Кастусь ЛАШКЕВІЧ, / Кастусь ЛАШКЕВІЧ

TUT.BY працягвае знаёміць наведнікаў партала з унікальнай культурнай і духоўнай спадчынай Вільні - колішняга цэнтра беларускага адраджэння, які ўжо сем дзесяцігоддзяў ёсць сталіцай суседняй Літвы. Сёння шпацыруем па вузкіх вуліцах места ў пошуках велічных палацаў, звязаных з беларускай гісторыяй.

Палац Тызенгаўза (Vokieciu gatvė, 28)

Першыя згадкі пра гатычную камяніцу сягаюць 1579 года. У другой палове XVIII стагоддзя уладальнік маёнтка - магнат і асветнік Антоні Тызенгаўз. Мяркуецца, што аўтарам праекта мог быць галоўны архітэктар Вялікага Княства Джузэпе дэ Сака, помнік якому цяпер стаіць у Гродне. Пасля банкруцтва Тызенгаўза, які кіраваў каралеўскімі эканоміямі на тэрыторыі Беларусі і Літвы, і ягонай смерці (1785) палац перайшоў да генеральшы фон Фітынгоф. Захаванае да сёння аблічча з манументальнымі класічнымі фасадамі і сіметрычнай кампазіцыяй будынак набыў у рэканструкцыю 1790 года.

Падчас пажару ў 1944-м ад палаца захаваліся адны сцены. У 1945 узноўлены, а ў 1957 - рэканструяваны і рэстаўраваны.


Палац Бжастоўскіх (Dominikonų, 18 /Universiteto, 2)

Фото: Alma Pater
Фота: Alma Pater

Напрыканцы 16 стагоддзя Цыпрыян Бжастоўскі, дыпламат ВКЛ у часе крывапралітнай вайны Рэчы Паспалітай з Масквой (1654-67), набыў і ўзнавіў двухпавярховы палац на скрыжаванні віленскіх вуліц Ўніверсітэцкай і Дамініканскай. 3 1760-га тут уладарыў ягоны нашчадак - пісар і рэферэндар Вялікага княства Павел Бжастоўскі. Сваё цяперашняе аблічча былы палац Бжастоўскіх набыў пасля перабудовы 1769 года паводле праекта, аўтарам якога быў славуты віленскі архітэктар Марцін Кнафкус.

Павел Бжастоўскі ж назаўжды ўпісаў імя ў летапіс гісторыі пасля таго, як стварыў у сваім маёнтку на рэчцы Мерачанцы каля Вільні, да якога належала мястэчка Паўлава і 14 вёсак, аўтаномную сялянскую рэспубліку - Паўлаўскую Рэч Паспалітую (1789). Ён дараваў сялянам асабістую свабоду, перадаўшы ўладу сялянскаму сойму і ўраду з самастойным судом, грашыма і банкам, гвардыяй, школай, шпіталем і аптэкай. З падзелам Рэчы Паспалітай і прыходам расійскай улады Паўлаўская Рэч Паспалітая была зруйнаваная, а яе стваральнік з’ехаў на эміграцыю (1798).

Ад 1802 года двухпавярховым домам валодаў кампазітар, аўтар неўміручага паланеза “Развітанне з радзімай” Міхал Клеафас Агінскі, пасля яго смерці - мецэнат Ірыніўш Клеафас Агінскі.


Палац Радзівілаў (Vilniaus, 22)



Пабудаваны напрыканцы 17 стагоддзя на загад віленскага ваяводы Януша Радзівіла і па праекце славутага архітэктара Яна Ульрыха 3-павярховы палац быў адным з найпрыгажэйшых будынкаў гораду. Пацярпелы ад войнаў і пажараў, да пачатку 20 стагоддзя будынак быў практычна разбураны. Пасля Першай сусветнай вайны ацалела толькі паўночнае крыло маёнтка. У 19 стагоддзі Радзівілы перадалі палац Віленскаму філантрапічнаму таварыству, які валодаў ім да 1940 года. Рэканструкцыя адзінага ў Вільні палаца ў стылі Рэнесанс распачалася ў 1967 годзе і не скончана дагэтуль.

