Ірына СІНІЦА, Ларыса ВЯРБА, / Ірына СІНІЦА, Ларыса ВЯРБА

Сучаснае стаўленне да вяселля ў беларусаў значна змянілася ў бок спрашчэння цырымоніі. Асабліва гэта назіраецца ў мінчукоў, якія, калі і збіраюць гасцей, то замест хатняга стала больш як на 100 чалавек ладзяць сціплы банкет у невялікіх рэстарацыях ці кафэ, а то і ўвогуле збіраюцца на прыродзе.

Беларусь: вяселле на прыродзе і віншаванні на плошчы

Нязменнымі застаюцца хіба што жаданне маладой апрануць вясельную сукенку ды амаль поўная адсутнасць роспісу падчас посту.

- Самы гарачы шлюбны сезон пачынаецца з ліпеня і доўжыцца да верасня, а то і кастрычніка, - расказала Наталля Данцэвіч, выконваючая абавязкі начальніка загса адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска. - У гэты час, на жаль, на цырымонію адводзіцца 20 хвілін, хаця для сапраўднага свята патрабуецца хвілін 40. Пасля калядных свят адзначаецца наступная хваля вяселляў, але іх значна менш, чым летніх.

Дарэчы, загс Першамайскага раёна быў першым, які некалькі гадоў таму дазволіў мінчукам, якія дасягнулі 18 год, пакідаць заявы на рэгістрацыю шлюбу праз інтэрнэт. Для такіх пар спецыяльна пакідаюць час у пятніцу і суботу: 11:00, 12:20, 15:00 и 16:20. Але ж за тыдзень да рэгістрацыі “вэб-маладыя”, як і ўсе астатнія, павінны прынесці свае пашпарты ў загс, каб пацвердзіць свой намер узяць шлюб.

У загсах існуе два сцэнарыі ўрачыстай цырымоніі: звычайны і індывідуальны. Першы варыянт каштуе 25 тыс. і ўключае самае неабходнае: роспіс маладых, віншаванні, абмен пярсцёнкамі. Індывідуальны сцэнарый (107 тыс.) значна даўжэйшы, у ім актыўна задзейнічаны маладыя, сведкі і родныя, і ў яго можна ўнесці свае ўласныя пажаданні.

- Як правіла, маладыя імкнуцца дадаць заходняй атрыбутыкі (прынесці клятву вернасці, напрыклад) або хочуць, каб шлейф за маладой неслі маленькія дзяўчынкі, - зазначыла Наталля Данцэвч. - Але мы стараемся праводзіць абрад з элементамі нацыянальных традыцый: з ручніком, на якім маладыя стаяць або праходзяць пад брамай з яго, са словамі падзякі бацькам і г.д.

Зарэгістраваць адносіны мінчане могуць не толькі ў загсах ці ў Палацы шлюбаў, але і ў іншых месцах. Галоўнае патрабаванне, каб гэта было гісторыка-культурнае ці духоўнае асяроддзе (дадому да маладых не паедуць). Каб ажаніцца, напрыклад, у Батанічным садзе, гістарычным музеі ў Дудутках ці Строчыцах, трэба звярнуцца ў загс сталіцы па месцы рэгістрацыі, які скаардынуе свае дзеянні з упраўленнем юстыцыі Мінска, каб вызначыць кошт мерапрыемства і даслаць супрацоўніка, які правядзе цырымонію.

Дні роспісу: чацвер, пятніца і субота, але па дамоўленасці можна зарэгістравацца і ў іншы дзень. Самы пажаданы і актуальны час цырымоніі - 15 гадзін.

Вельмі папулярнай становіцца датэрміновая падача заяў на шлюб. Зараз ужо вядзецца запіс на чэрвень 2011 года.

Акрамя традыцыйных вясельных уцех перад банкетам у Мінску можна зляпіць свой “глечык шчасця”. Вырабляецца першы сямейны посуд у галерэі “Славутыя майстры”, што ў Траецкім прадмесці. Каштуе такая забава 170 тыс. 630 руб.

Існуе ў сталіцы і арыгінальная магчымасць пацешыць маладых праз відэаролік з іх фотаздымкамі і словамі віншавання. 10-секундны запіс кожныя тры хвіліны будзе транслявацца на галоўным відэаэкране сталіцы на Кастрычніцкай плошчы ад 7:30 да 23:30 у дзень вяселля. Такая забаўка-віншаванка каштуе 66 тысяч рублёў.

Асобы, якім не даспадобы родныя мясціны, могуць зарэгістравацца і за мяжой. Пераклад пасведчання краіны, дзе адбывалася цырымонія, трэба заверыць у натарыуса і звярнуца з ім у загс па месцы рэгістрацыі, каб шлюб быў прызнаны і ў Беларусі.

Літва: не зняўшы вэлюм, не цалуюць

1 верасня споўніўся год, як у Літве пачалі дзейнічаць правілы, па якіх маладыя могуць зарэгістраваць шлюб не толькі ў тэрытарыяльным аддзеле рэгістрацыі шлюбу альбо шматлікіх касцёлах ды цэрквах, а і ў любым грамадскім месцы па сваім выбары.

