Отдых


Міла Котка,

У альтэрнатыву ўсім калядным кірмашам у Мінску адкрыўся Free Market – без грошай і з верай у чалавечую беражлівасць.
 

 
Мэта кірмашу – не толькі забяспечыць людзей падарункамі на Новы год, але і прыцягнуць увагу да бессэнсоўнага спажывання, якое ўзрастае ў дзясяткі разоў падчас навагодніх святаў.
 

 
“Мы падтрымліваем ідэю стварэння падарункаў сваімі рукамі”, – расказвае Еўрарадыё арганізатарка кірмашу Ася, актывістка моладзевага адукацыйнага цэнтра “Фіальта”. – Таксама мы заклікаем набываць падарункі не ў крамах за грошы, а з дапамогай абмену – рэчы, якія не патрэбныя адным, можна перадаць іншым людзям”.


 
Якія ж бясплатныя падарункі можна было знайсці на Free Market? А тое ж, што і на славутых еўрапейскіх “блышыных кірмашах”: кніжкі, часопісы, дыскі, прынтар, паштоўкі, цацкі, пацеркі, значкі і нават ружовы бюстгалтар!
 





 
З той нагоды, што падарункі не трэба прадаваць, ніхто не клапаціўся пра іх прыгожае выстаўленне – усё звалена ў кучу. Але наведвальнікам акурат гэта і спадабалася.
 
Наведвальніцы Даша і Вера: “Можна нахабна лазіць, глядзець, разграбаць! У сучасным свеце не хапае адчування пошуку, усё вельмі хутка знаходзіцца праз інтэрнэт і замаўляецца. А тут ты шукаеш-шукаеш сярод непатрэбных табе рэчаў і раптам – яно! Маё!”.
 

 
Таксама на Free Market ладзіліся воркшопы: як зрабіць пацеркі сваімі рукамі, як зрабіць свечкі, адзін валанцёр з Аўстрыі Марк нават прыцягнуў сваю прафесійную фотакамеру і святло і ладзіў фотаворкшоп.
 
“Людзі робяць сваімі рукамі кампазіцыю, я выстаўляю святло і фатаграфую, пасля яны могуць гэтую фотку камусьці даслаць ці раздрукаваць”, – сказаў Марк.
 

 
Еўрарадыё таксама зладзіла адзін воркшоп: як атрымаць самую экалагічную ёлку. Дарэчы, ведаеце як? Яе трэба зрабіць сваімі рукамі! Наша атрымалася з непатрэбнай белай паперы (белы – у марах пра снег гэтай зімой) і з выкінутага рулона лінолеуму. Ці не прыгажуня?
 

 
Да слова, альтэрнатыўны кірмаш праходзіў у новым альтэрнатыўным месцы – нядаўна адчыненай "Арт-сядзібе", якая месціцца на другім паверсе гандлёвага дома “Гарызонт”. І трэба вельмі пастарацца, каб знайсці гэтае месца.
 

 
“Мы не змаглі б змясціць тут вельмі шмат людзей, таму і не рабілі вялікай рэкламы”, – кажа арганізатарка Ася і дадае, што новых людзей Моладзевы цэнтр “Фіальта” збіраецца прыцягваць не маштабнасцю мерапрыемстваў, а іх колькасцю. Так што чакайце яшчэ парачку “Фры Маркетаў" цягам наступнага года.