Глеб ЛАБАДЗЕНКА, фота аўтара, / Глеб ЛАБАДЗЕНКА, фота аўтара

У Полацку, у славутай келлі святой Еўфрасінні, калі добра прыгледзецца, можна ўбачыць на сценах сапраўднае графіці ХVІІ стагоддзя — так у свой час пазабавіліся навучэнцы Полацкага езуіцкага калегіюма. Кшталту "Тут быў Вася" тысяча шэсцьсот нейкага там года. Калі я прыехаў у Барселону, мне страшна хацелася надрапаць дзе-небудзь нешта падобнае — так доўга я марыў патрапіць сюды. Падумаўшы, я выбраў газетную старонку.

Дзве парады перад тым, як вы пойдзеце есці паэлью

Вы ведаеце, што такое паэлья? Калі не, то, напэўна, захочаце даведацца ў першы ж вечар у Барселоне. Будзьце асцярожныя па дзвюх прычынах.
Калі вы ганарыцеся сваім веданнем англійскай мовы, вас лёгка абламаюць барселонскія афіцыянты, якія ў пераважнай большасці размаўляюць толькі па-каталонску (сям-там у Барселоне можна ўбачыць графіці "Каталонія — не Іспанія!"). Калі мы ў першы ж вечар адправіліся каштаваць паэлью, то зрабілі некалькі фатальных памылак. У трэцім ці чацвертым па ліку бары, стаміўшыся шукаць і не паглядзеўшы меню, мы спыталіся, ці падаюць яны паэлью. Афіцыянткі лыпалі вачыма і катэгарычна не разумелі, што менавіта мы хочам (як высветлілася пасля, гэта быў цырк, бо паэлья так і будзе па-мясцоваму — паэлья). Аднак потым з'явілася старшая афіцыянтка, якая патлумачыла, што паэльі ў меню няма, але яны спецыяльна для нас згатуюць. Расчуленыя такой увагай, мы ўселіся за столік. Першая памылка — мы не спыталіся, колькі гэта будзе каштаваць.

Забягаючы наперад, скажу, што каштавала гэта 60 еўра. Што праўда, паэлья была такога памеру, што 4 чалавекі наеліся ад пуза і яшчэ засталося. Такі вялікі кошт падаўся нам проста абуральным, але, не ведаючы цэнаў, скандал не падымеш. Назаўтра высветлілася, што ў самым цэнтры Барселоны паэлья каштуе ў раёне 12 еўра (яе хопіць на дваіх не вельмі галодных). Гэта першая прычына быць асцярожным.

Другая прычына: згадайце, ці рэагаваў незвычайна калі-небудзь ваш страўнік на ўсялякага роду морапрадукты, якія мы штодзённа практычна не спажываем? Калі сумнівы ёсць — падмацуйце іх мясцовым выразам "паабдымацца з сіньёрам Рока". Rоса — гэта вядомая фірма па вытворчасці сантэхнікі, у прыватнасці ўнітазаў.

"Дык што ж такое паэлья?" — нецярпліва спытаеце вы. Гэта патэльня (беларускае вуха адразу разумее, адкуль пайшла назва "паэлья") абсалютна рознага дыяметра (ад памеру талеркі да метра), на якой непасрэдна падаюць страву. Страва не мае пэўнага рэцэпту: гэта асабліва прыгатаваны рыс з морапрадуктамі: крэветкамі, мідыямі, яшчэ нейкімі невядомымі нам жывёлкамі.

А самы танны спосаб паспытаць паэлью я ўжо згадваў у папярэдніх нататках. У некаторых "буфетах" (кавярня, дзе за фіксаваную плату можна браць колькі хочаш і чаго хочаш па прынцыпе "шведскага стала") паэлья стаіць сярод іншых страваў. Каб атрымаць уяўленне, гэтага будзе дастаткова.

