Надзея ДРЫЛА,

Падумаць толькі, крыху больш як 4 гадзіны пералёту, і ты на зямлі, на якой Бог, згодна з Бібліяй, з'явіўся прароку Майсею і перадаў людзям скрыжалі з 10 запаветамі. Менавіта тут, непадалёку, на поўдні Сінайскага паўвострава — той малой частцы Егіпта, якая ляжыць не ў Афрыцы, а ў Азіі — і знаходзіцца знакаміты курортны горад Шарм-эль-Шэйх (назва перакладаецца як "заліў шэйха"). І, безумоўна ж, галоўнае, дзеля чаго сюды імкнуцца турысты (так і хочацца сказаць "з усяго свету", але, як высветлілася, пераважна з Расіі і Італіі), непараўнальнае, багатае на рознакаляровыя каралы і экзатычных рыб, Чырвонае мора.

Мора, рыбкі ды пальмы — гэта ўсё, безумоўна, цудоўна. Але асабіста для мяне падчас кожнай вандроўкі найбольшую цікавасць прадстаўляюць мясцовыя жыхары, іх норавы, звычкі, лад жыцця...

"У Рамадан для турыстаў самыя вялікія зніжкі"

З самага першага кроку на егіпецкую зямлю мы не пераставалі здзіўляцца. Па-першае, куды б ні прыйшлі, паўсюль у гэтай краіне мяне прымалі за сваю. "Надзя? Дык гэта ж егіпецкае імя!" "Маю маці звалі Надзя". "А ў мяне сястра Надзя". Па-другое, прыляцелі ў Шарм-эль-Шэйх якраз на другі дзень свяшчэннага месяца мусульман, якіх у Егіпце, да слова, значна больш, чым хрысціян. Таму ў нас была ўнікальная магчымасць на свае вочы пераканацца ў тым, што егіпцяне — надзвычай веруючая нацыя. Уявіце толькі, на вуліцы больш за 40 градусаў, а яны ад усходу сонца і ажно да яго заходу нават вады ў рот не бяруць. Пра ежу, цыгарэты і жанчын я ўжо маўчу. На апошніх нават глядзець нельга, не тое што ўступаць з імі ў больш цесны кантакт.

— Ёсць сярод егіпцян добрыя мусульмане і дрэнныя. Але, дзякуй Алаху, добрых больш, — кажа прадавец сувеніраў Сулім. — Прынамсі, я строга выконваю пост. І вельмі ўдзячны тым турысткам, якія з павагай ставяцца да нашых звычаяў і не ходзяць па вуліцах горада ў купальніках.

Як жа я здзівілася, калі аднойчы ўбачыла, як 21-гадовы Зізо, які трымае разам са сваім старэйшым братам Адамам парфумную крамку паблізу нашага гатэля, у самым разгары дня п'е ваду.

— А як жа Рамадан? — цікаўлюся.

— Мне можна, — усміхнуўся ён і паказаў на гузак на сваім калене. — Я пашкодзіў нагу і доктар прапісаў мне антыбіётыкі. Але як скончыцца Рамадан, я буду працягваць несці ўразы (пост) за прапушчаныя дні.

На мініяцюрнай палічцы я прыкмеціла невялічкую зялёную кніжачку (такая ёсць практычна ў кожнай крамцы). Працягнула руку, каб паглядзець, але не паспела...

— Нельга, — спыніў мяне Зізо. — Гэта свяшчэнная кніга мусульман. Ты ж хрысціянка, а да Карана можа дакранацца толькі чалавек нашай крыві.

Здзіўляліся мы спачатку і тады, калі замест прывітання чулі ад мясцовых жыхароў: "Рускі? З Новым годам!" Калі ж мусульмане бачылі, што рускі не зусім у тэме — які Новы год, лета ж на дварэ? — дадавалі ўсё з той жа заўсёднай усмешкай: "Ты што, не ведаеш: у нас Рамадан!".

Толькі пасля наш новы знаёмы, прадавец папірусаў Алі (для рускіх Саша) патлумачыў, што пад Новым годам егіпцяне, якія ў большасці ведаюць рускую мову павярхоўна, разумеюць Раство Хрыстова (Рамадан па значнасці такі ж пост, як Вялікі ў хрысціян перад Раством).

