Генадзь Бураўкін – з тых творцаў, якія ўвесь цёплы перыяд года праводзяць на лецішчы. Добра, лецішча ў Бураўкіна зусім недалёка – у Крыжоўцы, пад Мінскам. Паэт не мае тут традыцыйнай бульбы ды капусты – для пісання вершаў гэта рэч зусім неспрыяльная. Затое мае сад, лаўкі пад дрэвамі, цудоўны краявід. Чым займаецца ў сябе на лецішчы Генадзь Бураўкін напярэдадні свайго Дня нараджэння 28 жніўня?

Генадзь Бураўкін: “Ну чым займаюся… Радуюся таму, што ёсць дрэвы вакол маёй хаты крыжоўскай, ёсць неба высокае, ёсць птушкі, якія пяюць – радуюся таму, што можна жыць на роднай беларускай зямлі ў гэтым куточку”.
 
Генадзь Мікалаевіч у свой час быў карэспандэнтам “Праўды” ў Беларусі, затым 12 гадоў кіраваў Белтэлерадыё, пасля быў прадстаўніком Беларусі пры ААН. Аднак на лецішча цяпер ездзіць… на электрычцы.

Генадзь Бураўкін: “Ёсць электрычка – не так далёка гэта ад Мінску… А часам і дзеці мяне падвозяць – у іх машыны ёсць…”
 
За свае 74 гады Генадзь Мікалаевіч так і не займеў свайго аўто.

Генадзь Бураўкін: “Ніколі не меў машыны – не было неабходнасці вучыцца, так і не навучыўся. Так неяк атрымлівалася, што не хапала ў нас сродкаў на тое, каб набыць машыну, а таму мы яе і не мелі. У іншых машыны былі – у Быкава, у Шамякіна, у Макаёнка. Але гэта людзі, якія былі ў параўнанні з намі дастаткова багатыя”.
 
Гісторыя з’яўлення гэтага лецішча ў Бураўкіна вельмі цікавая – да яе спрычыніліся такія вядомыя асобы, як драматург Мікола Матукоўскі, драматург Андрэй Макаёнак і колішні кіраўнік Беларусі Пётр Машэраў.

Генадзь Бураўкін: “Гісторыя з’яўлення гэтага лецішча для мяне вельмі дарагая. Я жартам называю, што вось гэтая мая хата вясковая прыдарожная – гэта своеасаблівы помнік тром дарагім для мяне людзям. Майму сябру, выдатнаму драматургу Міколу Матукоўскаму, які яе знайшоў, гэтую хату. Андрэю Макаёнку, які пазычыў грошы, каб купіць – бо тут быў гаспадар, прафесар педынстытута, стары ўжо чалавек, якія хацеў яе збыць. І Пётр Міронавіч Машэраў, які дапамог усё гэта афіцыйна аформіць, бо ў той час была барацьба з уласніцкімі інстынктамі. І не толькі не дазвалялі будаваць лецішчы, але не прасцей было і прадаць-купіць ужо збудаванае лецішча. Таму вось гэтыя тры чалавекі і дапамаглі, што я стаў гаспадаром гэтай вось маёй прыдарожнай крыжоўскай хаты”.
 
Бураўкін згадвае, што каштавала лецішча тады – як дзве машыны. Але і знайсці такія вялікія грошы, і аддаць іх яму дамапог выпадак.

Генадзь Бураўкін: “Макаёнак мне даў грошы без усякіх распісак, проста пад чэснае слова. Па тым часе гэта каштавала недзе каля 15 тысяч рублёў – прыкладна як дзве легкавыя машыны. А аддаў я грошы гэтыя так. Мне пашанцавала, што я быў адзін з аўтараў сцэнарыя двухсерыйнага фільма “Полымя” пра партызанскую вайну. А тады за кіно плацілі добрыя грошы, я атрымаў гэты ганарар – і з Макаёнкам расплаціўся”.
 
Генадзь Мікалаевіч з цёплынёй пералічвае сваіх сяброў, якія бывалі тут – і пералік нагадвае змест школьнага падручніка па беларускай літаратуры!..

Генадзь Бураўкін:Тут бывала столькі вядомых людзей, што можна ўсю нашу хату абвешаць шыльдамі! Часта бываў тут Васіль Быкаў, часта бываў тут Рыгор Барадулін, Валянцін Болтач, Сяргей Законнікаў, Мікола Якаўлевіч Аўрамчык, Пімен Емельянавіч Панчанка, Уладзімір Някляеў… І многія-многія іншыя…”
 
Аднак найвялікшая карысць ад лецішча, лічыць Бураўкін, што тут гадаваліся дзеці, унукі – і заўсёды добра пісаліся вершы.

Генадзь Бураўкін: “І вось ужо многія дзясяткі гадоў я тут жыву. Тут выраслі мае дзеці, цяпер тут растуць мае ўнукі. І практычна ўсё, што напісана ў апошнія дзесяцігоддзі мною – гэта напісана тут, якраз у такія летне-асеннія дні, якія я вельмі люблю. Для мяне вось канец лета і пачатак залатой восені – гэта самая любімая пара”.
 
Гэтае лецішча ўжо не адно дзесяцігоддзе служыць Бураўкіну месцам творчай дыслакацыі
Паэт за працоўным сталом
 
Ніякай бульбы -- толькі сад!..
Максімум працы -- пачысціць газон ад лісця.
Са свойскай жывёлы -- чароўны трусік для ўнукаў
Побытавыя ўмовы -- як на многіх іншых лецішчах
Аднак вершы, напісаныя тут, збіраюць поўныя залы аматараў добрай паэзіі