Кастусь ЛАШКЕВІЧ, / Кастусь ЛАШКЕВІЧ

TUT.BY працягвае знаёміць наведнікаў партала з унікальнай культурнай і духоўнай спадчынай Вільні - колішняга цэнтра беларускага адраджэння, які ўжо сем дзесяцігоддзяў ёсць сталіцай суседняй Літвы. Сёння вашай увазе - шэсць храмаў, якія варта наведаць беларусу падчас знаходжання ў Вільні.

Царква Святой Троіцы (адрас: Aušros Vartu, 7b)
 
 

Святатраецкая царква, помнік сакральнай абарончай готыкі ВКЛ, з’яўляецца часткай комплексу Базыльянскія муры. Пабудаваная ў 1516 годзе вялікім гетманам літоўскім Канстанцінам Астрожскім у гонар слыннай перамогі над маскоўцамі пад Оршай (1514). У 1608 годзе Святатраецкая царква разам з кляштарам была перададзена ўніяцкаму ордэну Святога Базыля.

У 1603 годзе ў кляштары быў пастрыжаны ў манахі Язафат Кунцэвіч, якому наканавана было стаць першым уніяцкім святым. Выхадзец са збяднелай беларускай шляхецкай сям’і праславіўся як выдатны прапаведнік-красамоўца. За перавод ва ўлонне ўніяцкай царквы тысячаў непрыяцелі далі яму мянушку Душахват. Кунцэвіч стаў архімандрытам кляштара Святой Тройцы (1613-17) і полацкім арцыбіскупам (1618-23).

Сёння аб святым пакутніку ў Вільні нагадвае мемарыяльная дошка па-ўкраінску і па-літоўску на фасадзе Святатраецкай царквы.

Сама царква, вернутая ў 1991-м вернікам пасля паўвекавой забароны, цяпер належыць уніяцкай украінскай грамадзе. Нягледзячы на рэканструкцыю, у сценах бажніцы адбываюцца рэгулярныя набажэнствы.

Царква з кляштарам Святога Духу (Aušros Vartu, 10)
 

 

Адзіны ў Літве праваслаўны храм з выразнымі рысамі віленскага барока. Заснаваны ў 1597 годзе на тым месцы, дзе ў 1347 годзе загінулі пакутніцкай смерцю за веру Хрыстову дружыннікі князя Альгерда - святыя Антон, Іван, Яўстах. Доўгія стагоддзі мошчы трох віленскіх пакутнікаў захоўваліся ў скляпенні пад алтаром, сёння - у самім храме.

У 1596-м у друкарні Святадухаўскага брацтва педагог-гуманіст і мовазнавец Лаўрэцій Зізаній выдаў першы на Беларусі і Ўкраіне лемантар "Наука ку читаню и розуменю писма словенского", які ўключаў беларускі тлумачальны слоўнік (на 1061 слова), што аблягчаў разуменне стараславянскай мовы, і "Грамматіку словенску совершенного искусства осми частиі слова...". Граматыка і лемантар мелі значны ўплыў на развіццё мовазнаўчай навукі ўсходніх славян, адкрывалі шлях да свецкай адукацыі.

З царквой і кляштарам звязана дзейнасць яшчэ аднаго знакамітага беларускага ды ўкраінскага асветніка і рэлігійнага дзеяча Мялеція Сматрыцкага. У 1618 годзе ён прыняў у кляштары манаскі пострыг, а яшчэ праз год выдаў "Граматыку славенскія правільна сінтагма", якая больш як два стагоддзі была адным з найбольш аўтарытэтных падручнікаў па славянскім мовазнаўстве.

У пячорнай царкве пад алтаром, іканастас да якой маляваў беларускі мастак Іван Хруцкі, пахаваны губіцель уніяцкай царквы на Беларусі, апошні епіскап літоўскі Іосіф Сямашка.

Мужчынскі і жаночы праваслаўныя кляштары пры Свята-Духавай царкве - адзіныя ў Літве, якія дагэтуль дзейнічаюць.

Касцёл Святога Яна (Šv. Jono, 12)
 

Фота: eair.nl
Фота: eair.nl

Касцёл Святога Яна вядзе сваю гісторыю ад 1387 года, калі на гандлёвай плошчы ў цэнтры тагачаснага горада Уладзіслаў Ягайла збудаваў драўляную бажніцу. Праз паўстагоддзя першы парафіяльны касцёл Вільні стаў мураваным, набыўшы рысы готыкі. Пасля перадачы Жыгімонтам Аўгустам храма прыбылым з Нямеччыны езуітам (1571) бажніца, якая паклала пачатак будучаму Віленскаму ўніверсітэту, не раз гарэла і рэканструявалася. Ключавую ролю ў яе ўзнаўленні адыграў легендарны мінскі архітэктар Ян Франкевіч - пачынальнік архітэктуры барока на беларускіх землях. Арыгінальныя краслюнкі Франкевіча з праектам касцёла Святога Яна сёння захоўваюцца ў адным з кіеўскіх архіваў.

