Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ, / Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

Адпачываць трэба ўмець. Як бы дзіўна гэта ні гучала, але ўмець адпачываць — гэта цэлае майстэрства. І яму таксама ў пэўным сэнсе трэба вучыцца. Некаторыя людзі не ўмеюць адпачываць. Магчыма, таму, што імі валодаюць стэрэатыпы, што, маўляў, сапраўдны адпачынак — гэта Канары, кактэйлі і месяц лайдацтва. Але адпачынак можа быць якім заўгодна. Бо адпачываюць тады, калі проста змяняюць род дзейнасці. Пачытаць кнігу, паслухаць музыку або нават прыбраць у кватэры — гэта таксама адпачынак. Некаторыя глядзяць на сонца, думаючы пра сваё (памятаеце, як герой "Белых Росаў"!), і гэта таксама выдатны адпачынак. Нават арыгінальны.

Наогул, вядома, гэта ўсё вельмі суб'ектыўна. І тое, што з'яўляецца адпачынкам для аднаго, для іншага будзе выпрабаваннем, цяжкай працай. Тым не менш на дварэ май. Месяц-прадвесце татальных адпачынкаў. Шмат хто ўжо ламае галаву, як жа адпачыць гэтым летам, куды выправіцца, чым заняцца?

Творчыя людзі, напэўна, самыя добрыя выдумшчыкі самых разнастайных спосабаў адпачыць. Іх меркаванне найбольш цікавае па дзвюх прычынах: па-першае, некаторыя з іх мала адпачываюць у прынцыпе, таму тое, што яны прыдумаюць, гэта заўжды прыемная нечаканасць; па-другое, некаторыя з іх, наадварот, адпачываюць шмат і маюць свой абсалютна аўтарскі погляд на тое, як адпачыць найлепш.

У маі, самым перададпачынкавым месяцы, "Звязда" вырашыла крыху дапамагчы сваім чытачам у выбары адпачынку (ці хоць бы падкінуць цікавую інфармацыю для разваг). Сярод апытаных на гэты раз: вядомы тэлевядучы, спявачка, мастак, актрыса і пісьменнік. Хто жартам, хто ўсур'ёз яны прапануюць вам топ-5 сваіх суб'ектыўных спосабаў адпачынку. З улікам сённяшніх няпростых рэалій. А нехта нават дзеліцца сваімі летуценнямі пра тое, які адпачынак няблага было б арганізаваць у Беларусі. Выбіраць вам. 

Юрый Жыгамонт, тэлевядучы, актор:

1. Падарожжы па Беларусі. Добра было б беларусам адпачыць, ездзячы па сваёй краіне. Трэба ведаць, што Беларусь канчаецца не ў Шабанах і не ў Чыжоўцы. І культурныя помнікі ў нас — гэта не толькі Мір, Нясвіж і Навагрудак. У нас іх вельмі шмат. Добра праехацца, паглядзець, пацікавіцца сваёй гісторыяй.

2. Дапамагчы прывесці занядбаныя помнікі ў парадак. Некаторыя помнікі стаяць у вельмі занядбаным стане. Іх разбураюць карэнні дрэў, раслін, разбураюць дажджы і г. д. І раз многім нашым чыноўнікам няма да помнікаў культуры амаль ніякай справы, то мы самі з сябрамі можам узяць намёт, сякеру, косы, прыехаць на бераг возера да якой-небудзь старажытнай каплічкі, палавіць рыбу і прывесці гэтую каплічку ў парадак. І справа будзе добрая зроблена для Беларусі, і мы самі добра адпачнём на прыродзе. Акрамя нас, ніхто там прыбіраць не будзе. Гэта нашая спадчына, дык давайце пра яе клапаціцца. Дарэчы, гэтым летам я таксама збіраюся наладзіць сабе такі адпачынак.

3. Наведаць беларускія святыя месцы. Трэба дбаць і пра духоўнае. У Беларусі шмат святых месцаў. Вельмі шмат манастыроў, цудадзейных крыніц, чарадзейных абрадаў. Трэба верыць у цуды. Можна наладзіць пілігрымку ў святое месца, падумаць пра вечнае, папіць вады з цудадзейнай крыніцы. Ля абразоў святых памаліцца. Пустынкі, Баркалабава, Будслаў... У Беларусі вельмі шмат такіх мясцін.

4. Паглядзець на неба. Паколькі нашы беларусы больш за ўсё адпачываюць на лецішчы, стоячы ў адной позе, то я б ім параіў адпачываць так, грабучыся ў зямлі, але час ад часу паднімаць галаву і глядзець у неба. Можа, прыйдзе добрая думка. Напрыклад, пра тое, што можна адпачыць не толькі на лецішчы.

5. Хачу проста пажадаць, каб кожны беларус займеў магчымасць (і фінансы, і час) хоць на тыдзень выправіцца ў турнэ па Еўропе, паглядзець, як жывуць людзі ў іншых краінах. А не толькі на суседнім гародзе.

