Отдых


Вольга КУЛІНКОВІЧ,

Мы імкнёмся вывезці дзяцей на мора: свежае паветра, сонца, гаючая вада... Але нават калі гэта не ўдаецца, можна і трэба правесці лета з максімальнай карысцю. На дачы, у вёсцы і нават у горадзе разглядайце лета як цудоўны шанц правесці больш часу з дзіцем, умацаваць яго здароўе і вашы з ім адносіны.  

Для настрою: вясёлыя колы 

Цёплыя і светлыя летнія вечары проста грэх упускаць. Пасля працы не ўсаджвайцеся перад тэлевізарам, а адпраўляйцеся разам з дзіцем на веласіпедную прагулку. Яна выдатна зніме дзённы стрэс, умацуе сэрца і нервовую сістэму, настроіць на радасны і спакойны лад.

Калі ёсць магчымасць, добра пачынаць з велапрагулкі раніцу: усяго паўгадзіны дастаткова, каб прачнуцца і размяцца. Для вас гэта цудоўны фітнэс, а для дзіцяці — велізарнае задавальненне правесці раніцу разам. Выбірайце месцы далей ад ажыўленых аўтамабільных дарог — напрыклад, у парку або скверы. На дачы пракладзіце маршрут праз лес або з'язджайце далёка ў поле. 

У горадзе, дзе шмат гладкіх асфальтавых дарожак, можна рэгулярна наладжваць забегі на роліках або заезды на скейце. Яшчэ ідэя для ранішніх або вячэрніх прагулак — фрысбі, або лятаючыя дыскі. Калі ў вас ёсць сабака, можна гарантаваць, што ўсе трое атрымаеце каласальнае задавальненне.

І яшчэ. Калі вы ездзіце на веласіпедзе ў горадзе, купіце дзіцяці велашлем. І сабе таксама — трэба ж падаваць правільны прыклад.

Для загартоўкі: гуляюць усе! 

Клопат аб здароўі не павінен быць сумным. Наадварот, яго можна ператварыць у вясёлую гульню для ўсёй сям'і. Турніры па бадмінтоне, футбольныя матчы, воднае пола ў возеры — усе гэтыя летнія задавальненні ўмацоўваюць не толькі мышцы, сардэчна-сасудзістую і нервовую сістэмы, але і сямейныя адносіны. Дарослым і дзецям вельмі важна адчуваць, што яны адна каманда.

Загартоўвацца таксама карысней і весялей разам. Халаднаватыя абліванні па раніцах на свежым паветры — варыянт для тых, у каго ёсць дача. Проста на зямлі гэта рабіць не надта зручна, таму абсталюйце недалёка ад сажалкі, калодзежа або крана невялікі дашчаты насціл. Пачынайце з вады +26—30 °С і паступова зніжайце тэмпературу. Вылівайце на дзіця (і сябе) усё вядро цалкам — прама на макушку. Калі холадна, разатрыцеся махровым ручніком. Вельмі танізуе!

Для малых можна ўсталяваць надзіманы басейн — за дзень вада добра награваецца на сонцы. І пабольш цацак! Зрабіце лодачку з паперы або нават цэлы флот і наладзьце марскую бітву. Гульні ў вадзе асабліва карысныя гіперактыўным дзецям.

І яшчэ. Самы просты і карысны трэнажор на дачы — невялікі турнік: на ім можна не толькі падцягвацца, але і вісець, і куляцца, а калі надакучыць — перарабіць яго ў арэлі. Турнік можна зрабіць паміж любымі двума дрэвамі, якія стаяць побач.

Каб стаць бліжэй: сямейная экспедыцыя

Шчаслівыя моманты прыносяць больш за ўсё радасці, калі іх планаваць, прадчуваць, атрымліваць асалоду ад іх, а потым доўга ўспамінаць. Такой падзеяй абавязкова стане загарадны паход у выхадныя, асабліва з начлегам. Калі зрабіць такія вылазкі на прыроду сямейнай традыцыяй, у вас з дзецьмі з'явіцца агульная справа, якая збліжае.

Вельмі важна, каб у паходзе ў кожнага былі свае абавязкі: навучыце дзіця збіраць галлё для вогнішча, дапамагаць ставіць палатку, чысціць бульбачку, мыць посуд у ручаі, як сапраўдны вандроўца. Калі нешта не атрымліваецца — не спяшайцеся на дапамогу, няхай яно паспрабуе разабрацца само. І калі атрымаецца, абавязкова хваліце. Ваша задача — даць дзецям магчымасць адчуць іх значнасць у сямейнай сістэме.

