Алена Казлова, / Алена Казлова

Нягледзячы на пагардлівае стаўленне да крымскага "савецкага" адпачынку аматараў турэцкай сістэмы "ўсё ўключана", паўвостраў на Чорным моры вабіць людзей і развіваецца імклівымі тэмпамі.

Такое ўражанне, што сёлета высокі сезон у Крыме, які прыпадае на канец ліпеня і жнівень, пачаўся раней. Мора цёплае, сонейка ззяе, а таму людзі масава пацягнуліся да крымскіх берагоў у другой палове чэрвеня. Гэта цяпер і эканамічна абгрунтавана: кошты на адпачынак у першай палове лета значна меншыя. А чарэшневы сезон нічым не горшы за персікавы і кавуновы.

Цэны ў параўнанні з мінулым годам не змяніліся. Напрыклад, на заходнім узбярэжжы Крыма ў ліпені можна атрымаць нумар з усімі выгодамі за 13-15 долараў з чалавека. У жніўні кошты падымуцца да 20 долараў і вышэй. І пры гэтым на папулярных базах адпачынку ўжо нестае вольных месцаў.

Прыватныя міні-гатэлі, вялікія базы адпачынку і санаторыі перабудоўвацца і добраўпарадкуюцца. На месцы тых самых савецкіх домікаў з выгодамі на двары і сціплых катэджаў часоў позняй перабудовы будуюцца шматпавярховыя дамы са стандартнымі нумарамі, дзе ўлічаны ўсе патрабаванні сучаснага турыста. Будаўніцтва на ўзбярэжжы ідзе імкліва: падаецца, яшчэ некалькі дзён таму тут корпаліся рабочыя, а сёння ўжо пад развешанымі купальнікамі і ручнікамі ядуць дыню турысты.

Самыя дбайныя гаспадары на ўзбярэжжы ўлічваюць, што чалавеку, які адпачывае, патрэбны не толькі жытло і мора, а таксама і зялёная прастора навокал. Таму радуюць вока зялёныя сады і мураваныя кампазіцыі, вакол якіх звычайна ўзнікае фатаграфічны ажыятаж.

Крымскае ўзбярэжжа расце ўверх яшчэ і з прычыны дарагавізны зямлі. Прычым з-за вольных участкаў разварочваюцца сапраўдныя баталіі. Напрыклад, на пачатку ліпеня ў Сакскім раёне адбылася трагедыя, якая прымусіла мясцовыя газеты напісаць на вяртанне ліхіх 90-х. Старшыня пасялковага савета прыбярэжнага пасёлка Новафёдараўка быў расстраляны ва ўпор, калі раніцай садзіўся ў свой аўтамабіль, каб ехаць на працу. Аўтаматчыка-матацыкліста так і не знайшлі. Курортная Новафёдараўка, якая была некалькі дзясяткаў гадоў таму ваенным гарадком каля Сакаў, апошнім часам актыўна развівалася. Прычым інтарэс да гэтага месца выяўлялі не толькі прадпрымальнікі, якія будавалі пад выглядам лецішчаў міні-гатэлі, але і буйныя кампаніі, якія пачалі будаўніцтва грандыёзных турыстычных аб'ектаў. Відаць, нечыя інтарэсы супярэчылі ўладзе... Праўда, гэтае забойства, гавораць у Саках, наўрад ці затармозіць будаўніцтва ў Новафёдараўцы. Сезон ідзе, турыст ёсць, будуць і прыбыткі.

Сфера гандлю ў Крыме даўно не абмяжоўваецца некалькімі сціплымі шапікамі на турбазе. Для разнастайных крамаў будуюць адмысловыя "вуліцы буцікаў", кавярні змагаюцца за кліентаў адметнымі меню, зніжкі прапаноўваюць шматлікія арганізатары экскурсій.

Цэны на харчы сёлета засталіся леташнімі. Харчавацца можна чым хочаш: ад капеечных слоеных булак да шыкоўных страў з морапрадуктаў у зялёных інтэр'ерах. Прадаўцы і афіцыянты працуюць ветліва, і асаблівае ўражанне робяць на не вельмі спешчаных у сферы гандлю беларусаў татары. Не, яны не зніжаюць цэны, але запамінаюць усіх пастаянных пакупнікоў і абслугоўваюць іх з вялікай усходняй павагай.

Пры ўсім развіцці сеткі кавярняў і рэстарацый на пляжы па-ранейшаму носяць "маладую, гарачую кукурузу" і разнастайныя булкі. Сярэдні кошт — 10 грывень, крыху болей за долар. Цяпер 1 долар каштуе прыкладна 7,9 грыўні.

Выгоды крымскага адпачынку дазваляюць цяпер бязбоязна прыязджаць нават з самымі малымі дзецьмі. Таму сёлета тут адчувальна болей стала маці з немаўлятамі: здаецца часам, што толькі нарадзіла і ўжо расслаблена сядзіць пад навесам на пляжы.

На базах адпачынку платная медыцынская дапамога забяспечана (у адной з іх кансультацыя каштуе ад 30 да 50 грывень), аптэкі на беразе мора працуюць кругласутачна (і цэны ў іх нярэдка ніжэйшыя за беларускія), а дзіцячыя малочныя кашы ёсць у меню нават крымскіх цётачак, якія абслугоўваюць турыстаў варэнікамі ды баршчамі ўласнай вытворчасці.

Народ едзе ў Крым таксама і па лячэнне. Напрыклад, вялікай папулярнасцю карыстаюцца знакамітыя гразі з сакскіх азёраў. Можна, вядома, лячыцца самастойна: вольна плаваць у возеры, дзе салёная вада не дае патануць і "цвёрда" трымае любога купальшчыка на паверхні, а потым бясплатна мазацца чорнай граззю. А можна патрапіць і ў любы санаторый, дзе ёсць гразелячэбніца: курсоўка каштуе не так і дорага, за 10 сеансаў — ад 350 грывень, ці 45 долараў.

І нарэшце пра надвор'е. Упершыню за многія гады ў Крыме можна было пабачыць не толькі кароткія моцныя ліўні, але і працяглыя і не вельмі цёплыя дажджы. Самі крымчане ў сувязі з такім надвор'ем чамусьці ўзгадвалі смерць Вангі, пасля чаго на чарнаморскім узбярэжжы 40 дзён было дажджлівае надвор'е, нібыта на знак смутку па вядомай празорлівіцы.

Кліматолагі ў тэлевізіі казалі іншае: усё звязана з глабальным пацяпленнем, зменай клімату. Таму і робіць надвор'е ў Крыму такія сюрпрызы — не вельмі прыемныя для турыстаў, якія прыязджаюць на кароткі адпачынак. Астатнія не вельмі засмучаюцца: гавораць, што дождж тут таксама крымскі і карысны і што чыстым марскім паветрам можна дыхаць пры любым надвор'і. А неўзабаве з'яўляецца сонейка, і людзі радасна бягуць на пляж, у крымскую хвалю.

{banner_819}{banner_825}
-10%
-10%
-20%
-10%
-40%
-20%
-50%