У кавярнях і рэстарацыях будзьце ўважлівыя і яшчэ з аднае прычыны. На ўваходзе вы пабачыце напісанае крэйдай на спецыяльнай дошцы меню. Там можа быць і паста (макароны па-нашаму), і салацік, і амлет, і нават кавалак мяса. А кошт — вы здзівіцеся — складзе ўсяго 6 еўра (гэта вельмі мала па барселонскіх мерках). Заходзіце, замаўляеце. І вам сапраўды прыносяць і пасту, і амлет, і салацік, і кавалачак курыцы. Але ўсё гэта змяшчаецца на зусім невялікай талерцы. Надоўга такім не наясіся. Плюс да ўсяго ў чэку вы пабачыце не 6 еўра, а ці не ў два разы больш — высвятляецца, што тут абавязкова замаўляць напой (1,5-2 еўра), з вас узялі 1 еўра за хлеб на стале і ўключылі 1 еўра афіцыянту "на гарбату". Вось вам і танны абед.

Для самых эканомных варта адзначыць, што на ўсіх станцыях метро і ў многіх грамадскіх месцах Барселоны стаяць апараты па продажы ўсялякіх вафелек, напояў і шакаладачак. Некаторыя з іх прадаюць і бутэрброды. Гэта адзін з самых танных спосабаў перахапіць чаго на хаду. Ну вось і ўсё пра ежу, бо не яна галоўная ў Барселоне.

З турфірмай ці дзікуном? 

Многія беларусы лепш пераплацяць у два разы, аднак каб ужо ні пра што не думаць — прывязуць, пакормяць і ўсё пакажуць. Калі такі варыянт для вас — прапускайце гэтую частку.

Смялейшым скажу: не бойцеся ехаць дзікуном. У любым правадніку будуць пазначаныя адрасы ўсіх асноўных помнікаў архітэктуры і цікавостак, часта — разам са станцыяй метро. Калі вы не набылі праваднік у Беларусі — вы набудзеце яго на любой мове проста ў Барселоне, у кожнай турыстычнай краме. Кошты прыкладна як і ў нас — да 8-9 еўра. Бярыце абавязкова такі праваднік, дзе ўжо ёсць гатовыя пяць-сем пешаходных маршрутаў. Усе яны складаюцца па простым прынцыпе: выходзіце на станцыі метро — і наперад, глядзець усялякую прыгажосць.

Барселонскае метро мае 9 ліній і 209 станцый. Пры тым, што Барселона — не сталіца Іспаніі, і жыве тут 1,6 мільёна чалавек. Барселонскае метро пачало працаваць у год нараджэння Васіля Быкава — 1924. Ты з сумам узгадваеш, што ў тваім родным Мінску метро адчынена толькі ў 1984, мае ўсяго дзве лініі і 25 станцый. Затое мінскае метро, скажам, большае за варшаўскае — хоць у польскай сталіцы жыве таксама 2 мільёны чалавек.

Аднак разабрацца ў 209 станцыях барселонскага метро вельмі лёгка — знаходзіце на схеме, на якой лініі патрэбная станцыя, глядзіце, дзе лепш перасесці — астатняе падкажуць указальнікі, якія развешаныя вельмі зручна і ўдала.

Калі вы выбіраеце такі спосаб, лепш за ўсё набываць квіток на метро, які называецца "Т-10". Ён каштуе 7,85 еўра і ўключае ў сябе 10 паездак (кожная з іх працягласцю 1 гадзіну 15 хвілін, падчас якіх можна перасаджвацца на іншы транспарт без даплаты). Квіткі трэба набываць у аўтамаце, якія стаяць на ўваходзе ў кожную станцыю. Тыцкаеце на экране пальцам у патрэбны квіток, засоўваеце грошы (бярэ як манеты, так і купюры 5, 10, 20 еўра) — і атрымліваеце квіток. Рэшту апарат выдае, праўда, часам вельмі дробнымі манетамі. Аднаразавыя квіткі каштуюць вельмі дорага — здаецца, 1,30 еўра. Набываць іх варта толькі ў крайнім выпадку. Майце на ўвазе, што штраф за безбілетны праезд — 50 еўра. 

