Отдых


Глеб ЛАБАДЗЕНКА,

Падарожжа ў Барселону пачалося для мяне ў Ашмянах. У аўтобус "Мінск - Каўнас" забегла рота цётачак-кантрабандыстак, якія пачалі ліхаманкава распіхваць па шчылінах аўтобуса гарэлку і цыгарэты. Рэшту яны на прамілы Бог прасілі ўзяць астатніх пасажыраў (у дазволеных маштабах). Я такія рэчы не вельмі люблю, таму, калі дайшлі да мяне, зрабіў сур'ёзны выраз твару і адказаў: "Даруйце, мне нельга, я ў міліцыі раблю". Дзядзечка з дыяганальнага сядзення, які літасціва згадзіўся перавезці праз мяжу пляшку гарэлкі і пару пачкаў папяросаў, павярнуўся і з пагардай спытаў: "А што, калі ў міліцыі, дык не чалавек?!" Я зразумеў, што Барселона блізка.

Ашмянскія кантрабандысткі супраць літоўскіх мытнікаў

Мяжа Еўрасаюза, як вы здагадаліся, прыпала для мяне на пераезд Ашмяны - Вільня. Гэтыя памежнікі - адзіныя, хто будзе ставіць пячаткі ў пашпарт. Хіба толькі супрацоўнікі аэрапорта глянуць. 
Шырыня вулак у Еўропе заўжды здзіўляе нашага чалавека


Спачатку ўсіх вытрасаюць з аўтобуса нашы - праходзьце праз залу і паказвайце пашпарты. Хіба да гэтага памежнага пункта яшчэ не дакаціўся цуд цывілізацыі - спецыяльныя ноўтбукі, якімі карыстаюцца памежнікі?.. Нашы, аднак, глядзяць хуценька, пасля пачынаецца цырк на літоўскай мяжы. Усіх таксама вытрасаюць, аднак узнікаюць прыгоды.

- Чаму так доўга?! - пішчыць з сярэдзіны чаргі дзяўчына на літоўскага памежніка. - У мяне, між іншым, у Вільні самалёт праз 3 гадзіны адпраўляецца, вы хочаце, каб я спазнілася?!

- У такім разе вы выбралі не той аўтобус!.. - з выглядам Джэймса Бонда адказвае ёй бялявы літоўскі памежнік у акулярах. - Нашы супрацоўнікі дэталёва правяраюць аўтобус на наяўнасць кантрабанды. І, ведаеце, небеспаспяхова.

Хвілін 20 ці больш усе проста стаяць на месцы ў чаканні сканчэння праверкі. Тым часам адна з "кантрабандыстак" паказвае ўнікальны нумар: скідвае лішнія пачкі цыгарэт у аранжавы пакет - і просіць мяне пакласці яго за дзвярыма, каб і адсюль, і з вуліцы не было відаць. Прайшоўшы мытню, яна выходзіць на двор і шпарка забірае тавар з-за дзвярэй. Трэба сказаць, нашыя "кантрабандысткі" пераплюнулі літоўскіх мытнікаў — тыя знайшлі далёка не ўсё. Аднак не будзем падстаўляць суайчыннікаў і выдаваць схованкі.

Што ў шатландцаў пад спадніцай?

На квітку, які я раздрукаваў з камп'ютара, значыцца: "Каўнас — Барселона — Каўнас". Бо я не такі багаты, каб лётаць з Мінска. Вось параўнайце. Наколькі я ведаю, самы танны квіток Мінск — Барселона — Мінск каштуе 250 еўра (мне пра такі казалі, але сам я не знайшоў). Тое, што ўдалося знайсці адразу - 320 еўра ў адной авіякампаніі і 565 у іншай. Авіяквіток Каўнас - Барселона - Каўнас абышоўся прыкладна ў 140 еўра. Дабрацца да Каўнаса і назад - 124 тысячы. Агулам - 170 еўра. Эканомія - мінімум ад 80 да 425 еўра альбо ад 312 тысяч да 1 мільёна 657 тысяч 500 рублёў. Па-мойму, вартая таго, каб правесці пару гадзін у аўтобусе. Тым больш што, калі вы дасталі шэнгенскую візу, праблема здымаецца цалкам.

