Отдых


Сяргей Грыб. Фота аўтара.,

Бурштын, замкі, рыжскі бальзам і балтыйскія дзюны — "візітовак" у гэтай краіны шмат, прычым традыцыйна ўсе яны з'яўляюцца добрай "прынадай" для турыстаў. Праўда, з'ездзіць за мяжу ў любым выпадку не так і проста, таму тут можна пашукаць "айчынную" альтэрнатыву. Зразумела, што свайго мора ў нас няма. А вось магчымасць трапіць у сапраўдную латышскую вёску існуе ці не ў кожнага беларуса. 

Печкі, гарсэты і піва

Варта адразу ж заўважыць, што дабрацца сюды будзе задачай не з лёгкіх. Аптымальны варыянт — накіравацца з Быхава ў напрамку вёскі Вараніно, а ад яе яшчэ далей на ўсход да вёскі Кузькавічы. За Кузькавічамі ж застаецца толькі ўважліва сачыць за дарожнымі ўказальнікамі і ў патрэбны момант збочыць налева. Увесь шлях ад райцэнтра — больш за два дзясяткі кіламетраў.

Перш-наперш у Латкалоніі мімаволі заўважаеш: над некаторымі хатамі лунаюць кавалкі чырвонага палатна. Прычым здагадка аказваецца памылковай. Гэта не сцягі, а мясцовыя абярэгі — ад пажараў, драпежных птушак і жывёл з навакольнага лесу. Затое другая версія спраўджваецца на ўсе сто працэнтаў — Латкалонію насамрэч заснавалі латышы.

"Сакрэт" іх з'яўлення ў гэтых краях даволі просты. У свой час тутэйшая графіня Талстая вырашыла збудаваць кіламетраў за пяць адсюль, у маёнтку Грудзінаўка, палац і запрасіла для яго ўзвядзення сялян-майстроў з Латвіі. Работнікі спадабаліся настолькі, што графіня прапанавала латышам застацца. Яны выкарчавалі кавалкі непраходнага лесу, паставілі дамы, папрывозілі сем'і. І сталі жыць на хутарах. Прычым аб гэтым не пашкадаваў ніхто.

— Ніякіх непаразуменняў не было, латышы і беларусы жылі мірна, часцяком ствараліся "змяшаныя" сем'і, — распавядае жыхарка Латкалоніі Зінаіда Мартынаўна Цітова. — Прычым латышы навучылі тутэйшых вяскоўцаў шмат чаму, напрыклад, ставіць печкі ці засцілаць падлогу дошкамі — кажуць, што дагэтуль хаты тут палілі толькі "па-чорнаму", а падлогу рабілі з гліны. І ўвогуле, латышы былі людзьмі культурнымі. Працавалі яны, як і ўсе, на зямлі, але ж іх жанчыны хадзілі на шпільках, а дзеўкі — у гарсэтах.

А яшчэ дзякуючы латышам сюды прыйшла традыцыя... варыць піва. "Тэхналогія вытворчасці" захавалася і па сёння. Адборны ячмень трэба добра прарасціць, высушыць, змалоць на буйных жорнах, пакласці на салому ў бочку з адтулінай, заліць кіпенем і даць адстаяцца ноч. Потым сцадзіць праз адмысловую адтулінку, разліць па бочачках, дадаць крыху дражджэй і цукру, а пасля закаркаваць бачонкі і перанесці іх у халоднае месца.

Зразумела, што гэта — не знакаміты рыжскі бальзам. Але сцвярджаюць, што "піва на саломе" атрымлівалася даволі моцным. І да таго ж надзіва смачным — "у краме такога не купіш".

З хутароў — на Балтыку

І цяпер кожнага выхадца з Латкалоніі ў наваколлі называюць менавіта "латыш" ці "латышка". Праўда, сустрэць "чыстага" прадстаўніка балтыйскага народа тут ужо немагчыма. Зінаіду Цітову можна лічыць выключэннем, і тое з пэўнай агаворкай. Яе маці сапраўды была латышкай, а бацька па пашпарце — беларус.

— Ці не ўсе латышы шмат працавалі, жылі збольшага на хутарах і да таго ж жылі даволі багата — вырошчвалі бульбу, жыта і ячмень, трымалі шмат кароў і коней, — узгадвае Зінаіда Цітова. — Можа, якраз таму шмат хто і трапіў пад хвалю раскулачвання. Я была зусім малая, калі ў 1937 годзе забралі майго бацьку і многіх іншых. А праз год пачалі ліквідоўваць хутары — людзей перасялялі ў Латкалонію.

Да вайны тут быў свой "нацыянальны" калгас, працавала латышская школа. І ўсё ж драматычныя падзеі аказаліся вырашальнымі. Пасля далучэння Латвіі да Савецкага Саюза і знікнення межаў моладзь пацягнулася на гістарычную радзіму, але найбольш актыўна міграцыя пайшла ў вайну. Пасля яе заканчэння вярнуліся адзінкі.

