Кастусь ЛАШКЕВІЧ, / Кастусь ЛАШКЕВІЧ

TUT.BY працягвае знаёміць вас з унікальнай культурнай і духоўнай спадчынай Вільні — колішняга цэнтра беларускага адраджэння, які ўжо сем дзесяцігоддзяў ёсць сталіцай суседняй Літвы. Сёння дапамагаем знайсці беларускія шыльды на шматвяковых сценах горада-музея.

Беларускамоўныя мемарыяльныя дошкі — адзін з нямногіх слядоў, якія сёння нагадваюць пра беларускую прысутнасць у Вільні, дзе яшчэ стагоддзе таму па-наску гаманіла значная частка тутэйшага насельніцтва. Пры гэтым пераважная большасць беларускамоўных шыльдаў з’явілася ў апошнія 20 год высілкамі Таварыства беларускай культуры ў Літве на чале з яго нязменным старшынём Хведарам Нюнькам.

Самая вядомая беларуская памятная дошка ў Вільні прысвечана Францішку Скарыну. Пабачыць яе можна па адрасе Didzioji, 19, на будынку 15-16 ст., які належаў бурмістру Вільні Якубу Бабічу. Шыльда сведчыць аб тым, што ў 1520 годзе беларускі асветнік Францыск Скарына перавёз сюды з Прагі сваю друкарню. Тут і былі надрукаваныя ягоныя "Малая падарожная кніжка" (1522) і "Апостал" (1525).



У сценах зачыненага расійцамі Дамініканскага кляштара па загадзе генерал-губернатара Мураўёва ў 1864 годзе зняволілі лідараў вызвольнага паўстання на чале з Кастусём Каліноўскім, Якубам Гейштарам, Францыскам і Цітам Далеўскімі. Злева ад брамы (Sv.Ignoto, 11) у 1993 годзе была ўсталявана мемарыяльная дошка памяці Каліноўскага.



У верасні 2010-га на будынку па Arklių, 18, які стаіць на месцы былога дома, дзе з 1884 па 1898 гады жыў “айцец беларускай нацыянальнай ідэі” Францішак Багушэвіч, адбылося адкрыццё мемарыяльнай шыльды. Ва ўрачыстай цырымоніі ўпершыню за многія гады ўзялі ўдзел як беларуская грамада Вільні, гэтак і прадстаўнікі афіцыйнага Мінска на чале з міністрам культуры Паўлам Латушкам.



Цэлы мемарыяльны “іканастас” герояў беларускай гісторыі сустракае наведнікаў Базылянскіх муроў — архітэктурнага комплекса, у якім напачатку 20 стагоддзя быў сканцэнтраваны беларускі нацыянальны рух. На ўваходзе ў былую Віленскую беларускую гімназію (Aušros Vartu, 7а), якая дзейнічала з 1919 па 1944 гг. ды стала адным з найбольш удалых нацыянальных праектаў у беларускай гісторыі, прымацаваныя мемарыяльныя шыльды ксяндзу Адаму Станкевічу, выкладчыку літаратуры Максіму Гарэцкаму і вучаніцы, паэтцы Наталлі Арсенневай. Прычым мемарыял Станкевічу, які літоўскія царкоўныя ўлады забаранілі размяшчаць на касцёле Святога Мікалая, дзе ў міжваенны і акупацыйны перыяд служыў легендарны святар, адкрылі ў Базылянскіх мурах на мінулых выхадных.



Дзве мемарыяльныя шыльды пазначаюць былыя адрасы эпахальнай газеты “Наша ніва”. У 1911–1913 гг. рэдакцыя займала дом на рагу вул. Завальнай, 7 і Малой Пагулянкі (сённяшнія Pylimo, 5/K.Kalinausko, 2). Пры рэдакцыі разам з жонкай, літоўскай пісьменніцай Марыяй Іванаўскайце-Ластаўскене, жыў сакратар "Нашай Нівы" Вацлаў Ластоўскі  — аўтар "Кароткай гісторыі Беларусі", дзяржаўны дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі. Аб гэтым сведчыць мемарыяльная дошка.



У 1914 г. рэдакцыя "Нашай Нівы" пераехала ў будынак па Віленскай, 29 (цяпер Vilniaus, 14). Рэдагаваў газету ў гэты час Янка Купала, які жыў пры рэдакцыі, аб чым сведчыць мемарыяльная шыльда злева ад брамы. Уваход у памяшканне рэдакцыі знаходзіўся ў двары, куды візітанты траплялі праз браму.



Далей па вуліцы ў доме № 12 (сёння — Vilniaus, 37) з 1923 па 1926 гг. можна было адшукаць лідара заходнебеларускага руху, аўтара “Беларускай граматыкі для школ” Браніслава Тарашкевіча. На фасадзе будынка прымацаваная мемарыяльная дошка з барэльефам аўтара класічнага правапісу.



13 міжваенных год прабавіў у Вільні збіральнік і прапагандыст беларускага народнага песеннага фальклору Рыгор Шырма. З 1928 па 1939 гг. кіраўнік Таварыства беларускай школы жыў на першым паверсе дома № 13 на былой вуліцы Святой Ганны (Maironio, 13). На сцяне дома, праект якога належыць беларускаму архітэктару Лявону Вітану-Дубейкаўскаму, вісіць мемарыяльная дошка ў гонар патрыярха музычнага мастацтва.

А вось знакаміты беларускі мастак Пятро Сергіевіч правёў у Вільні амаль усё жыццё. Пасля вайны мастак пераехаў на Антокаль, дзе жыў у камяніцы на аднайменнай вуліцы (Antаkalnio, 30). Цягам некалькіх дзесяцігоддзяў ягоная кватэра з майстэрняй на другім паверсе дома № 30 была месцам паломніцтва беларускіх мастакоў, гісторыкаў і літаратараў. На жаль, пасля смерці Сергіевіча ў 1984-м ані беларуская грамада, ані дзяржава не здолелі знайсці грошай, каб ператварыць кватэру-майстэрню у музей. Балазе, у 1996-м на доме ўсё ж усталявалі мемарыяльную дошку ў гонар творцы.

Фота аўтара.

Жадаеце адкрыць для сябе беларускую Вільню? Тады чытайце:

- Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні
- Помнікі беларускім героям на вуліцах Вільні
Пяць музеяў Вільні, якія варта наведаць беларусу 
- Сучасныя адрасы беларускай Вільні
- Шэсць бажніц, якія варта наведаць беларусу ў Вільні
- Пяць беларускіх адраджэнцаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
- Пяць вялікіх літвінаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
- 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу
- Славутыя віленчукі, якія сімпатызавалі беларускаму адраджэнню

Старадаўняя літоўская "Пагоня" на Вострай Браме ў Вільні. Фота К.Лашкевіча
Старадаўняя "Пагоня" на Вострай Браме ў Вільні.

{banner_819}{banner_825}
-10%
-21%
-20%
-10%
-10%
-30%
-20%
-10%
-22%
-10%