Гусакі і Пікасо 

У Барселоне жылі і працавалі такія вядомыя людзі, як Пабла Пікасо, Жаан Міро, Сальвадор Далі, Антоніа Гаўдзі... Тут і цяпер жывуць Мантсерат Кабалье і Хасэ Карэрас. Аднак нават калі вы не сустрэнеце іх на вуліцы, то таксама знойдзеце, чым заняцца ў Барселоне.

Месцаў, якія варта пабачыць, тут больш чым дастаткова. Такое адчуванне, што каталонцы будавалі ўсё гэта з разлікам, каб кожны турыст прыехаў да іх мінімум двойчы ці тройчы — а там, глядзіш, і прызвычаіцца. Я б падзяліў умоўна ўсе каштоўнасці на дзве групы — Саграда Фаміліа і ўсё астатняе. Пра храм Саграда Фаміліа вы ўжо падрабязна ведаеце з мінулых публікацыяў, пра ўсё астатняе даведаецеся зараз.

Адзін з вашых маршрутаў абавязкова пачнецца са станцыі метро Jаumе І. Спачатку вы спытаецеся ў добразычлівых мясцовых гандляроў, як прайсці да музея Пікасо. Пасля наведвання музея вы вернецеся да метро і пойдзеце ў супрацьлеглым ад мора кірунку. Праз якіх метраў 500 па левы бок перад вамі паўстане вялікая плошча, а на ёй — Катэдральны сабор Барселоны.

Катэдра будавалася і перабудоўвалася ажно з ХІІІ стагоддзя, больш-менш была скончаная да ХV стагоддзя, але што-нішто дараблялася і ў ХІХ. Нават сёння сабор часткова стаіць у рыштаваннях, што замінае прыгожа яго сфатаграфаваць. Уваход каштуе 5 еўра, але, наколькі я зразумеў, іх можна ахвяроўваць добраахвотна — напрыклад, у мяне ніхто нічога не спытаў на ўваходзе. Кінулася ў вочы драбяза — свечкі перад абразамі і выявамі святых... электронныя. Кідаеш грошы ў апарат (гэта ўвогуле фішка ўсякіх турысцкіх аб'ектаў Барселоны) — і лямпачка, падобная да агню, пачынае "палаць". Мне такая мадэрнізацыя старадаўняга рытуалу прыйшлася недаспадобы. І, відаць, не аднаму мне — бо з паўтары сотні "свечак" гарыць мо чвэрць — хоць людзей тут за дзень бываюць тысячы.

Апроч уласна залы касцёла, не забудзьцеся наведаць славуты ўнутраны дворык, выхад у які знаходзіцца ў правай сцяне. Тут вы пабачыце... 13 жывых гусакоў. Прычым такіх белых-белых, што складаецца адчуванне, што іх старанна мыюць штодня. Гусакі — гэта не свойская птушка святароў, яны знаходзяцца тут як напамін пра патронку Барселоны Святую Яўлапію. Іх белы колер сімвалізуе яе чысціню, колькасць 13 таксама не выпадковая — у столькі год Святую Яўлапію забілі паганцы.

Калі вы выйдзеце з Катэдры і пройдзеце ўлева, у самы кут плошчы, то ўбачыце будынак, фасад якога размаляваны смешнымі чалавечкамі — прыкладна такімі, якіх мы бачылі ў падручніках па гісторыі як узор наскальнага жывапісу першабытных людзей. Такім арыгінальным чынам Пабла Пікасо аформіў мясцовую Калегію архітэктараў.

Далей варыянтаў маршрутаў можа быць некалькі. Паглядзеўшы праваднік, я вырашыў абысці ўсё цікавае, што ёсць у наваколлі. Дык вось, калі вы станеце тварам да роспісаў Пікасо, то за вашаю спінаю пачнецца вузенькая вулачка, якая вядзе ў Гатычны квартал.

