “Ласкава просім, але вочы б мае вас там не бачылі”? А раптам беларускі кіраўнік зноў пакажа нораў: памятаеце ашаламляльны манеўр з візітам у Ерэван з-пад носу еўракамісаркі?

Наўрад ці задаволіць хітрамудрае рашэнне і непрымірымых унутраных праціўнікаў Лукашэнкі. Еўропа атрымае чарговую порцыю папрокаў у здрадзе.

І потым: а раптам Лукашэнка пойдзе ва-банк? З разлікам на тое, што культурная Еўропа не рызыкне псаваць інаўгурацыю “Усходняга партнёрства” кухоннай сваркай? Уяўляеце сабе варыяцыю на тэму карціны Рэпіна “Не чакалі”?

Іншая рэч, што паслаць на травеньскі саміт Мартынава зручней з тых меркаванняў, што потым можна з нявінным выглядам казаць Крамлю: дык яны ж там без мяне нечага нападпісвалі…

Карацей, беларуская замежная палітыка становіцца ўсё болей інтрыгоўнай.

Раней толькі на ўсходнім напрамку мы бачылі хітраспляценні візантыйскіх інтрыг, калі партнёры па “братняй інтэграцыі” лілі салодкую рыторыку, але кожны трымаў дулю ў кішэні. Цяпер нешта падобнае вымалёўваецца па лініі Мінск — Брусель. Тая ж рыторыка “збліжэння” і тыя ж дулі ў кішэні.

Хутка мы пабачым, ці акажацца саламонавым рашэнне даслаць Лукашэнку запрашальнік з падвохам.

-20%
-50%
-15%
-70%
-10%
-33%
-50%
-52%