Гюнеш Абасава, спявачка:

1. Адпачынак на прыродзе (лес, возера). У Беларусі для такога адпачынку ёсць усе ўмовы. У нас вельмі прыгожыя дагледжаныя лясы, я лічу, што часам вельмі карысна бывае адарвацца ад пыльнага горада і падыхаць свежым паветрам. Калі да мяне прыязджаюць сваякі з Азербайджана, яны з задавальненнем адпачываюць менавіта так, бо ў Азербайджане з-за асаблівасцяў клімату, напрыклад, няма такіх лясоў, як у нас. Заўжды прыемна сабрацца вялікай кампаніяй і выехаць некуды на прыроду, пасмажыць шашлыкі, пасядзець ля вогнішча.

2. Адпачынак на замежных курортах. Гэты від адпачынку даволі папулярны сярод беларусаў, таму што ў нас няма свайго мора, і мы хоць раз на год імкнёмся з'ездзіць у гарачую краіну пагрэцца на сонцы і пакупацца ў моры. Самыя папулярныя краіны, на мой погляд, гэта Турцыя і Егіпет. Зараз вельмі шмат разнастайных тур-прапаноў па прымальным кошце. Нават вельмі часта такі адпачынак ў гатэлі, дзе ўсё ўключана, абыдзецца беларусу танней, чым, напрыклад, у той жа Украіне.

3. Лецішча. Гэты від адпачынку самы распаўсюджаны ў нашай краіне. Большасць людзей любіць адпачываць на лецішчы, вырошчваючы памідорчыкі з гурочкамі. Так чалавек і расслабляецца, і робіць карысную справу, і атрымлівае асалоду ад дачынення да прыроды.

4. Лыжы. Апошнім часам такі від актыўнага адпачынку становіцца вельмі папулярным. Многія катаюцца ў нашай краіне, напрыклад, у Сілічах, але гэта рабіць усё складаней, таму што нашыя гарналыжныя курорты вельмі палюбілі расіяне. Таму, хто не паспеў забраніраваць месца ў нас і ў каго ёсць магчымасць, можа паехаць у Польшчу, Аўстрыю, Францыю.

5. Пасіўны адпачынак у хатняй абстаноўцы. Такі від адпачынку, напэўна, самы даступны ў нашай краіне. Для мяне, напрыклад, ён становіцца часам проста незамяняльным. Няма нічога лепшага, чым пасля гастрольных паездак проста паляжаць на канапе і паглядзець тэлевізар.

Святлана Акружная, народная артыстка Беларусі:

1. Адпачынак на возеры ці рацэ. Неяк я была ў Парыжы, мы гулялі па горадзе, экскурсавод паказаў на рацэ Сене карабельчык, у выглядзе доміка, у якім жыве П'ер Рышар. І я ўвесь час думаю — у нас такія рэкі і азёры прыгожыя, вялізныя, як мора! Калі б можна было зрабіць такія домікі-караблікі для адпачынку ў нас. Надакучыў адзін пейзаж — паплыў да іншага прычалу. Калі хвалі б'юцца аб борт, гэта такі супакаяльны эфект. Проста казка! Не хапае прадуктаў — прычаліў да месца жыхарства, набыў. Вось такое падарожжа. Прычаліў да берага — можна ў лес выйсці на прыроду. Для мяне адпачынак заўжды звязаны з вадой і лесам. Таму і беларусам я раю менавіта гэта. Я не магу без вады, без лесу. Цэлы год у горадзе жывеш, і вельмі цягне на прыроду. Люблю бярозы, люблю вербы, проста сэрца замірае ад нашай беларускай прыгажосці!

2. Дом адпачынку на вадзе. Неяк я была ў Венецыі і бачыла там такі выдатны дом адпачынку, які стаяў проста на вадзе, на сваях. Магчыма, у нас клімат не зусім падыходзіць для такога. Але калі б у нас пабудаваць нешта падобнае для людзей, як у Венецыі, гэта было б здорава! І таксама гэта незвычайна. І таксама цішыня і плёск вады, і таксама выйшаў на бераг, і можна рабіць шашлыкі і быць удзельнікам гатавання ежы. У гэтым ёсць не толькі адпачынак, але яшчэ "імпрэшан" — уражанні. Пахі ежы на прыродзе, пахі лесу, вады. Можна наладзіць рыбную вячэру з юшкай, шашлыкамі. Арганізаваць лодачныя спаборніцтвы. Вось Браслаўскія азёры — яны ж такія вялізныя, і Нарач! Іх можна так цікава выкарыстаць.

3. Адпачынак на аграсядзібе. Адпачынак у вясковым дамку, калі цябе акаляюць падсобная гаспадарка, вялікі сад, возера, вельмі папулярныя ў Еўропе. У нас такі турызм, такі спосаб адпачываць толькі пачынае развівацца. Гэта так выдатна, паехаць у вясковы дамок усёй сям'ёй, паесці яечню са свойскіх яек, паўдзельнічаць у нейкай фізічнай вясковай працы. Там можна і на кані пакатацца, і ў возеры паплаваць, навучыцца нешта гатаваць у печы і г. д. Госці сябруюць з гаспадарамі такой сядзібы, дапамагаюць ім і адначасова адпачываюць, далучаюцца да прыроды. Такі адпачынак вельмі падыходзіць нашай рэспубліцы, таму што ў нас выдатная прырода, безліч азёраў і рэк, але мы так мала іх выкарыстоўваем!