Дарэчы, усім турыстам, якім выпала адпачываць падчас Рамадану, пашчасціла больш за астатніх, бо ў пост (асабліва ў першыя і апошнія яго дні) веруючыя егіпцяне робяць турыстам добрыя зніжкі. Так што, землякі, паспяшайцеся ў аэрапорт, да канца свяшчэннага месяца засталося яшчэ цэлых два дні...

"Жонку мне выбрала маці..."

Калі новыя знаёмыя бачылі майго аднагрупніка ў кампаніі трох дзяўчат, то не ўпускалі магчымасці пажартаваць: "Дык ты, Віталь, аказваецца, казанова. Не губляй магчымасці — прымай мусульманства. У нас і чатыры жонкі можна мець".

Праўда, паводле іх слоў, мець чатыры жонкі можа сабе дазволіць толькі надзвычай багаты мусульманін.

— У яго, як мінімум, павінны быць чатыры кватэры альбо чатырохпавярховы дом, — удакладняе ўладальнік рэстаранчыка "Аладзін" і супрацоўнік турыстычнай кампаніі па сумяшчальніцтве Іма. — Асабіста я маю адну жонку, і іншай мне не трэба, хоць я і мог бы забяспечваць калі не чатырох, дык дзвюх дакладна.

Жонку Іму выбрала маці. Паводле яго слоў, гэта тут нармальная з'ява, бо менавіта апошняй давядзецца праводзіць з нявесткай больш за ўсё часу.

— Самі падумайце, я практычна круглы год зарабляю грошы тут, у Шарме. Дадому прыязджаю ненадоўга. Але ўжо калі выбіраюся, то ўвесь вольны час праводжу з жонкай і дзецьмі. Дарэчы, можаце мяне павіншаваць, я днямі ў чарговы раз стаў татам.

— Іма, прабач за нясціплае пытанне, а колькі вярблюдаў ты аддаў за сваю будучую жонку?

— Усе прэтэндэнты на руку і сэрца егіпцянкі цяпер, як правіла, разлічваюцца не вярблюдамі, а золатам. Мне жонка абышлася ў 300 грамаў золата. Гэта дастаткова шмат па нашых мерках.

Егіпцяне, заўважыла, з задавальненнем расказваюць пра сваю сям'ю. Алі, напрыклад, сам падахвоціўся паказаць на мабільным тэлефоне сваіх маленькіх сына і дачку.

— А на "хабібі" (каханую) тваю можна паглядзець? — цікавімся.

— А я не маю пры сабе яе фота, бо тут са мной працуе шмат мужчын. Кожны пры жаданні можа ўзяць тэлефон і паглядзець на яе. Я не магу гэтага дапусціць, мая жонка толькі для мяне.

"На "Цячэ вада ў ярок" ды "Ехаў Ясь на кані" збегліся не толькі рускія, але і італьянскія турысты" 
На што толькі не ідуць егіпцяне, каб прыцягнуць увагу турыста.


Турысты — асноўная крыніца даходаў егіпцян круглы год. Таму, зразумела, мясцовыя жыхары трымаюцца за сваю працу ў Шарм-эль-Шэйху, дзе ўзровень жыцця вышэйшы ў параўнанні з іншымі гарадамі краіны.

— Ведаеш, у нас непрэстыжна вучыцца ва ўніверсітэце, — кажа Іма, — бо знайсці працу па спецыяльнасці практычна нерэальна. Я — жывы прыклад. У свой час скончыў універсітэт і, не знайшоўшы сабе прымянення, вымушаны быў падацца ў турыстычны бізнэс. Вось ужо больш як 15 гадоў працую ў Шарм-эль-Шэйху. Дзякуючы яму і забяспечваю сваю сям'ю.

Большасць занятых у турбізнэсе егіпцян змогуць падтрымаць размову на англійскай, рускай і італьянскай мовах.

