Алена АЎЧЫННІКАВА, / Алена АЎЧЫННІКАВА

Чакаецца, што летні турыстычны сезон-2011 будзе нядрэнным, заявіў на прэс-канферэнцыі дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін. Падзеі ў Егіпце выключылі са спісаў адну з любімых беларусамі ў міжсезонне краін, услед за гэтым падзеі на валютным рынку паставілі на мяжу выжывання турыстычныя фірмы і пад пагрозу адпачынак за мяжой для многіх суайчыннікаў. Нягледзячы на гэта, у міністэрстве спадзяюцца на выкананне прагнозных паказчыкаў.

Турысцкае прыбыццё ў нашу краіну на канец 2010 года склала 3,9 мільёна чалавек. На канец 2011 года плануецца дасягнуць лічбы ў 4,5 мільёна, г.зн. дасягнуць росту на 12 адсоткаў, паведаміў Вадзім Кармазін.

— Экспарт турпаслуг з'яўляецца сёлета ў нас прыярытэтным паказчыкам. Да 2015 года трэба дасягнуць павелічэння ў 4,5 раза. Сёлета рост павінен скласці 20 адсоткаў. Да канца года нам трэба зарабіць 175 мільёнаў долараў.

Калі меркаваць па лічбах у першым квартале, то крызісныя з'явы, якія былі ў 2009 годзе, з турыстычнай галіны сыходзяць, паведаміў Вадзім Кармазін. У першым квартале Беларусь наведала 850 тысяч турыстаў (на 70 тысяч больш, чым летась), выезд склаў 1 мільён 402 тысячы (рост — 120 адсоткаў). Экспарт турпаслуг за тры месяцы прынёс у казну 130 мільёнаў долараў (тэмп росту 140 адсоткаў).

Інфармацыю аб тым, што адпачынак у беларускіх санаторыях падаражэў і нашы бліжэйшыя суседзі адмаўляюцца да нас ехаць з-за неадэкватнага спалучэння цаны і якасці, міністэрства спорту не пацвярджае:

— Наадварот, тыя ж расіяне з задавальненнем да нас едуць. У нас адпачынак у санаторыях каштуе крыху ніжэй. І яны з разуменнем ставяцца да нашых павышальных каэфіцыентаў, — расказала генеральны дырэктар турыстычнага прадпрыемства "Мінсктурыст" Марына Масташова.

— 90 адсоткаў месцаў у нашых санаторыях было прададзена ў сакавіку. І ў нас няма інфармацыі, што хтосьці адмовіўся ад пуцёвак, — пацвердзіў Вадзім Кармазін.

Марына Масташова паведаміла, што апошнім часам у многіх беларускіх санаторыях пуцёўкі выкупляюцца загадзя, прычым пераважна замежнымі грамадзянамі. І гэты перакос выпраўляецца: у прыватнасці, санаторыі "Белпрафсаюзкурорта" пэўную частку пуцёвак рэалізуюць толькі беларусам.

Як жа адчуваюць сябе турфірмы, якія сёлета адчулі "двайны ўдар": спачатку забарона на паездкі ў Егіпет — самую запатрабаваную ў міжсезонне краіну, а цяпер і валютныя праблемы, якія закранулі іх так ці іначай?

— Турыстычны бізнэс — неад'емная частка эканомікі, і тыя праблемы, якія адчувае ўся эканоміка, адбіваюцца і на ім. У прыватнасці, гэта хістанні валютнага курса, — заўважыў дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмейсцер. — Я размаўляў са шматлікімі турыстычнымі кампаніямі, каб высветліць, як яны сябе адчуваюць. У лепшай сітуацыі тыя, хто мае ліцэнзію на працу з валютай, яны больш-менш працуюць. Хоць і там спад адчуваецца. Іншыя задаюць пытанне: дзе ў гэтым сезоне можна адпачыць за беларускія рублі і якія ў нас у гэтым сэнсе адносіны з найбліжэйшай суседкай — Украінай? Будзем спадзявацца, што гэта з'ява часовая, тым больш што ў СМІ з'яўляецца інфармацыя аб адпусканні на волю курса, у інтэрнэце шмат заяў аб лібералізацыі эканомікі. Хутчэй за ўсё, штосьці будзе зроблена і ў бліжэйшы час адбудзецца нейкая стабілізацыя.

— Мы падтрымліваем тыя турфірмы, якія займаюцца ўязным турызмам. І ў бліжэйшы час правядзём рэвізію, ці працуе адпаведны ўказ, які дае льготы на ўязны турызм. Што тычыцца выязнога турызму, то мне цяжка сказаць, ці трэба дзяржаве яго падтрымліваць, — пракаментаваў сітуацыю Вадзім Кармазін.

Курс долара, які на сёння ўстаноўлены ў большасці турфірмаў — 5500 рублёў. Беларусы па-ранейшаму выбіраюць Турцыю, Балгарыю і Грэцыю ў якасці краін для летняга адпачынку. У Егіпет ехаць не рэкамендуецца, аднак калі хтосьці настойвае, яму прадаюць тур. Многія турфірмы выйшлі ў плюс у першым квартале дзякуючы ранняму браніраванню. Але ў канцы красавіка яно завяршаецца:

— Нарэшце мы прывучылі беларусаў да ранняга браніравання. Апошнія гады ў студзені нашы замежныя калегі пыталіся, як продажы, і адказ быў: ніяк. Сёлета ўпершыню ў студзені мы выдатна прадавалі пуцёўкі: продажы павялічыліся на 50 адсоткаў, — расказаў прадстаўнік турфірмы "Аэрабелсэрвіс". — Ранняе браніраванне, якое ажыццяўлялася ў студзені-лютым, мы аплацілі, праблем з гэтым няма. Цяпер жа мы рэкамендуем кліентам разлічвацца валютай. Для тых, хто яе не мае, курс 5500.

{banner_819}{banner_825}
-35%
-40%
-10%
-20%
-15%
-10%
-20%