4. Калектыўны адпачынак у аўтэнтычным гарадку. Ведаю, што ў нас ужо ёсць такія гарадкі, дзе некалькі так званых аграсядзіб сабраныя разам. Туды могуць паехаць некалькі сем'яў, напрыклад. Але там абавязкова павінна быць сапраўдная беларуская лазенка, з травамі і бярозавым венічкам. Не саўна сучасная, а менавіта лазня. Гэта клас, гэта выдатны спосаб расслабіцца для гарадскога чалавека. І выдатная камунікацыя з добрымі людзьмі.

5. Звычайны адпачынак у санаторыі. Гэта добры варыянт хуткага і лёгкага адпачынку, калі не хочацца самому нічога прыдумляць. Гэта і аздараўленне, і захапляльная праграма. Калі дрэннае надвор'е, адпачываеш у памяшканні. Але нават звычайны санаторый — гэта ўсё адно сувязь з прыродай. У вольны час чалавек ідзе на шпацыр у лес. Абавязкова трэба ехаць у такі санаторый, дзе прырода вакол не закінутая. І заўжды трэба памятаць, што мы павінны любіць прыроду, не засмечваць. Сёння чалавек павінен быць датычны да прыроды, як ніколі. Таму ўсе мае прапановы адпачынкаў звязаныя з гэтым. Мы павінны падтрымліваць у сабе культуру стаўлення да прыроды. Каб у нас была і культура збору ягад, траў, грыбоў. Я неаднакроць бачыла, як рвуць зёлкі без нажніц, з каранямі. Гэта недаравальна.

Андрэй Федарэнка, пісьменнік:

Пачнём з таго, што кожны адпачывае ў меру сваіх матэрыяльных магчымасцяў і асабістых прыхамасцяў — напрыклад, адзін любіць кампанію, другі — адзіноту і г.д. Потым, не ўсе абавязкова адпачываюць улетку (як у тым анекдоце: "Любіш потных жанчын і цёплую гарэлку?" — "Не". — "Тады пойдзеш у адпачынак зімой"). Возьмем сярэдняга беларуса, з сярэднім матэрыяльным дабрабытам, гарадскога рамантыка, схільнага да адзіноты. Такому можна параіць (вельмі ўмоўна, бо ён і без парадаў разбярэцца):

1. Шаблонная рыбалка. Кінуць у машыну намёт, гумавую лодку, спінінгі, вуды... "Забурыцца" на пару тыдняў на Бярэзіну ці на Прыпяць... Цуд!

2. Шаблонныя грыбы. Тут нікога не трэба вучыць, варта толькі пайсці ў адпачынак увосень.

3. Адпачынак у вёсцы ці на лецішчы. Самае лепшае, бо аб'ядноўвае і грыбы, і рыбалку, і прыемную фізічную працу.

4. Адпачынак на курортах. На любых курортах свету, але пры адной умове: ніякіх экскурсій, паходаў, п'янак-гулянак, ніякіх сяброў і нават без сям'і. Толькі ты, мора і сонца...

5. Светлай памяці Анатоль Сыс упарта сцвярджаў, што беларусы — нацыя пісьменнікаў. Калі так, дык, у прынцыпе, няма вялікай розніцы, дзе і як адпачываць, абы ты вярнуўся назад на працу з вершам, апавяданнем, пачаткам рамана ці паэмы... гэты апошні пункт бачыцца асабіста мне самым лепшым.

Андрусь Такінданг, мастак, музыка:

1. Наведаць царкву ці касцёл. Тыдзень завяршае (ці пачынае) нядзеля, дзень, адмыслова прадугледжаны для адпачынку. Мусім наведаць касцёл, царкву, каб у святыні суцішыцца ад тутэйшага клопату, мітусні. Каб праславіць Бога і адпачыць.

2. Вандроўкі па гістарычна значных мясцінах. Добра вандраваць па цікавых мясцінах нашай Бацькаўшчыны, знаёміцца з помнікамі архітэктуры, людзьмі, краявідамі. Такія падарожжы набліжаюць да нас Радзіму.

3. З'ездзіць у бацькоўскі дом ці дзедаву вёску. Сабрацца вялікай сям'ёй у родавым доме, пагутарыць, узгадаць. Кроўныя сувязі падтрымліваюць нас, не варта імі грэбаваць.

4. Схадзіць на музычны канцэрт, выставу, у кіно... Каму што даспадобы. Мастацтва весяліць душу і бадзёрыць розум.

5. Наведаць хворага, дапамагчы тым, хто ў бядзе, папрацаваць у якасці валанцёра для добрай справы. Калі патраціць вольны час на любоў да бліжняга, можна здабыць шчасце.
 

{banner_819}{banner_825}
-30%
-10%
-20%
-15%
-10%
-10%
-10%
-35%