Такую назву гэты раён атрымаў у пачатку ХХ стагоддзя, у часы дыктатара Прыма дэ Рэверы. Пазней назва замацавалася афіцыйна. Гэта — некалькі вуліц і плошчаў, большасць дамоў на якіх збудаваныя ў стылі готыкі і разам уяўляюць каштоўны цэльны ансамбль.

Тут можна пабачыць рэшткі старажытнарымскіх сценаў, Палац Япіскапа, славуты масточак на Япіскапскай вуліцы, якая прывядзе вас на Пласа дэ Сан Жаўмэ. Усяго шмат — гэта вы падрабязна вывучыце ў правадніку. Не прапусціце толькі Плошчу Караля — паводле апокрыфа, менавіта тут каралеўская пара Фердынанд ды Ізабэла сустракалі Хрыстафора Калумба пасля яго вяртання з адкрыцця Амерыкі. Так-так, Калумб таксама быў тутэйшы!..

Што такое Рамбла?

На гэтым дадзены пешаходны маршрут можа быць скончаны. Але, ацаніўшы адлегласць да іншых значных цікавостак, я вярнуўся да Калегіі архітэктараў.

За квартал налева ад яе можна выйсці на славутую Рамблу. Пачынаецца яна Плошчай Калумба з высачэзнай калонай-помнікам адкрывальніку Амерыкі. У сярэдзіне калоны ўсталяваны ліфт, на якім можна падняцца, каб пабачыць наваколле. Мая парада — не марнуйце грошы, такая магчымасць будзе ў вас і задарма.

Рамбла — гэта галоўны бульвар Барселоны (адпаведна называецца і галоўны бульвар кожнага тутэйшага горада). На ёй засяроджаны кавярні і рэстараны (цэны ў іх вышэйшыя, чым у іншых месцах), гандляры сувенірамі. Галоўная фішка Рамблы — "жывыя скульптуры", калі самадзейныя акторы намазваюцца грымам і заміраюць у выглядзе якога-небудзь персанажа. Кідаеш ім манетку — і яны адразу "ажываюць", нават могуць прыабняць цябе для фотаздымка. Абапал Рамблы не прапусціце некалькі турыстычных аб'ектаў: Палац Гуэля працы Антоніа Гаўдзі (зараз ён зачынены на рэстаўрацыю), Плошчу Каралёў (не блытайце з Плошчай Караля), славуты рынак Бакерыя. На рынку будзьце асабліва пільныя — многія пішуць, што ў ягоным натоўпе не адзін дзясятак турыстаў развіталіся са змесцівам сваіх кішэняў. Ды і цэны тут значна вышэйшыя, чым па горадзе — што казаць, рынак з'яўляецца турыстычным аб'ектам, а як не зарабіць на турыстах?

Упіраецца Рамбла ў Плошчу Каталоніі, якая займае ажно 50 тысяч квадратных метраў. Ад Плошчы Каталоніі злева ўверх пойдзе Рамбла дэ Каталонія, з якой, арыентуючыся па мапе, вы праз пару кварталаў павернеце направа, на Пасэч дэ Грацыя, каб пабачыць некаторыя дамы Гаўдзі.

Адзін з іх, Дом Батло (ці Батльё), знаходзіцца непасрэдна ля ўвахода ў метро Пасэч дэ Грацыя. Гэты дом яшчэ называюць "домам з костак" — пабачыўшы яго, няцяжка зразумець чаму. Дом Міла — таксама аўтарства Гаўдзі — знаходзіцца вышэй па гэтай вуліцы, на супрацьлеглым баку. Барселонцы неўзабаве пасля пабудовы назвалі дом Lа Реdrеrа — каменаломня, за ягоныя масіўныя каменныя сцены, нібыта ён проста высечаны са скалы. На той час дом быў звышсучасны. Гаудзі нават хацеў зрабіць магчымасць пад'езду да кожнай кватэры на аўтамабілі, але фінансавая і гістарычная сітуацыя склалася іначай.

