Вольга Коршун, / Вольга Коршун

Скаргі турыстаў на няякасны адпачынак — не рэдкасць. Некаторыя прэтэнзіі неабгрунтаваныя і суб'ектыўныя, з разраду, чаму паветра было такім вільготным, а пэўныя скаргі даводзяць нядобрасумленных тураператараў да суда і следства. У непрыемныя абставіны можа трапіць кожны з нас, таму ў сумку разам з фотакамерай і пашпартам пакладзіце гэтыя гісторыі і парады юрыста. Тры выпадкі адрозніваюцца па ступені складанасці і блытаніны.

Тыпова

У жніўні Алена з сынам адпачывалі ў Егіпце. На тэрыторыі гасцінічнага комплексу знаходзяцца пяць атэляў у рознай аддаленасці ад мора. Паколькі сыну 5 гадоў, Алена адмыслова выбірала атэль на першай лініі і нумар з відам на мора, які каштаваў даражэй за звычайныя апартаменты. У агенцтве заверылі, што ўсе патрабаванні кліенткі будуць задаволеныя. "Прычым я некалькі разоў паўтарыла свае запыты. Калі мы прыехалі на месца, то нас засялілі ў самы далёкі атэль ад мора, у нумар з відам на дарогу з плотам", — з расчараваннем кажа турыстка. Вядома, па дарозе ўвесь час праязджаў транспарт і праз шум нават балкон немагчыма было адкрыць. Паколькі ўсе патрабаванні былі прапісаныя ў дагаворы, Алена адразу пасля адпачынку звярнулася са скаргай у турагенцтва. Канфлікт вырашыўся мірна — шляхам выплаты ёй грашовай кампенсацыі.

Форс-мажор

Мінчанка Ірына Пятроўна вырашыла адпачыць у Крыме. Загадзя звярнулася ў турфірму, выбрала тур, які адпавядаў яе бюджэту і пажаданням. Заставалася толькі спакаваць чамаданы і чакаць даты адпраўлення. Але здарылася неспадзяванае: за некалькі дзён да паездкі яна захварэла. Павінна была ляжаць на пляжы ў сярэдзіне жніўня, а замест гэтага зараз бегае з паперамі і разбіраецца, павінны ці не павінны вярнуць згубленыя грошы. "Разумееце, гэта як цунамі ці вулкан. Форс-мажорныя абставіны немагчыма прадбачыць. Вядома, у маёй хваробе ніхто не вінаваты: ні турфірма, ні я сама. Але, як ні круці, у гэтай справе трэба разабрацца. Хоць здароўе даражэй", — кліентка спрабуе трымаць сябе ў руках, але нервовасць у голасе адчуваецца. Аднак надзея на тое, што Ірына Пятроўна атрымае кампенсацыю — мінімальная, таму што праца турыстычнага агенцтва не з'яўляецца прычынай захворвання жанчыны. Фірма выканала патрабаванні кліента: прапанавала тур, уладкавала пытанні з праездам і пражываннем — Ірыне Пятроўне заставалася толькі заплаціць і ехаць. Аднак кліент не змог выканаць свае абавязкі. Таму турыстычнае агенцтва ў выпадку неаплаты турыстам выбранага тура магло б панесці страты.

Складана

Зараз Яўген пражывае ў Беларусі, маючы від на жыхарства, але з'яўляецца грамадзянінам Ізраіля. Калі гэтым летам яны з жонкай і дачкой вырашылі адпачыць у Егіпце, то турыстычная кампанія запэўніла, што ніякіх праблем з дакументамі ў іх не будзе. Сям'я спакойна села ў самалёт, але складанасці чакалі іх адразу ж пасля пасадкі на егіпецкую зямлю. "Я так іду па-геройску, а мяне на мытні спыняюць і не прапускаюць: маўляў, вы ў Егіпет не можаце заехаць. Як не магу, калі я ўжо тут, калі візу ў пашпарт ужо паставілі! А мяне ўсё роўна не прапускаюць. Дачка плача. Жонка не ведае, што рабіць. Я дзвесце долараў у яе ўзяў, сеў на самалёт і дахаты. Дык перад гэтым яшчэ па ўсіх начальніках аэрапорта правялі", — экспрэсіўна распавядае турыст. У агенцтве ў прысутнасці пацярпелага тэлефанавалі ў ізраільскае пасольства, дзе растлумачылі, што Яўген меў права перасякаць мяжу Егіпта толькі з боку Ізраіля. Чаму ж раней пра гэта не паклапаціліся, бо Яўген выразна выказаў свае пытанні аператару? Пакуль турагенцтва выплаціла толькі 400 тыс. бел. руб. "Калі далі 400, то можна і за большую суму пазмагацца", — ваяўніча настроены турыст.