Філіял Літоўскага мастацкага музея месціцца тут з 1990 года. Ягоную аснову складаюць творы ўсіх асноўных школ еўрапейскага мастацтва ад 16 стагоддзя да нашых часоў (арыгіналы Розы, Хобемы і ван Рейсдаля, гравюры Дзюрэра, Рэмбранта, Гоі), а таксама некаторых легендарных расійскіх жывапісцаў (Рэпіна, Левітана, Рэрыха)... Прычым многія экспанаты трапілі ў музей пасля таго, як савецкая ўлада сканфіскавала іх у заможных віленчукоў і храмаў.

Аднак самае цікавае з беларускага гледзішча - экспазіцыя, прысвечаная былым уладальнікам палаца - Радзівілам. Гэта 165 партрэтаў прадстаўнікоў славутага ліцвінскага роду, выгравіраваных габрэйскім майстрам-самавукам Гіршам Лейбовічам (1700-70) на замову мецэната Міхала Казіміра Радзівіла “Рыбанькі”.

На жаль, аўтэнтычныя ўнутраныя інтэр’еры палаца былі страчаны. Прасторныя залы ўтрымліваюць дух сацрэалізму і не выклікаюць цікавасці.

Час працы: Аў-Сб: 11-18, Нд: 12-17.
Кошт: Дарослыя - 6 Lt, школьнікі, студэнты – 3 Lt, дзеці да 7-мі, інваліды - бясплатна
WWW muziejai.lt/Vilnius/Radvilu_rumai.en.htm


Палац Хадкевічаў (Didžioji, 4)



Паводле адной інфармацыі, палац Хадкевічаў - слыннага шляхецкага роду ВКЛ - існуе яшчэ з 16 стагоддзя. Іншыя крыніцы сцвярджаюць, што велічная пабудова ў стылі рэнесанснай архітэктуры паўстала пасля 1619 года - з ініцыятывы аднаго з самых таленавітых вялікалітоўскіх палкаводцаў Яна Караля Хадкевіча.

Напрыканцы 18 стагоддзя палац прыйшоў у занядбанне і быў выкуплены Віленскім універсітэтам (1803). Класічныя формы, якія і дайшлі да нашых дзён, будынак набыў пасля перабудовы ў 1834 годзе.

З 1994 года ў былым палацы Хадкевічаў месціцца Віленская карцінная галерэя - філіял Мастацкага музея Літвы.

Тут сабрана аграмадная калекцыя мастацтва з больш як 2500 карцін 16-20 стагоддзяў - спадчына творцаў Вялікага княства Літоўскага і іх наступнікаў: стваральніка Віленскай мастацкай школы Яна Рустэма і яе першага прафесара Францішка Смуглевіча, класікаў беларускага мастацтва Альфрэда Ромера, Вінцэнта Дмхоўскага, Фердынанда Рушчыца… Апроч шматлікіх пейзажаў і партрэтаў дзеячаў ВКЛ у музеі можна ўбачыць рэлігійныя творы і абразы з бажніцаў.

Класічныя інтэр’еры палацавых залаў максімальна набліжаныя да памяшканняў шляхецкіх маёнткаў 19 стагоддзя.

Час працы: Аўт–Сб: 11.00-18.00, Нд: 12.00-17.00.
Кошт: дарослыя – 6 Lt, школьнікі, студэнты – 3 Lt, дзеці да 7-мі, інваліды – бясплатна .
WWW
ldm.lt


Палац Радзівілаў-Сапегаў-Пацаў (Šv. Jono, 3)

Упершыню палац згадваецца ў 16 стагоддзі, калі належаў Радзівілам. Да 1628 года ягоным уладальнікам быў сын вядомага канцлера ВКЛ Льва Сапегі Казімір, потым - сямейства Пацаў (у тым ліку сакратар Жыгімонта Вазы Стэфан Хрыстафор Пац, вялікі гетман Літоўскі ХрыстафоруСігізмунд Пац і інш.).