У Каўнасе (а беларускаму вуху чуецца: "ў Коўне") ад аўтавакзала да аэрапорта наўпрост давязе гарадскі аўтобус № 29. Квіток - 2 літы (каля 2250 рублёў). Аэрапорт утульны і хатні. Усё інтуітыўна зразумела - дзе здаваць багаж, дзе садзіцца на самалёт. Толькі піва дарагое - тое самае, што ў прывакзальнай краме ў Вільні стаяла за 3 літы (каля 6750), тут на разліў даюць за 7 (каля 15750). І піва, скажу вам, так сабе - прыкладна як... Зрэшты, не будзем нарывацца на судовую позву ад аднаго мінскага піўзавода. У горадзе-героі за такія грошы можна на разліў выпіць сапраўднага ірландскага піва ды яшчэ рыбкі пажаваць у дадатак. 

Тут табе ў аэрапорце - і апарат з кавай, і апарат з усякімі вафелькамі-шакаладкамі, і аўтаматычныя камп'ютары з інтэрнэтам. І нават калі ты раскладзеш на чамадане смажаную дома курыцу ў фользе і гурочкі-памідорчыкі - ніхто асабліва супраць не будзе.

Аднак якраз сёння літоўцы гулялі тут у футбол з шатландцамі. А шатландскія заўзятары - вам казаць не трэба - на ўсе матчы следам за сваімі кумірамі ездзяць у нацыянальным адзенні - кілтах. Ці, па-нашаму, мужчынскіх спадніцах. І вось завальваецца ва ўтульны аэрапорцік такіх фанатаў штук сто. Адзін кажа нешта кшталту:

- Мужыкі, а давайце ім пакажам нашы нацыянальныя танцы і спевы!..

І я адразу згадаў, як пару гадоў таму з шатландцамі гулялі нашы ў Мінску. І ў беларускіх дзяўчат быў шок, калі па праспекце Незалежнасці пачалі разгульваць прывабныя хлопцы ў спадніцах. Памятаю, дзяўчаты ўсё абмяркоўвалі, ці ёсць у тых хлопцаў што пад спадніцамі. І, магчыма, зусім не здагадваліся, што ў гэтым якраз і традыцыя — не надзяваць бялізну пад кілт. У Шатландыі нават перыядычна разгараюцца дэбаты на гэтую тэму. Напрыклад, адна кампанія, якая ўжо шмат гадоў здае кілты напракат, увяла строгае правіла: пад кілты надзяваць трусы. Альбо ты надзяваеш трусы — альбо не дамо табе кілта, і шукай дзе хочаш. Матывавалі тым, што гэтыя кілты не адмыць пасля. Аднак шатландцы запратэставалі: як так — традыцыя! Сябра Кансерватыўнай партыі Шатландыі Джэмі Макгрэгар сказаў проста: "Я лічу гэта поўнай лухтой. Таямніца таго, што ў свядомага шатландца знаходзіцца пад кілтам, з'яўляецца гэткай жа абавязковай часткай нашай культуры, як лахнэская пачвара. Новае правіла знішчыць усю рамантыку і містыку. Гэта немагчыма, яны не маюць права так паступіць".

Між іншым, калі пабачыце шатландца ў кілце, звярніце ўвагу на нейкія жалязякі на поясе. Існуюць розныя версіі, для чаго яны. Самая лагічная - каб спадніца не задзіралася ад ветру.

Але якая розніца, што ў іх там пад спадніцай? Шатландцы - вясёлы і добразычлівы народ. У 2 гадзіны ночы ў каўнаскім аэрапорце яны зладзілі цэлае шоу нацыянальнай музыкі, спеваў і танцаў. З завадатарам-валыншчыкам я не мог не сфоткацца. У якасці ганарара падараваў яму шакаладку "Алёнку". Той пры слове "Беларусь" ажывіўся і сказаў, што быў на тым матчы і вельмі ўпадабаў Мінск.

Правінцыйны аэрапорт і 5,5 мільёна пасажыраў 

Самалёт прылятае ў аэрапорт Жыроны, што за 92 кіламетры ад Барселоны. Ён такі ж утульны і маленькі, як у Каўнасе. Гэты аэрапорт часта выкарыстоўваецца як альтэрнатыва аэрапорту Барселоны - бо сюды лётаюць танныя авіякампаніі. Аэрапорт быў збудаваны ў 1965 годзе, аднак доўгі час не карыстаўся вялікай папулярнасцю. І толькі на пачатку 2000-га, калі адна з танных авіякампаній выбрала гэты аэрапорт сваім "хабам" (перасадкавым цэнтрам), пасажырапаток узрос у 10 разоў - з 557 тысяч пасажыраў у 2002 годзе да 5,5 мільёна пасажыраў за 2008 год. І гэта - правінцыйны аэрапорт (у Жыроне жыве 94 тысячы чалавек, гэта менш, чым у Маладзечне). Для параўнання - за 2008 год наш нацыянальны аэрапорт "Мінск-2" прыняў 1 мільён 10 тысяч пасажыраў...