Аўтарытэтна

Летам 2010 грамадскае аб'яднанне "Прававая ахова спажыўцоў" атрымала скаргаў на няякасны адпачынак менш, чым у папярэднія сезоны. Спецыялісты гэта звязваюць з тым, што турысты становяцца больш юрыдычна граматнымі, яны загадзя тэлефанавалі і кансультаваліся, як засцерагчы свой адпачынак. Калі спрэчныя сітуацыі ўзнікалі, то ў большасці яны вырашаліся мірным шляхам, без звароту ў суд. Увогуле, турыстычным кампаніям не выгадна судзіцца, таму што, па-першае, у 90% выпадкаў справу выйграе турыст і грашовыя выдаткі будуць значна большыя; па-другое, ёсць вялікая рызыка застацца без кліентаў. Аднак часам турысты звяртаюцца з неабгрунтаванымі скаргамі, у якіх прысутнічае вялікая доля суб'ектывізму. Напрыклад, чаму пяцізоркавы атэль у Егіпце адрозніваўся ад турэцкага, дзе мы адпачывалі ў мінулы раз. Безумоўна, калі спрэчныя моманты ўзнікаюць, лепш звярнуцца да юрыста і пракансультавацца.

З кастрычніка ў нашай краіне ўступае ў сілу новая рэдакцыя Закона РБ "Аб турызме". Згодна з ёй, замест турыстычнага ваўчара з'явіцца турыстычны дагавор. У "Прававой ахове спажыўцоў" выказалі меркаванне, што такім чынам у роўнай ступені будуць абароненыя правы і замоўцы, і выканаўцы. Таму што ў дагавор, які турфірмы саставяць разам з кліентам, у адрозненне ад ваўчара — дакумента адзінага ўзору — змогуць унесці змены і першы, і другі. Зараз дакладна сказаць, наколькі зменіцца сітуацыя ў турыстычным бізнэсе пасля функцыянавання новай рэдакцыі Закона, складана.

Парады турыстам:

1. Заключайце дагавор страхавання жыцця і здароўя турыста на адпачынак.

2. Усе вусныя, незадакументаваныя дамоўленасці даказаць будзе складана. Значэнне мае толькі тое, што пазначана ў дагаворы ці ў праграме тура, якая на сённяшні дзень з'яўляецца абавязковым прыкладаннем да дагавора.

3. Засяленне турыста ў іншы атэль аналагічнай катэгорыі дапускаецца толькі са згоды турыста. Калі катэгорыя паніжаецца, то турыст мае права патрабаваць змяншэння кошту тура ці можа вярнуцца дахаты. Прычым турфірма абавязана забяспечыць гэта за свой кошт.

4. Паспрабуйце зафіксаваць недахопы паслугі, каб, прыехаўшы дадому, прад'явіць прэтэнзіі. Абавязкова пазнаёмцеся з турыстамі, якія пражываюць па суседстве, нават калі гэта грамадзяне іншай краіны, каб у выпадку неабходнасці яны маглі выступіць у якасці сведкаў.

5. Паводле Закона "Аб ахове правоў спажыўцоў", звярнуцца са скаргай на турыстычныя паслугі вы маеце права на працягу двух гадоў.

6. Звяртайцеся ў турыстычныя агенцтвы, якія працуюць не адзін год і маюць пэўны імідж. Існуюць і фірмы-аднадзёнкі, рэклама якіх трапляе вельмі часта.

7. Калі ў вас узнікаюць пытанні, пракансультуйцеся са спецыялістам. 

{banner_819}{banner_825}
-10%
-30%
-10%
-25%
-15%
-10%
-50%
-40%
-15%