Пасля пажару (1748) прыйшоў у занядбанне, пакуль яго не адрамантаваў канцлер ВКЛ Аляксандр Міхал Сапега.

Задушыўшы паўстанне 1831 года, расійскія ўлады канфіскавалі палац ужо ў генерала Францыска Сапегі. Надалей тут месціліся губернскія адміністратыўныя ўстановы і кватэры чыноў, а ў другой палове 19 стагоддзя - друкарня, у якой выходзілі газеты "Виленские губернские ведомости" і "Виленский вестник". Рэдактарам і выдаўцом апошняй з 1860 па 1865 год быў літвінскі гісторык і этнограф, прыхільнік паўстання Каліноўскага Адам Кіркор. Пры ім з газетай супрацоўнічалі асобы, якія закладалі падмурак беларускай гістарычнай школы: Ўладзіслаў Сыракомля, Тэадор Нарбут, Канстанцін і Яўстах Тышкевічы, Юзэф Крашэўскі.

Ужо ў 20 стагоддзі двухпавярховы будынак у стылі спелага барока двойчы рэстаўраваўся. Сёння ў ім месціцца амбасада Польшчы ў Літве.


Палац Сапегаў (Sapiegos, 3)

Фота: Kontis Šatūnas
Фота: Kontis Šatūnas

Гэты помнік у колішнім віленскім прадмесці Антокаль на левым беразе Вяллі звязаны з імёнамі прадстаўнікоў слыннага роду Сапегаў. На скрыжаванні 16-17 стагоддзяў тут стаяў драўляны маёнтак Льва Сапегі - выбітнага палітычнага дзеяча, які склаў Літоўскі трыбунал (1581) і Статут ВКЛ (1588), напісаны старабеларускай мовай. Тут ён і памёр у 1633 годзе.

Другі “фігурант” аб’екта - вялікі гетман літоўскі (1707-08) Ян Казімір Сапега. Той самы, што паспеў паваяваць і на баку шведскага манарха Карла XII, і караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II, ды даслужыўся да тытула генерал-фельдмаршала расійскай службы пры двары імператрыцы Кацярыны I.

У 1691-97 гадах на месцы былога драўлянага маёнтка Льва Сапегі быў пабудаваны велічны помнік барока з паркам, кветнікамі і стаўкамі. Унутраныя інтэр’еры палаца стваралі найлепшыя віленскія майстры таго часу - італьянцы П’етра Перці і Мікеланджэла Палоні. Пасля распаду Рэчы Паспалітай Сапегі прадалі палац расійскім уладам (1809), дзе тыя ўладкавалі вайсковы шпіталь (1843). Большую частку багатага ўнутранага ўбрання знішчылі яшчэ ў 19 стагоддзі. Звонку палац быў адноўлены толькі ў 1927-1928 гадах. Да пачатку Другой сусветнай тут месціўся Інстытут афтальмалогіі Віленскага ўніверсітэта, а пасля вайны - вайсковы шпіталь, які давёў будыніну да ручкі. Сёння ў палацы, які вымагае рэстаўрацыі, базуецца шпіталь імя Сапегі.

Ад колішняга парку 17 стагоддзя  з кветнікамі, саджалкамі і алеямі засталіся руіны. Дзве ўваходныя брамы, праўда, нядаўна рэканструявалі.


Палац Завішаў (Dominikonų, 13)



Да 1747 года двухпавярховы палац у стылі класіцызму з сутарэннямі эпохі Рэнесансу належаў прадстаўнікам славутага шляхецкага роду Завішаў. Пасля пажару 1748 года яго уладальнікамі былі япіскап Міхал Зянковіч і Мілеры. У 1806-50 тут працавала пошта. Падчас рэканструкцыі ў другой палове 19 стагоддзя будынак вырас на паверх. За саветамі ў былым палацы месціўся камбінат тэлефонных сетак, інтэрнат, кватэры. Сёння - пяцізоркавы гатэль, у якім падчас візіту ў Вільню ў 2009-м спыняўся прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


Беларускі банк (Vilniaus, 41)
 

Дом на Віленскай вядомы з 17 стагоддзя як галоўная віленская рэзідэнцыя роду Радзівілаў. На прыканцы 18 - першай палове 19 стагоддзя барочна-рэнесансны палац таксама выконваў ролю тэатру.

