Анатоль Кляшчук. Фота аўтара, / Анатоль Кляшчук. фота аўтара

Загоннае паляванне скончылася, і кіраўнік палявання Міхаіл Гардзееў прыкладвае да вуснаў паляўнічы рог, каб даць сігнал на збор. На Шклоўшчыне на тэрыторыі раённай паляўнічай гаспадаркі "загонкі" праходзяць вось так — у стылі старажытнасці. З лесу нарэшце выходзяць загоншчыкі і стралкі, несучы здабытую дзічыну. Менавіта здабытую, а не застрэленую ці забітую. Тут сцвярджаюць, што сапраўдны паляўнічы прыходзіць у лес, каб перахітрыць жывёлу, а не яе знішчыць. Нават калі гэта калектыўнае паляванне. На сваёй зямлі паляўнічы — найперш рупны гаспадар. 

Тэрмін загонных паляванняў сёлета працягнуты да канца года, і кожную суботнюю і нядзельную раніцы беларускія аматары старажытнага промыслу едуць да сваіх егераў і паляўніцтвазнаўцаў, каб стаць удзельнікамі сапраўднага мужчынскага спаборніцтва. На зоркасць і імгненную рэакцыю, дакладнасць стрэла, смеласць, цярпенне і вынослівасць. Менавіта гэтыя якасці адрозніваюць сапраўднага паляўнічага ад звычайнага чалавека са стрэльбай. "Загонкі"— камандная паляўнічая справа, амаль гульня — азартная, заўсёды непадобная адна на другую. Гэта — свята. Нават калі не пашанцуе націснуць на курок стрэльбы. А часам не тое што падстрэліць, — убачыць дзіка, лася ці казулю не выпадае, прахадзіўшы па заснежаным лесе цэлы светлавы дзень. Бывае і такое. Паляванне — удача, своеасаблівы від шчасця. Шчасціць, як вядома, не заўсёды і не ўсім. Калі ж загоннае паляванне ўдаецца і калекцыя паляўнічага папаўняецца выдатным трафеем — няма межаў вялікай мужчынскай радасці! Кожны верыць, што і яму аднойчы гэтаксама пашанцуе.

З раніцы, як на зло, была страшэнная завіруха. Але ніхто і не падумаў адмяняць паляванне. З райцэнтра і бліжэйшых вёсак прыехалі свае паляўнічыя. Не спазніліся аматары з больш далёкіх ад Шклова Магілёва і Оршы. Утварылася брыгада з паўтара дзясятка чалавек. Праверка білетаў, афармленне пуцёўкі і нарэшце каманда: "па машынах!". Спешна грузімся ў "таблетку" і па глыбокім снезе яшчэ нячышчанай гравейкі едзем да суседняга лесу. Першымі сыходзяць загоншчыкі з сабакамі, ім належыць з добры кіламетр ісці па лесе ў бок стралковых пазіцый. Стралкі стаіліся на квартальнай прасецы. Не паспелі прызвычаіцца да абставін, а ўжо даносіцца лайчын брэх — сабакі бяруць след дзікоў. Яшчэ некалькі хвілін — і лес нарэшце прачынаецца ад нечаканага і гучнага стрэлу. Другога, трэцяга. Гэтым разам шчасце паляўнічым усміхалася даволі шчодра. Дзікі не прымушалі сябе доўга чакаць, самі, як той казаў, беглі на лаўцоў. Але ці лёгка пацэліць у жывёлу, калі яна стралою ляціць між кустоў і дрэў? Тут без вопыту і паляўнічай школы не абысціся. Нарэшце сіплы паляўнічы рог абвяшчае спыненне палявання. Паляўнічыя выціраюць узмакрэлыя лбы, абмяркоўваюць праколы і нюансы "загонкі", плануюць наступную. Паляўнічы азарт узрастае. І зноў: "па машынах!" І зноў па лесе ідуць загоншчыкі...

Паляванні на Шклоўшчыне рэдка калі заканчваюцца без трафеяў. Міхаіл Гардзееў, які 13 гадоў з'яўляецца дырэктарам паляўнічай гаспадаркі, тлумачыць, што шчыльнасць ляснога пагалоўя на арандаваных тэрыторыях даволі высокая. Гаспадарка на сучасным узроўні вядзе захаванне і аднаўленне папуляцыі дзікоў, ласёў і казуль. Праводзяцца сталыя біятэхнічныя мерапрыемствы: засяваюцца кармавыя палеткі, вядзецца зімовая падкормка на пляцоўках. Не спыняецца барацьба з браканьерамі. Грошы, заробленыя на паляваннях, ідуць на падтрымку балансу паляўнічых відаў жывёл, на ўтрыманне гасцявога Дома паляўнічага і рыбака, які стаў добра знаёмым месцам і для многіх замежных паляўнічых — немцаў, італьянцаў, іспанцаў, галандцаў, швейцарцаў і нават расіян з украінцамі. Замежныя паляўнічыя туры, як вядома, — шчодрая крыніца паступленняў дзяржаўны бюджэт. Сёлета на на тэрыторыі шклоўскага ТПР атрыманы дазвол здабыць 240 дзікоў. Замежныя паляўнічыя ўпэўнены, што без трафеяў дадому не вернуцца, таму зноў і зноў прыязджаюць на паляванне менавіта ў гэты куток Магілёўшчыны.

Міхаіл Гардзееў загоннае паляванне называе "зборам ураджаю". 

— Мы забіраем лішак пагалоўя, каб дзікі не стваралі праблем для сельскай гаспадаркі. Але імкнёмся не нанесці прыродзе ўрону, — кажа дырэктар. — Цяпер наступае час індывідуальнага палявання, не менш цікавага. Але "загонку" ні з чым не параўнаць.
{banner_819}{banner_825}
-20%
-50%
-10%
-15%
-15%
-20%
-30%
-25%
-99%
-25%
-20%