Отдых


П. Левановіч,

З 21 па 24 студзеня ў музычным каледжы ім. Рымскага-Корсакава прайшла двухбаковая філатэлістычная выстава "Магілёў — Смаленск", прысвечаная 450-годдзю атрымання горадам Магілёвам права войтаўства. На ёй было прадстаўлена 29 стэндаў і каля паўтары тысячы экспанатаў. Экспазіцыя складалася з 7 частак, сярод якіх — "Скарбы дзяржаўнага Эрмітажа", "Матылькі Чырвонай кнігі Смаленскай вобласці", "Магілёўскія правізары", "Смаленск і яго гісторыя" і г.д. 

Адкрыла выставу калекцыя, прысвечаная шэдэўрам Эрмітажа. На старых канвертах з гэтай серыі ў графе "адрасат" можна было прачытаць слова "Ленінград", а пад "Эрмітажам" значылася — "дзяржаўны, ордэна Леніна". Наступную калекцыю прысвяцілі матылькам. Сярод адрасоў адпраўнікоў — Дамініканская Рэспубліка, Манголія, Румынія, Грэцыя і інш.

Не пакідаюць абыякавымі японскія, кітайскія, в’етнамскія маркі. У экспазіцыі можна ўбачыць маркі, выпушчаныя падчас грамадзянскай вайны ў ЗША, а таксама маркі генерала Дзянікіна з надпісам "Адзіная Расія". Рарытэтнымі можна лічыць земскія маркі ХІХ стагоддзя.