У сценах бажніцы ладзілі ўрачыстыя каралеўскія прыёмы Стэфан Батура, Жыгімонт III, Уладзіслаў IV, Ян Казімір, адбываліся святы езуіцкай акадэміі і навуковыя дыспуты.

На зломе 16-17 стагоддзяў побач з касцёлам была ўзведзена 60-метровая званіца, якая неаднаразова гарэла, разбуралася і ўзнаўлялася. Падобны пакручасты лёс зазнаў

Бюст Адама Міцкевича. Фота: Alma Pater, Wikipedia
Бюст Адама Міцкевіча. Фота: Alma Pater, Wikipedia

і сам касцёл. Следам за Франкевічам новае жыццё яму надавалі легендарныя беларускія дойліды Тамаш Жаброўскі з Наваградку, будучы рэктар Полацкага калегіўму езуітаў Габрыэль Лянкевіч, і выхадзец з Воранаўшчыны Караль Падчашынскі.

У 1839 годзе сюды быў перавезены арган з разрабаванага расійцамі касцёла Святога Стэфана ў Полацку. У сярэдзіне 19 ст. на ім граў аўтар першай беларускай оперы Станіслаў Манюшка, які цягам некалькіх гадоў працаваў у касцёле арганістам, атрымліваючы 100 рублёў срэбрам у год. Сёння на хорах найвялікшага ў Літве аргана (узноўлены ў 2000 годзе) можна ўбачыць бюст кампазітара.

Акром шматлікіх святых, у касцёле ўвекапомнены выбітныя культурныя дзеячы. Гэтак ў паўднёвым нефе, на месцы, дзе любіў стаяць Адам Міцкевіч, у 1899 годзе ўсталяваны бронзавы бюст паэта. Побач з ім стаіць помнік (1901) ягонаму сябру, ураджэнцу Ашмяншчыны паэту і перакладчыку Антонію Адынцу.

На супрацьлеглым баку ў 1908 годзе з’явіўся помнік Уладзіславу Сыракомлю. На той жа паўночнай сцяне да 100-годдзя з часу смерці кіраўніка антырсійскага паўстання 1794 года Тадэвуша Касцюшкі польскія патрыёты “прэзентавалі” гіпсавую крыжападобную табліцу ягонай памяці. Абарваны ніжні край пліты сімвалізуе паразу паўстанцаў.

За “панскай Польшчай” і да 1941 года вікарыем касцёла быў славуты беларускі ксёндз Станіслаў Глякоўскі. Ужо ў савецкія часы святыя сцены займаў Музей навуковай думкі, ліквідаваны з перадачай храма каталіцкай царкве ў 1991-м. 5 верасня 1993 года тут адбылася сустрэча віленскай інтэлігенцыі з папам рымскім Янам Паўлам II.

У касцёле, які ўваходзіць у комплекс Віленскага ўніверсітэта, рэгулярна ладзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў.


Касцёл Святой Ганны (Maironio, 8)

Фота: miestai.net
Фота: miestai.net

Найпрыгажэйшы помнік палымянай готыкі Усходняй Еўропы быў узведзены ў 1495-1500 гадах на загад вялікага князя літоўскага Аляксандра. Ёсць легенда, што касцёл пабудаваў таленавіты юнак-дойлід з Менску, які пасля стаў ахвярай зайздросніка. Аднак, насампраўду, доўгі час найбольш верагодным стваральнікам цуда лічыўся архітэктар Міхал Энкінгер з Гданьску. Згодна ж з апошнімі даследаваннямі, касцёл - праца рук Бенэдыкта Рэйта, галоўнага архітэктара чэшскага караля Уладзіслава.

Узноўлены пасля пажару 1564 года, храм амаль не змяніўся да нашых дзён. У 1613-м паўстала галерэя, што злучыла Ганну з пабудаваным побач касцёлам бернардынцаў.
Паводле другой легенды, Напалеон, пабачыўшы касцёл, ашаломлена сказаў: "Каб мог, панёс бы яго на сваёй далонi ў Парыж...". Аднак гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі ставіцца да яе скептычна: "Банапарт, як не круці, быў чалавекам свайго часу. А ў ягоныя часы да спадчыны міўлых стагоддзяў ставіліся няўважліва. Менавіта на загад Напалеона ў тым самым Парыжы зруйнавалі дзясяткі бажніцаў - гатычнасць у тыя часы была ледзь не сінонімам варварства”. Святую Ганну Напалеон аддаў на патрэбу кавалерыі.

