Таццяна Цюхай, / Таццяна Цюхай

У кастрычніку 2010 года спаўняецца 100 гадоў з дня адкрыцця Чырвонага касцёла ў Мінску. Бадай адзін з самых прывабных на сёння сталічных помнікаў архітэктуры быў пабудаваны дзякуючы заснавальніку і мецэнату Эдварду Вайніловічу, імя якога, на жаль, знаёмае не ўсім.

З нагоды юбілея святыні газета “Турызм і адпачынак” сумесна з грамадскім аб’яднаннем “Адукацыя без межаў” зладзілі для журналістаў прэс-тур па мясцінах, звязаных з жыццём адметнай асобы. Да арганізацыі мерапрыемства для прэсы cпрычыніліся таксама Упраўленне па фізічнай культуры, спорце і турызме Мінаблвыканкама, Дэпартамент па турызме Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнае агенцтва па турызме Рэспублікі Беларусь і Капыльскі раённы выканаўчы камітэт.

Менавіта з Капыльшчыны растуць карані знакамітага Чырвонага касцёла. Сядзіба Лапухі ў вёсцы Дунаева, сядзіба Савічы сталі падмуркам для будаўніцтва Касцёла Святых Сымона і Алены. Нагадаем, што касцёл быў пабудаваны ў памяць аб дачцэ і сыне фундатара – Алене і Сымоне, якія памерлі ў даволі юным узросце. Бацька – Эдвард Вайніловіч – для свайго часу быў знакамітым грамадскім і гаспадарчым дзеячам.

Вось што піша Уладзімер Арлоў у “Імёнах свабоды” пра Вайніловіча: “Прызнаньнем яго дасягненьняў сталася абраньне старшынём Менскага сельскагаспадарчага таварыства. Пан Эдвард ніколі не абмяжоўваўся эканамічнымі інтарэсамі. Ён адчыняў дзіцячыя прытулкі і школы, больш за трыццаць гадоў быў ганаровым судзьдзём Слуцкага павету, бараніў справы Літвы-Беларусі як дэпутат Дзяржаўнай думы і сябра Дзяржсавету Расейскай імпэрыі. Зусім небеспадстаўна Вайніловіча называюць першым беларускім эйкумэністам: ён фундаваў будаўніцтва ня толькі касьцёлаў, але і праваслаўных цэркваў, заснаваў у Клецку камітэт абароны правоў габрэяў і татараў-мусульманаў”.

Сядзібна-паркавы комплекса “Лапухі” (што у вёсцы Дунаева Капыльскага раёна) бацька Эдварда Вайніловіча набыў у другой палове 19 стагоддзя. Але ўжо ў пачатку 20 стагоддзя знакамітаму гаспадару прыйшлося адмовіцца ад сядзібнага дома, парка з вадаёмамі, басейна, вінакурні, пральні і маслазавода, каб пасля смерці дзяцей аддаць грошы ад продажу комплексу на будаўніцтва Чырвонага касцёла.


На фотаздымках – тое, што захавалася ад сядзібаў Эдварда Вайніловіча. Скептыкаў могуць не прывабіць рэшткі, якія захаваў лёс на Капыльскай зямлі. Але ж у гэтых камянях – гісторыя, да якой нельга застацца абыякавымі. Меланхалічны і крыху дэпрэсіўны выгляд фоткам надало пахмурнае, часам с дожджыкам надвор’е ў дзень падарожжа.

Сёлета былая сядзіба "Лапухі" была расчышчана валанцёрамі з Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, і да закінутых рэшткаў помнікаў цяпер можна падысці. Грамадскае аб’яднанне “Адукацыя без межаў” праводзіла тут летнік ужо ў другі раз.





Лёс захаваў у Лапухах толькі рэшткі свірана, адметнасць якога - унікальная разынкавая тынкоўка. Значыцца год заснавання: “1872”.



На тэрыторыі комплекса таксама можна пабачыць рэшткі двух квадратных калодзежаў, круглага басейна і мноства падмуркаў. З’явілася паказальная шыльда.