Пашпарты ў Барселоне не глядзяць - Еўрасаюз. Ад аэрапорта да Барселоны дабрацца каштуе 12 еўра, туды-назад 21. Дорага, але іншага выйсця няма. Гадзіна дзесяць ва ўтульным аўтобусе - і вось яна, Барселона!..

Дык у чым розніца між Мінскам і Барселонай? 
Тое, што ў марскім горадзе - звыклая справа, для беларуса - цікавостка


Калі коратка - у 13 градусах. 7 верасня а 15.00 у горадзе-героі было +15 градусаў, у Барселоне - +28. У моры, здаецца, столькі ж.

- Гэй, вам памагчы?.. - шчыра ўсміхаецца прадавец бутэрбродаў у метро, пабачыўшы разгубленых беларусаў з валізамі. - Магчыма, вы шукаеце гатэль, дык гэта да канца перахода і налева!..

Тут разумееш, што Бог, відаць, гартуе беларусаў нашым кліматам. Як кажуць, пад прыгнётам мужнее нацыя. Колькі б пратрываў тутэйшы абарыген каля Нацыянальнай бібліятэкі, калі ў яго родным горадзе нават зімой не бывае халадней за +10?..

Гэта неістотна: беларус гатовы трываць тут даволі доўга. У маім выпадку - тыдзень. Перад паездкай усе навыперадкі папярэджвалі (і хто быў тут, і хто не быў): сцеражыся, горад вельмі дарагі! Аднак, як паказвае практыка, калі падыходзіць да гэтых пытанняў рацыянальна, можна харчавацца за прымальныя грошы ў любым горадзе любой краіны.

Варыянт першы - супермаркеты. Кілаграм бананаў — 2600 на нашы грошы, два літры соку - 4800, невялікая дыня - 3900, каўбаса прадаецца нарэзанымі кавалкамі ва ўпакоўках па 1-2 еўра. На раз паесці хапае.

Тое, што ў марскім горадзе - звыклая справа, для беларуса - цікавостка.

Іншы варыянт - кавярні. Бадай, самы танны варыянт - шукаць кавярню з так званым салат-барам. Гэта калі бярэш усяго колькі хочаш (па прынцыпе шведскага стала) і плоціш фіксаваную суму. Я знайшоў такую ў самым цэнтры. Кошт - 9,95 еўра (38 800). Аднак за гэтыя грошы можна так налупіцца ад пуза, што хопіць на цэлы дзень! Прычым, заплаціўшы гэтую "стаўку", можна падыходзіць да стойкі з ежай зноў і зноў. А там - розная гародніна, супчык-гаспача з памідораў, макарона, бульба, каўбаса, рыбныя палачкі, піца, салацікі. Плюс напоі - пэпсі, кава-гарбата і нават піва. Пі, еш - колькі хочаш. Шкада, як кажуць, што на тры дні наперад не наясіся.

Гатэльчык, дзе ўдалося спыніцца (загадзя зарэзерваваўшы месца праз інтэрнэт) - тыповы еўрапейскі хостэл. Гэта значыць - без вялікіх выгодаў (душ на калідоры), затое танна і дэмакратычна. У пакоях - ад двух да 12 чалавек, кошт змяняецца прапарцыйна. Скажам, месца ў пакоі на дванаццаць чалавек каштуе 17 еўра, у пакоі на чатырох — 21 еўра, а ў пакоі на дваіх (гэта самае дарагое) - 29 еўра. У хостэле - дармовы інтэрнэт і камп'ютары, кухня (пліта, мікрахвалёўка, тостар, чайнік, лядоўня), пральная машына... У кожным пакоі - кандыцыянер і прыбіральня. Знаходзіцца хостэл каля самага выхаду з метро, да мора - шэсць хвілін пехам.

На пляжы аншлагу не назіраецца. Напэўна, асноўны сезон ужо скончыўся. Незразумела, чаму. Горача. Мора цёплае. Сонца паліць - можна з бледнай спірахеты за два дні зрабіцца, як шакаладка.

Пайду рабіцца.