— Я тут ужо 11 гадоў працую, — кажа 28-гадовы прадавец сім-картаў Алі. — Кожны дзень знаёмішся з новымі людзьмі, рады не рады, а будзеш запамінаць новыя словы. Тым больш, ты ж разумееш, турысты, скажам так, нас кормяць. Каб нешта прадаць, да кожнага з вас трэба знайсці падыход, а без ведання мовы гэта нерэальна. Таму слухаем, запамінаем, калі што незразумела, пытаемся.

Для мяне паказчыкам добрага ведання мовы іншаземцам з'яўляецца пачуццё гумару. Зможа пажартаваць на чужой мове — 10 балаў. Асобныя егіпцяне гэтай адзнакі, паверце, заслугоўваюць. Напрыклад, усе рускамоўныя пырснулі са смеху, калі Алі на пытанне, дзе яго брат, адказаў: "Дзе, дзе, у Карагандзе". Ведае ён і тое, што "дзякуй у кішэню не пакладзеш і на хлеб не намажаш..."

З пачуццём гумару, дарэчы, у мясцовых жыхароў, пераканаліся, усё ў парадку. Але ён (гумар), як і графіці на сценах, надзвычай спецыфічны. Трэба было бачыць, як адзін з работнікаў Алі ўвайшоў у вобраз фараона, а яшчэ два хлопцы лістамі папіруса пачалі выратоўваць свайго правіцеля ад спёкі. Тэатралізаванае прадстаўленне суправаджалася рэмаркамі на арабскай мове.

Егіпцяне вельмі жыццярадасныя і адкрытыя. Калі мы папрасілі іх паспяваць іх нацыянальныя песні, то яны зрабілі гэта з задавальненнем. Пасля гэтага выказалі жаданне пачуць беларускія песні. Што б вы думалі — на "Цячэ вада ў ярок" ды "Ехаў Ясь на кані" збегліся не толькі рускія, але і італьянскія турысты! Вось так экспромтам мы прыцягнулі ўвагу новых Сашавых пакупнікоў. 

Не схлушу, калі скажу, што Шарм-эль-Шэйх пасля заходу сонца нагадвае сапраўдны мурашнік. Тут з усіх бакоў спрабуюць не столькі прадаць, колькі ўпіхнуць усё, на чым хоць на долю секунды затрымаўся погляд турыста. З усіх бакоў даносіцца "Водка-селёдка — хорошая скидка" і іншыя завучаныя фразачкі. Таргавацца тут патрэбна, праўда, галоўнае, не перагнуць палку. Бо рызыкуеце пачуць у свой адрас злоснае "сквапны турыст" альбо што-небудзь больш крыўднае. Калі ж вы зайшлі толькі пакінуць рэкламу (тут кожны просіць напісаць водгук пра яго краму), але нават пасля таго, як вас з ног да галавы абмазалі вярблюджым маслам, нічога не купілі, то таксама рызыкуеце быць палітым граззю. 
Графіці на вуліцах Шарм-эль-Шэйха такія ж спецыфічныя, як і егіпецкі гумар.


Але, і гэта вельмі важная заўвага, вам можа пашчасціць сустрэць іншых прадаўцоў. Тут, як і паўсюль, жывуць і працуюць розныя людзі.

— Запомніце, незалежна ад таго, купіце вы ў мяне што-небудзь ці не, вы мае сябры, — сказаў нам падчас знаёмства Зізо. — А з прадаўцамі трымайце вуха востра, бо хапае тут хітруноў.

У словах Зізо мы пераканаліся ў той жа дзень. Егіпцянка, адзіная жанчына з абслуговага персаналу, якую я бачыла ў Шарм-эль-Шэйху, на пляжы за масаж папрасіла 15 долараў. Калі я дала ёй 100 мясцовых фунтаў, то замест 25 яна працягнула мне 10 фунтаў рэшты. Убачыўшы, што я ўсё ж такі паспела разабрацца ў егіпецкіх грашах, пачырванела і папрасіла прабачэння.

