Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ, / Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ

У псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў ёсць прымаўка: нікому так не патрэбен адпачынак, як таму, хто толькі што з яго вярнуўся. Увогуле, калі ў першы працоўны дзень вы ідзяце на службу з нудой на душы, бубнячы сабе пад нос: "Лепш бы я зусім не адпачываў", і калі за справы жах як не хочацца брацца, а пры выглядзе калег хіліць на сон - значыць, у вас стапрацэнтная пасляадпускная дэпрэсія (альбо пасляадпускны сіндром).

Хоць "пасляадпускная дэпрэсія" - не медыцынскі тэрмін, такія станы не бяскрыўдныя, і трэба разумець, з чым яны звязаныя. Характэрныя дыскамфортныя адчуванні - калі на першы план выходзяць сум, дрэнны настрой, раздражняльнасць, няўважлівасць, слабасць, нават парушэнні сну - могуць доўжыцца пасля водпуску да 10 дзён. Часам далучаюцца і фізічныя сімптомы - галаўны боль, пад'ём ціску, прастуды.

Якія ж асноўныя прычыны пасляадпускнога сіндрому?

1. "Няправільная" працягласць водпуску. Вучоныя вызначылі, што мінімальны тэрмін водпуску - два тыдні, норма - тры. Паколькі тыдзень арганізму патрэбен, каб адаптавацца да новага клімату, гадзіннага поясу або роду дзейнасці - безрабоцця. Яшчэ тыдзень - для непасрэднага адпачынку і некалькі дзён для рэакліматызацыі - зваротнай адаптацыі да ранейшых умоў жыцця. У гэты перыяд арганізм у поўнай збянтэжанасці: ён толькі паспеў прыстасавацца да новых умоў, як яго раптам вяртаюць да ранейшых. Наступае дэзарыентацыя ў часе і прасторы, псіхалагічны і фізіялагічны стрэс, які змяняецца дэпрэсіяй.

2. Збой біялагічных рытмаў. Сутачны біярытм - самы складаны і індывідуальны. Асабліва цяжка тым, у каго ўласны сутачны біярытм не супадае з рабочым. Класічны прыклад: чалавек-"сава", які на адпачынку спаў да паўдня ў сваё задавальненне, вымушаны зноў уставаць на працу ў 7 раніцы. Вельмі цяжка "ламаць" сябе, тым больш, калі чалавек яшчэ вельмі расслаблены пасля адпачынку і не можа мабілізавацца.

3. Яшчэ адна распаўсюджаная памылка - адпачываць "за кампанію". Адзін, паддаўшыся на ўгаворы сяброў, едзе з імі ў горы, хоць любіць паляжаць на пляжы; другі ўвесь водпуск дзеля жонкі і дзяцей парыцца на поўдні, хоць на дух не пераносіць спякоту. Насамрэч адпачынак гэтаксама індывідуальны, як і працоўны рытм чалавека. Таму, каб водпуск вас не расчараваў, трэба ў самым яго пачатку падумаць, што неабходна менавіта вам для добрага адпачынку?

4. Вельмі моцны кантраст паміж летнім райскім жыццём і звышнапружаннем на працы прыводзіць да таго, што з'яўляецца страх не ўвайсці ў звыклыя абставіны, не справіцца са справамі, якія назапасіліся.

Каб правільна "выйсці" з водпуску, прытрымлівайцеся наступных рэкамендацый псіхолагаў:

Не плануйце ў дзень прыезду ніякіх сур'ёзных сустрэч і візітаў.

Вяртайцеся з водпуску мінімум за 2-3 дні да пачатку працы.

Не спяшайцеся тэлефанаваць знаёмым і сябрам, каб даведацца ўсе навіны, - звычайна добрых вестак менш, чым дрэнных.

Пачынайце дзень са спакойнага планавання ўсіх спраў.

Кожную гадзіну рабіце 10-хвілінны перапынак, але не перакур.

Не затрымлівайцеся на працы першыя 2-5 дзён, пастарайцеся пайсці раней.

Не паглыбляйцеся з галавой ва ўсе справы, якія назапасіліся за гэты час.

Умейце сказаць сабе: "Усё, на сёння хопіць".

Не падыходзьце да камп'ютара дома, калі працуеце за ім у офісе.

Не злуйцеся на кіраўніка і супрацоўнікаў за іх неадэкватныя паводзіны, магчыма, ім таксама няпроста пасля водпуску. Станьце самі цэнтрам добрага настрою.

Не пачынайце адразу новых маштабных праектаў, лепш яшчэ раз уважліва прааналізуйце перспектывы арганізацыі і свае асабістыя планы.

У дзень прыезду дамоў добра выспіцеся і адпачніце.

Гуляйце перад сном, асабліва, калі працуеце ў памяшканні.

Спіце больш - мінімум 7 гадзін, а лепш столькі, колькі хочацца.

Прымайце комплекс вітамінаў і прэпаратаў для ўмацавання імуннай сістэмы.

Не мяняйце рэзка рацыён харчавання.

Не ешце шмат у абедзенны перапынак; не трымайцеся выразу: "Усё жыццё - барацьба: да абеду з голадам, пасля абеду са сном".

Ешце бананы, шакалад, сыр, якія ўтрымліваюць прыродныя антыдэпрэсанты.

Часцей гуляйце днём - сонца зараджае нас энергіяй.

У першыя дні пасля водпуску пастарайцеся пазбягаць канфліктных сітуацый і дома, і на працы.

Фізкультура - крыніца мышачнага задавальнення: карысныя хуткая хада, веласіпед, бег трушком, танцы.

Яшчэ адна хітрасць - уставайце раніцай хвілін на 20-30 раней, чым звычайна. Гэта дасць вам дадатковы час на пераасэнсаванне каштоўнасцяў, прывыканне да новых абставін і на мары пра наступны водпуск.