Нельга сказаць, што ўсе адразу кінуліся скарыстоўваць такую магчымасць. Па словах загадчыцы Віленскага аддзела метрыкацыі Ілоны Юргуцене, з 900 пар, якія пажадалі ў гэтым годзе афіцыйна аформіць свае ўзаемаадносіны, толькі 39 пар выбралі нетрадыцыйную абстаноўку і рэгістравалі шлюб у розных грамадскіх месцах. Яшчэ 28 пар плануюць зрабіць гэта ў бліжэйшай будучыні.

Зразумела, што такія заяўкі падаюцца ў асноўным у летнюю пару. Найбольшай папулярнасцю ў маладых карыстаюцца Батанічны сад, Ратуша, Веркяйскі парк, забаўляльны комплекс “Бяльмонтас”. Зрэшты, выбраць можна любое месца, галоўнае, каб ідэя пары і абранае месца не супярэчылі грамадскаму парадку і маралі, не неслі пагрозы здароўю і жыццю людзей.

Шлюб можна рэгістраваць толькі ў аддзеле метрыкацыі па месцы жыхарства, таму калі віленчукі захочуць правесці вясельную цырымонію на беразе мора (а гэта ўжо Клайпедскае самакіраванне), неабходна, каб хтосьці з пары задэклараваў у Клайпедзе месца жыхарства. Аднак і гэтага недастаткова для таго, каб арганізаваць, напрыклад, рамантычнае свята на захадзе сонца ці ўначы пры свечках: супрацоўнікі Палаца шлюбаў выязджаюць “на месца” толькі ў пятніцу і суботу, і толькі з 8.00 да 17.00.

Рэгістрацыя шлюбу ў віленскім Палацы шлюбаў - 70 літаў (20 еўра).
Рэгістрацыя ў грамадскім месцы - 210 літаў (61 еўра).
Рэгістрацыя ў касцёле альбо царкве (агульнапрынятая лічба) - 100 літаў (29 еўра). Але можа каштаваць столькі, колькі вы зможаце ці палічыце патрэбным заплаціць.
Шампанскае ў віленскім Палацы шлюбаў напрыканцы ўрачыстай цырымоніі (два бакалы для маладых) - 150 літаў (43 еўра).


Нягледзячы на розныя новаўвядзенні, маладыя пакуль яшчэ аддаюць перавагу традыцыйнаму вяселлю і ўсяму, што з ім звязана, а гэта значыць вянчанню ў касцёле ці царкве альбо рэгістрацыі ў аддзеле метрыкацыі. Дарэчы, царкоўны шлюб мае такую ж юрыдычную сілу, як і грамадзянскі. Пасля заканчэння афіцыйнай часткі - пікнік дзе-небудзь у прыгожым месцы з фотасесіяй ці без яе. Адно з улюбёных месцаў маладых пар - Тракайскі замак. Нярэдка для такіх пікнікоў выбіраюць і Кярнаве (верагодная старадаўняя сталіца), Веркяйскі парк альбо забаўляльны комплекс “Бяльмонтас”. Зрэшты, чаго-чаго, а рамантычных прыгожых куткоў у Вільні хапае. У віленчукоў зусім адсутнічае такая папулярная сярод беларусаў традыцыя, як ускладанне кветак да помнікаў, затое многія пары ў святочны дзень заязджаюць у фотаатэлье, каб зрабіць здымак на памяць. Яшчэ адна сталая традыцыя, калі малады пераносіць сваю каханую праз мост, паступова саступае свае пазіцыі звычайнаму распіццю шампанскага на мосце. Ну і правільна - мужчын трэба берагчы, іх і так менш, чым нас.

Да нядаўняга часу існавала яшчэ адна асаблівасць, звязаная з вяселлем: у газеце напярэдадні выхадных друкаваліся звесткі з Палаца шлюбаў - імёны і час рэгістрацыі. І маладую сям’ю на выхадзе маглі сустракаць з кветкамі і віншаваннямі сябры, знаёмыя, калегі, а таксама... пакрыўджаныя маладзіцы з немаўлятамі на руках. Можа, таму і адмянілі гэтую традыцыю?

Цікавосткі

...На літоўскім вяселлі нярэдка прысутнічае салодкі пачастунак “Шакоціс”. Гэты ласунак адрозніваецца не толькі сваім знешнім выглядам, а і адмысловым рэцэптам: для прыгатавання цеста на 1 кг мукі бярэцца 30-50 яек.

...Традыцыйнае літоўскае вяселле доўжыцца два дні. На другі дзень сваты частуюць гасцей сырам, які “знайшлі ў маладых пад ложкам - тыя за ноч збілі”. І цалавацца маладыя могуць толькі на другі дзень, калі з маладой жонкі знялі вэлюм і павязалі ёй на галаву хустку. Пры гэтым спачатку іх “вучаць” цалавацца сябры, потым сваты паказваюць, як трэба цалавацца, і толькі пасля цалуюцца самі маладыя.

{banner_819}{banner_825}
-45%
-30%
-20%
-20%
-25%
-35%
-15%
-50%
-50%