Ужо ў 20 стагоддзi тут месцілася сціжма беларускіх установаў і арганізацыяў: Беларускі кааператыўны банк, якім кіраваў праваслаўны святар Аляксандр Коўш, Студэнцкі саюз, Беларускае кааператыўнае таварыства "Пчала", рэдакцыі дзіцячага часопіса "Заранка" і сельскагаспадарчага "Саха". У другой палове 1920-х тут жыў ідэолаг беларускага адраджэння Антон Луцкевіч.

Ад 1932 года і да самай вайны банк, "Пчала" і іншыя беларускія арганізацыі знаходзіліся на вуліцы Каралеўскай (цяпер Barboros Radvilaites, 3) у будынку, дзе жыў і памёр Уладзіслаў Сыракомля.

Сёння ў сценах былой віленскай рэзідэнцыі Радзівілаў працуе Літоўскі музей тэатру і кіно.

Час працы: Аў-Пт: 12-18; Сб: 11-16.
Кошт: Дарослыя – 5 Lt, школьнікі, студэнты, пенсіянеры – 3 Lt, дзеці да 7-мі, інваліды - бясплатна. Экскурсія - 40 Lt.

WWW ltmkm.lt


Палац Паца (Didžioji, 7)

Фота: Alma Pater
Фота: Alma Pater

У другой палове 17 стагоддзя вялікі гетман літоўскі, ваявода віленскі Міхал Казімір Пац закамандваў пабудаваць на месцы двух дамоў 16 стагоддзя па Вялікай вуліцы трохпавярховы палац. Прыпускаюць, што распрацоўка праекта і яго ўрэчаісніванне належыць варшаўскаму архітэктару Яну Заору, які разам з інтэрнацыянальнай камандай майстроў узводзілі фундаваны Пацам касцёл Святых Пятра і Паўла.

У гэтым будынку спыняўся кароль Ян Сабескі (1688), а ў 1812 годзе ладзіліся банкеты ў гонар спачатку расійскага імператара Аляксандра І, а потым і Напалеона Банапарта. У 1822 годзе тут збіраліся філарэты - патаемнае патрыятычнае аб’яднанне віленскіх студэнтаў. Перабудаваны палац у 1839-41 гадах, пасля чаго ў ім атайбаваўся штаб Віленскай вайсковай акругі. Фасад дагэтуль захаваў рысы класіцызму.


Палац Абрамовічаў (Didžioji, 36)

Палац у стылі ранняга класіцызму паўстаў з чатырох пабудоваў, якія ў 1790 годзе перайшлі да прадстаўнікоў шляхецкага роду ВКЛ Абрамовічаў. Размешчаны побач касцёл у 1844 годзе стаўся праваслаўным кафедральным саборам Святога Мікалая, а палац Абрамовічаў перайшоў да праваслаўнага архірэя. У 1914 годзе тут жыў архіяпіскап Віленскі і Літоўскі Ціхан (Белавін), будучы патрыярх Маскоўскі і усёй Расіі, які востра крытыкаваў савецкую ўладу.

Цяпер будынак займаюць Віленская кансерваторыя і факультэт мастацтваў Віленскай калегіі.



Жадаеце адкрыць для сябе беларускую Вільню? Тады чытайце:

- Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні
- Помнікі беларускім героям на вуліцах Вільні
Пяць музеяў Вільні, якія варта наведаць беларусу 
- Сучасныя адрасы беларускай Вільні
- Шэсць бажніц, якія варта наведаць беларусу ў Вільні
- Пяць беларускіх адраджэнцаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні
- Пяць вялікіх літвінаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні

Старадаўняя літоўская "Пагоня" на Вострай Браме ў Вільні. Фота К.Лашкевіча
Старадаўняя "Пагоня" на Вострай Браме ў Вільні.

{banner_819}{banner_825}
-20%
-35%
-35%
-85%
-30%
-10%
-30%