— Мы таксама падаліся ў Латвію, працавалі там у гаспадыні: маці даіла кароў, бабуля прала, я драла бульбу цялятам, карміла курэй і збірала яйкі, — распавядае Зінаіда Цітова. — Да нас ставіліся нібыта някепска, кармілі добра, адно што забаранялі заходзіць у сад: там расло шмат парэчак, але ніводнай ягады з'есці не давялося. Так мінула некалькі гадоў, а потым з'явіліся савецкія войскі ці, як казалі, "прыйшлі рускія". І гаспадыня адразу ж паведаміла: вы мне ўжо не патрэбныя, рабіце, што хочаце. Вось мы і паехалі назад.

Моладзь выбірае гарады

Дзе лес — там партызаны. Гэтае назіранне вядомае, як не сакрэт і іншае: наваколле звычайна станавілася аб'ектам пільнай увагі немцаў. Ці не ўсю вайну жыхары Латкалоніі былі вымушаныя хавацца "па лясах і балотах". У тым быў сэнс: бліжэйшую вёску Красніца напаткаў лёс Хатыні.

— Латкалонію не спалілі, але ўсё роўна ў вайне было цяжка, — адзначае Зінаіда Цітова. — Зямлю аралі на сабе, на працадні амаль нічога не давалі, калі-нікалі елі толькі лебяду, а тут яшчэ і сплаці падаткі: ні каровы, ні свіней не было — а масла і сала здавай. Дзякуй лесу — часта ратавалі грыбы-ягады.

Лягчэй стала недзе з сярэдзіны 1950-х. Мясцовы калгас пераўтварылі ў саўгас, а, дакладней, у племзавод. За працу сталі плаціць "жывыя" грошы, у вёсцы пачалося будаўніцтва.

— У нас працавалі і свая, ужо беларуская, школа, і крама, і клуб з бібліятэкай, ды і сама вёска была вялікай, некалі ў ёй налічвалася больш за сто двароў, — зазначае Зінаіда Цітова. — Але моладзь усё ж вабілі гарады. А тут яшчэ і грымнуў Чарнобыль — першым часам Латкалонія нават трапіла ў зону з правам на адсяленне.

З надзеяй на Грудзінаўскі палац

Цяпер Латкалонія ўжо зусім маленькая, жыве тут усяго з два дзясяткі чалавек, амаль усе — пенсіянеры. З інфраструктуры можна ўзгадаць хіба што дом сацыяльных паслуг, куды рэгулярна наведваюцца медыкі, бібліятэкары і сацыяльныя работнікі "з раёна", аўтакраму і рэйсавы аўтобус. А да адметнасцяў варта аднесці той жа лес — балазе, з часам узровень радыяцыі стаў меншым.

— Ці не ва ўсіх мясцовых жыхароў у гарадах ёсць дзеці, дзеці завуць да сябе, але яны на пераезд не згаджаюцца, — заўважае старшыня Следзюкоўскага сельсавета Жанна Кірылава. — Пры гэтым яны па-ранейшаму саджаюць бульбу і агароды, трымаюць свіней і кароў, а сёй-той — нават коней. Вёска жыве, і тут даводзіцца вырашаць самыя звычайныя "жыццёвыя" пытанні — скажам, з вулічным асвятленнем ці вадой. І, дарэчы, не трэба асабліва звяртаць увагу на ўзрост вяскоўцаў. Яны — людзі цікаўныя і да таго ж, як той казаў, "прасунутыя". Амаль усе карыстаюцца мабільнай сувяззю, а як прыязджаюць з раённай бібліятэкі, то высвятляецца, што даволі папулярная рэч у Латкалоніі — модныя глянцавыя часопісы.

Мясціны тут і насамрэч прыгожыя. Не хапае ж вёсцы толькі аднаго — уласнай рэчкі ці возера. Гэтая акалічнасць, а таксама аддаленасць ад горада ў рэшце рэшт і з'яўляюцца асноўнымі тлумачэннямі таго, што Латкалонія амаль не цікавіць "дачнікаў". Пустыя дамы ёсць. А вось попыту на іх — няма.

Аднак гэта сёння. Заўтра малюнак можа змяніцца.

— Справа ў тым, што ў Грудзінаўцы захаваўся графскі палац, і сёлета павінна пачацца яго рэстаўрацыя, — кажа Жанна Кірылава. — І гэта — ужо перспектыва. Многія спадзяюцца, што на Латкалонію звернуць увагу гараджане. Ды і саму незвычайную гісторыю вёскі можна смела лічыць "турыстычным брэндам" — прынамсі, мы спадзяёмся, што знойдзецца чалавек, які вырашыць ім скарыстацца і збудаваць тут па-сапраўднаму адметную аграсядзібу.