Увогуле, калі глядзець на дамы Антоніа Гаўдзі і трымаць у галаве, што створаныя яны 100 гадоў таму, — дзіву даешся, наколькі прасунутым быў гэты чалавек, наколькі геніяльным і дальнабачным! Гаўдзі ці не першы распрацаваў праект дома з "вольнай планіроўкай" — калі сцены ў сярэдзіне не нясуць нагрузкі, і іх можна перасоўваць і пераробліваць на свой капыл. Гэта і зараз звышмодна!.. Сакрэт такой мадэрновасці Гаўдзі знайсці няцяжка: сам архітэктар не хаваў, што большасць ідэяў, формаў і рашэнняў ён "падглядае" ў прыроды. І сапраўды, ягоныя дамы выглядаюць як трапічныя дрэвы з агромністымі лістамі, як зборышча слімакоў і чарапах, як горы і скалы. Адзін з біёграфаў Гаўдзі знайшоў цікавую дэталь: калі Антоніа быў малы, ён меў хворыя ногі, таму большасць часу бавіў ці на прыродзе, ці на пляжы. Так і выйшла: ягоныя пабудовы бы вырабленыя з пяску, упрыгожаныя алюзіямі самых цікавых раслінаў і жывёл. 

Варта адзначыць, што ўсе пабудовы Антоніа Гаўдзі ў Барселоне ўключаныя ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Я не знайшоў на сайце ЮНЕСКА іншага такога выпадку — каб у спіс патрапіў не проста комплекс аднатыпных будынкаў, а менавіта як творы аднаго архітэктара.

Парк Гуэля і гара Манжуік

Эўсэбі Гуэль быў заможным чалавекам і фундатарам многіх праектаў Антоніа Гаўдзі. Бадай, каб не грошы Гуэля, мы б не мелі многіх шэдэўраў гэтага вялікага майстра. Хоць аканом Гуэля і любіў гаварыць, што "Я напаўняю кішэні Гуэля, а Гаўдзі іх спусташае!"
У 1901 годзе Гуэль вырашыў здзейсніць камерцыйны праект — набыў 15 гектараў зямлі ў зялёнай зоне, каб стварыць там горад-сад і прадаць участкі. Праектаваць аб'ект Гуэль даручыў Антоніа Гаўдзі. Праект праваліўся: з 62 участкаў набылі толькі два. Адзін — адвакат Трыяс-і-Даменек, сябар Гаўдзі, а другі — сам Гаўдзі. Трэці тыповы дом, які мусіў быць узорам для пакупнікоў, сам Гуэль перарабіў пад сваю рэзідэнцыю. На той час парк знаходзіўся занадта далёка ад цэнтра горада, таму барселонцы не спакусіліся на прапанову. Аднак Барселона ўсё адно займела ўнікальны помнік, які сёння вабіць сотні тысяч турыстаў штогод. У дамочку Гаўдзі, дарэчы, цяпер месціцца ягоны музей. Уваход каштуе няшмат, але была такая чарга, што ў сярэдзіну я не патрапіў.

Парк, скажу вам шчыра, перакульвае свядомасць. Вы і не ўяўлялі раней, што з каменю можна рабіць такое — нахіленыя калоны, павільёны з адсутнасцю простых лініяў... Пры ўваходзе ў парк вы пабачыце навес, які завецца Залаю ста калонаў. Насамрэч калонаў "усяго" 86. Цікава, што ў сярэдзіне іх знаходзяцца... трубы каналізацыі. А над залай можна пасядзець на славутай звілістай лаўцы. Кажуць, калі Гаўдзі рабіў яе, ён пасадзіў аголеных будаўнікоў на яшчэ сырую гліну, каб спінка прыняла форму чалавечага цела. Лаўка, і праўда, вельмі зручная. Адзначу таксама, што адна з частак парку мае назву, блізкую беларускаму вуху, — "Лысая гара". Сам парк спадкаемцы Гуэля прадалі гарадскім уладам — а тыя арганізавалі тут грамадскі парк.