Затое дакладна вядома, што ў лісце да Марыі Луізы ён напісаў: “Вільня - вельмі прыгожы горад”.

Касцёл Святой Ганны, які не зачынялі нават за савецкім часам, стаў адным з найпапулярных вобразаў беларускай паэзіі 20 стагоддзя.

"Сярод перламутру у небе
Лле месяц сярэбныя хвалі,
У люстры Вялейкі бурлівай
Свой воблік увесь адбівае.

Спіць Вільня. Адзін паглядаю
На цудны касцёл Святой Ганны -
Красуецца контур прыгожы
У гладзі блакітнага неба", - пісаў у 1913 годзе Змітрок Бядуля.


Касцёл Святога Міколы (Šv. Mikalojaus, 4)
 

Фота: moacirdsp, Flickr
Фота: moacirdsp, Flickr

Лічыцца, што будаўніцтва першага каталіцкага храма Вільні яшчэ напрыканцы 14 ст. запачаткавалі нямецкія рамеснікі і гандляры, запрошаныя ў ВКЛ князем Гедымінам. Гэта найстаражытны касцёл у сучаснай Літве, які захаваў амаль першасны гатычны выгляд .

У 1921 годзе польскія ўлады дазволілі беларусам праводзіць тут набажэнствы нароўні з літоўцамі, што зрабіла яго цэнтрам як літоўскай, гэтак і беларускай культуры. У міжваенны час (да 1939 года) тут служылі легендарныя беларускія ксяндзы Адам Станкевіч і Вінцэнт Гадлеўскі, а таксама Казімір Стэповіч, Язэп Германовіч і інш. Многія беларускія дзеячы бралі шлюб менавіта ў касцёле Святога Міколы: Браніслаў Тарашкевіч і Вера Снітка, Зоська Верас і Антон Войцік, Леў Вітан-Дубейкаўскі і Юльяна Менке...

Пасля паўвекавога перапынку беларуская мова зноўку загучала ў касцельных сценах 25 траўня 1989 года з нагоды правядзення ў Вільні ўстаноўчага з’езду Беларукага Народнага Фронту.

Імкненне Таварыства беларускай культуры Літвы ўсталяваць пры цалкам літувізаваным касцёле мемарыяльную шыльду ў гонар Адама Станкевіча сустрэлася з непаразуменнем Віленскай арцыбіскупскай курыі. Апошняя адмова была атрыманая ў 2009 годзе.


Пятніцкая царква (Didžioji, 2)

Фота:
Фота: moacirdsp, Flickr

Царква Святой Параскевы Пятніцы - першы мураваны хрысціянскі храм Вільні - паўстаў у 1345 годзе на месцы паганскага капішча балцкага бога п’янства Рагуціса. Ініцыятаркай ягонай пабудовы стала пабожная віцебская княжна Марыя Яраславаўна - жонка вялікага князя літоўскага Альгерда.

Цягам стагоддзяў царква, якая стала аб’ектам барацьбы праваслаўных і ўніятаў, неаднаразова гарэла і прыходзіла ў занядбанне. У 1705-м расійскі імператар Пётр І прысутнічаў на ўрачыстым малебне ў гонар перамогі над шведскім войскам Карла XII, а таксама жагнаў у ёй свайго афрыканскага арапа Ганібала - прадзеда Аляксандра Пушкіна. Адзіная рэліквія, што дайшла да нас з тых часоў, - старасвецкая жырандоля з царскім гербам.

У 1864-м з ініцыятывы губернатара Мураўёва лядашчая царква была па сутнасці адбудавана наноў.

У 1920-х беларускі поп Аляксандр Коўш спачатку аднавіў дзейнасць замёрлай пасля вайны царквы, а потым дамогся ад кансісторыі перадачы храма Віленскай беларускай гімназіі. Ажно да 1944 года тут адбываліся беларускамоўныя богаслужбы, якія збіралі нацыянальна свядомых праваслаўных беларусаў.

Па вайне з Пятніцкай царквы хацелі зрабіць музей атэізму, але ўрэшце стварылі тут філіял мастацкага музея (1962-90). Беларуская мова не гучала тут ужо больш за паўстагоддзя.


Жадаеце адкрыць для сябе беларускую Вільню? Тады чытайце:

- Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні
- Помнікі беларускім героям на вуліцах Вільні
- 5 музеяў Вільні, якія варта наведаць беларусу 
- Сучасныя адрасы беларускай Вільні

Старадаўняя літоўская "Пагоня" на Вострай Браме ў Вільні. Фота К.Лашкевіча
Старадаўняя літоўская "Пагоня" на Вострай Браме ў Вільні.


Фота: аўтара (апроч пазначаных асобна).

{banner_819}{banner_825}
-25%
-50%
-30%
-30%
-50%
-30%
-40%
-50%