Насамрэч было такое адчуванне, што кошты мясцовыя бізнэсоўцы прыдумляюць з галавы. Інакш чым можна патлумачыць тое, што ў адным і тым жа месцы за паўлітровую "Колу" мы па дарозе на мора аддалі 2 долары, а на зваротным шляху — ужо 3...

"Мінск, Лукашэнка, бібліятэка, Янка Купала..."

Першым, каго мы сустрэлі на вуліцах Шарма, быў уладальнік кавярні і некалькіх крамаў, які назваўся Сяргеем Іванавічам (большасць тамтэйшых бізнэсоўцаў, каб зрабіць прыемнае рускамоўным турыстам, прыдумваюць сабе рускія імёны. Не памылюся, калі скажу, што практычна ўсе тут Сашы і Сярожы). Менавіта ён навучыў нас правільна завязваць арафаткі (галаўны ўбор бедуінаў). Праўда, запомніўся гэты егіпцянін у першую чаргу тым, што без нічога ніякага пачаў чытаць Пушкіна: "Я помню чудное мгновенье, передо мной явилась ты..."

Больш жа за ўсё здзівіла і парадавала тое, што, апроч выбітных рускіх класікаў, прадстаўнік тур-агенцтва, які сустракаў нас у аэрапорце, назваў — каго б вы думалі? — Янку Купалу. Пераканана, што Ахмед яго не чытаў, але прыемна, згадзіцеся, што недзе на іншым кантыненце чулі пра беларускага Купалу. І яшчэ, ведаеце, у Егіпце, на шчасце, не блытаюць беларусаў з расіянамі, і не акругляюць вочы пры слове Беларусь і беларусы.

— Мінск, Лукашэнка, бібліятэка... — пачаў загінаць пальцы Алі. — Не былі мы ў вашай краіне, але ж неаднаразова чулі пра яе.

Больш жа за ўсіх узрадаваўся, калі даведаўся, што мы не адкуль-небудзь, а з Беларусі, Зізо.

— У мяне ў Беларусі шмат сяброў, — шчыра ўсміхаецца малады чалавек і ў якасці доказу паказвае развешаныя на сценах крамкі станоўчыя водгукі, у тым ліку і ад беларусаў. — З усіх турыстаў больш за ўсё люблю беларусаў. За іх шчырасць.

— Апошнім часам да нас прыязджае ўсё больш і больш беларусаў, — уліваецца ў размову Адам. — Бачыце, мне вашы землякі які куфель падарылі (паказвае гліняны куфель з гербамі ўсіх абласных цэнтраў Беларусі). Хоць я піва і не п'ю, але гэтым падарункам вельмі даражу.

— А вось і вашы беларускія грошы, — паказвае Зізо сторублёвую купюру на сцяне магазінчыка. — Гэта для мяне самы лепшы падарунак.

На шчасце, у нас аказаліся з сабой і іншыя айчынныя купюры, таму цяпер у калекцыі побач з Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Беларусі пачэснае месца займаюць Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў, Нацыянальны банк Беларусі, Брэсцкая крэпасць-герой ды Нацыянальны мастацкі музей.

Каб паглядзець на сінявокую сваімі вачыма, мы запрасілі новых сяброў у госці. Запрашэнне яны прынялі без асаблівага энтузіязму.

— Хацелася б вельмі куды-небудзь паехаць, паглядзець, як іншыя людзі жывуць, — кажа Зізо. — Але, ведаеш, большасць егіпцян, якія працуюць з турыстамі, акрамя Егіпта, нідзе і не былі. Я не выключэнне. Бо тут працы хапае круглы год. Мы з братамі, безумоўна, даём адзін аднаму адпачынак на месяц. Можна было б куды-небудзь паехаць, але за паўгода так ссумуешся па бацьках, братах ды сёстрах, што не раздумваючы бярэш білет на самалёт у Каір.

Набылі білет у Афрыку і мы. І зусім не пашкадавалі, бо Іму сапраўды меў рацыю, калі сказаў, што той, хто прыляцеў у Егіпет і не трапіў у Каір, можна лічыць, і не быў у Егіпце...

{banner_819}{banner_825}
-50%
-50%
-10%
-30%
-15%
-40%
-15%
-50%
-10%
-50%