...Абавязкова падыміцеся на гару Манжуік. Я зрабіў гэта перад самым ад'ездам з Барселоны. І гэта стала такім падсумаваннем: калі ты раптам бачыш перад сабой усё разам, што бачыў спачатку паасобку цягам тыдня. На вяршыні гары знаходзіцца цытадэль. Паводле легенды, яна была збудаваная ўсяго за некалькі тыдняў, перад нападам ворагаў. Гара Манжуік мае 173 метры вышыні. А храм Саграда Фаміліа, паводле схемы Гаўдзі, мусіць у выніку мець 170 метраў. Майстар казаў — "Дзеля таго, каб твор чалавека не ўзвышаўся над творам Бога — гарой Манжуік"

Фунікулёр на гару адпраўляецца са станцыі Раrаlеl. У адзін бок каштуе 6,3 еўра, туды-назад 9 еўра. Калі вы сядзеце на сцяне цытадэлі Манжуік і акінеце вокам Барселону, то не пашкадуеце, што аддалі такія грошы.

І ўвогуле не пашкадуеце, калі дазволіце сабе такую прыемную авантуру як вандроўка ў Барселону. На гэта неабавязкова мець казачныя грошы. Дастаткова разумець, што існуюць рэчы, дзеля якіх варта ехаць за 3000 кіламетраў ад Мінска.

МАЙ НА ЎВАЗЕ

Самы просты спосаб пабачыць усе каштоўнасці Барселоны за дзень-два — турыстычны аўтобус. Квіток каштуе, здаецца, 24 еўра на адзін дзень і 29 еўра на два дні. Тры аўтобусныя лініі спланаваныя так, каб ахапіць усе папулярныя турыстычныя месцы Барселоны. Аўтобус пачынае працаваць у 9 гадзін раніцы, заканчвае ў 20 гадзін. Ён робіць прыпынкі каля кожнага цікавага месца. Можна праехаць усё адразу, а можна выйсці і праз паўгадзіны сесці на наступны. Квіток дае права выходзіць і заходзіць колькі заўгодна разоў за час яго дзеяння.

Памятайце, што ў іспанцаў ёсць сіеста. Гэта значыцца, што крамы і кавярні працуюць зранку да 13 ці 14 гадзінаў, а пасля робяць перапынак на сіесту ("пасляабедзенны кароткі адпачынак") да 16-17 гадзін.

ШТО ЯШЧЭ ПАГЛЯДЗЕЦЬ У БАРСЕЛОНЕ?

Акварыум Барселоны. Вы апынаецеся ў сярэдзіне 80-метровай трубы, абапал вас будуць плаваць розныя акулы ды іншыя дзівосныя рыбіны. Усяго ў акварыуме 11 тысяч відаў жыхароў, агульны аб'ём акварыумаў — 6 мільёнаў літраў. Уваход каштуе 17 еўра.

Парк Лабірынт. Знаходзіцца на станцыі метро Mundеt. Арыенцір — за велаарэнай. З выстрыжаных кустоў двухметровай вышыні там створаны вялікі лабірынт, з якога з першага разу можна і не выйсці...

Гара Цібідаба. На ёй знаходзіцца Храм Святога Сэрца Хрыста з фігурай Збаўцы наверсе, якую бачна з усяе Барселоны.

Іспанская вёска. Знаходзіцца непадалёк ад плошчы Іспаніі. Тут сабрана 116 хат, палацаў і храмаў з рознай эпохі. Гэта скансэн, музей пад адкрытым небам, як у Строчыцах пад Мінскам. Тут знаходзіцца таксама горад майстроў з процьмай арыгінальных сувеніраў.

Музычна-светлавыя фантаны на гары Манжуік. Працуюць яны некалькі разоў на тыдзень з 20 да 24 гадзінаў. Відовішча вельмі прыгожае! 

{banner_819}{banner_825}
-14%
-50%
-10%
-30%
-10%
-15%
-10%
-40%