А ўвечары, каля вогнішча, надыходзіць час гісторый і сямейных легендаў: распавядзіце, як вы пазнаёміліся, як пажаніліся, як прывезлі сына або дачку з радзільні і што перажывалі ў той момант. Дзеці любяць падобныя аповеды і запамінаюць іх на ўсё жыццё, будуючы на іх сваю ўласную гісторыю.

І яшчэ. Аповеды могуць быць і не вельмі сур'ёзнымі. Старэйшыя дзеці любяць страшылкі пра "чырвоную руку" і "чорны пакой". З пункту гледжання псіхалогіі, баяцца карысна (асабліва разам з бацькамі). Уяўляючы страшныя сітуацыі, дзіця вучыцца перажываць, выказваць свае эмоцыі і знаходзіць правільнае выйсце ў небяспечным становішчы. Нездарма нават дарослыя любяць фільмы жахаў!

Для развіцця: хто ў церамку жыве?

Заўважалі, што дзеці любяць схавацца пад стол, завесіўшы яго абрусам да самай падлогі, зрабіць будан у садзе або паставіць палатку на дачным участку? У цеснай прасторы дзіцяці ўтульна і спакойна: псіхолагі лічаць, што цёмная "норка" нагадвае аб улонні маці. Акрамя таго, гэта асабістая прастора, дзе дзіця можа пабыць сам-насам.

Вось і дайце яму такую магчымасць, пабудаваўшы разам з ім яго ўласную хатку. Уменне ўладкоўваць тэрыторыю спатрэбіцца ў дарослым жыцці. На дачы гэта можа быць будан у глыбіні саду, а ў горадзе можна зрабіць "вігвам індзейца" ў кватэры (з крэслаў і коўдраў) або ў двары.

І яшчэ. Не забывайце, што дом будуецца не для вас, а для дзіцяці. Няхай яно само прыдумае сваё жыллё. Заахвочвайце настойлівасць і вынаходлівасць і не лайце за памылкі: страх зрабіць нешта не так застанецца на ўсё жыццё, перашкаджаючы развівацца і спрабаваць новае.

Для бадзёрасці: басанож па расе

За горадам пры любой магчымасці выпускайце дзіця пабегаць басанож. Дагледжаны дачны траўнік, мяккі лясны лужок або пясчаны бераг ля возера — ідэальныя варыянты. Прапануйце дзіцяці пахадзіць раніцай басанож па расе і самі далучайцеся да яго — сцяблінкі прыемна паколваюць ступні і масажуюць актыўныя кропкі на іх, а раса прыемна ахалоджвае.

І яшчэ. Можна змайстраваць міні-басейн глыбінёй па шчыкалатку і насыпаць гладкай галькі на дно — эфект не горшы, чым ад прагулак па расе. Пагуляйце з дзіцем у "чаплю", якая ходзіць па каменьчыках, — гэта цудоўная аздараўленчая гімнастыка.

Для імунітэту: вітамінізацыя

Летам на дачы вітаміны растуць проста з зямлі. Мала якое дзіця адмовіцца ад "імунізацыі" свежымі суніцамі, малінай і іншымі ягадамі, асабліва з малаком, ёгуртам або вяршкамі. Калі кожны дзень на снеданне або падвячорак будуць ягады па сезоне, лічыце, што праграму прафілактыкі восеньскіх ВРВІ вы выканалі. Лясныя ягады карысней за ўсё — у іх значна больш каштоўных рэчываў.

На ўчастку ў вас, хутчэй за ўсё, дастаткова дзьмухаўцоў, крапівы, лопуху, трыпутніку. Маладыя парасткі карысна дадаваць у салаты, супы, запяканкі, падліўкі. Ну і, вядома, не забывайце аб прывычных, але такіх багатых на вітаміны пятрушку, кроп, часнок і зялёную цыбулю!

Чым яшчэ заняць дзіця летам у горадзе?

  • Калі вы працуеце, а дзіця застаецца дома, прапануйце яму да вашага прыходу схаваць "пірацкі скарб". Няхай намалюе карту, па якой вы ўвечары будзеце яго шукаць.
  • Вазьміце на прагулку сумку і збярыце разам з дзіцем шышкі, прыгожыя галінкі, лісцікі і кветкі. Дома ўсё гэта можна засушыць і выкарыстаць для гербарыя або вырабаў.
  • Арганізуйце "дзікую вячэру". Рассцяліце абрус на дыване або накрыйце стол газетамі і прапануйце ежу, якую можна есці проста рукамі — без талерак, сурвэтак, прыбораў. Часам парушаць правілы этыкету вельмі весела!