Рэшткі свірана



Адметнасць комплекса ва ўнікальных векавых дрэвах. Маляўнічасць краявідам надаюць канадская таполя, чарэшчаты пірамідальны дуб, шаравідная вярба. А для алеі з белых канадскіх таполяў, здаецца, не хапае добрых сцежак. Сёння гэта вясковая вуліца.







Сядзіба "Лапухі" – у складзе нацыянальных помнікаў гісторыі і архітэктуры і ахоўваецца дзяржавай. На жаль, захаваныя рэшткі свірана сёння толькі мараць аб кансервацыі. Увесну палова даха абвалілася. У аб’екта два ўласніка – “Приорбанк” і мясцовы выканкам. Хто ж возьмецца за захаванне рэшткаў сядзібы, аб існаванні якой сёння ведае не так шмат людзей?..



Вёска Дунаева, дзе знаходзяцца "Лапухі" (дарэчы, перайменавалі вёску некалі “саветы”), - не адзінае месца на Капыльшчыне, звязанае з Вайніловічам.

У вёсцы Савічы знаходзіўся радавы маёнтак Вайніловічаў. Адзіны будынак, які захаваўся, - спіртзавод з чырвонай цэглы. Ёсць тут таксама і курган, дзе калісьці была сямейная радавая пахавальня. А вось ад сядзібы нічога не засталося.



Ад касцёла 1647 года ў вёсцы Цімкавічы засталася адзіная крыпта, якая раней была фамільнай пахавальняй – да таго часу, пакуль пахаванні не былі перанесены ў Савічы. Месца, дзе стаяў касцёл Святога Архангела Міхаіла, парасло бур’яном, але час пакінуў падмурак і прыступкі святыні.






Рэшткі крыпты

Збіраючыся на Капыльшчыну, варта наведаць і сам раённы цэнтр.





У Капылі знаходзіцца помнік Цішку Гартнаму: капыльская зямля – малая радзіма пісьменніка.



Мясцовы краязнаўчы музей славіцца шыкоўнай экспазіцыяй. На 10-тысячны Капыль – каля 6-7 тысяч наведвальнікаў штогод налічваюць супрацоўнікі ўстановы.



У адрозненні ад падобных музеяў да ўсяго, што не схавана за шклом, тут можна дакранацца. Тут вам і самы сапраўдны пакой пачатку мінулага стагоддзя. Ладзяцца ў музеі і вяселлі. Адзін з залаў быў адкрыты якраз з нагоды 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і прысвечаны гэтай падзеі. А найбольш цікавым падаецца зала, у якой змешчаны розныя рэчы, якія сталі вынікам мясцовых раскопак. Штогод на Капыльшчыну прыязджаюць на практыку археолагі. Ёсць у іх з музеем дамоўленасць, згодна з якой усё знойдзенае на гэтай зямлі малую радзіму не пакідае. Так, у свой час адстаялі супрацоўнікі музея скальпель 12 стагоддзя, які хацелі забраць у спецыялізаваны музей медыкі са сталіцы.



Таксама на Капыльшчыне ў вёсцы Бабоўня знаходзіцца парк з аднайменнай назвай. Бабоўня ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Тут у XVIII — пачатку XX стст. знаходзілася сядзіба Наркевічаў-Іодка. Захаваліся рэшткі бровара 1901 года пабудовы, склад, фрагменты парка. Адметны факт: у Бабоўні суконная мануфактура была заснавана яшчэ ў 1769 годзе.


Бровар 1901 г. пабудовы





Усіх заахвочаных Капыльшчына запрашае ўвесну на новы зялёны маршрут "Мiжрэчча Мажы i Морачы". Маршрут праходізць праз вёску Семежава, якую заснавалі ў XV ст. Радзiвiлы.

Фота аўтара

P.S. Дарэчы, была спроба ў гонар Вайніловіча назваць адну з вуліцу Мінска. Ідэальным варыянтам маглі б стаць замены назваў такіх вуліц, як Берсана ці Валадарскага, якія знаходзяцца непадалёку ад Чырвонага касцёла. Але тройчы заяўку адхілялі.
{banner_819}{banner_825}
-18%
-50%
-11%
-15%
-10%
-15%
-85%
-10%
-30%
-20%