Отдых


Таццяна Болтуць,

26 і 27 чэрвеня адбудзецца святкаванне 600-годдзя Грунвальдскай бітвы і V фестываль сярэднявечнай культуры "Навагрудскі замак-2010" у Навагрудку

Фестываль абяцае быць незабыўным, аднак рыхтуе не толькі забавы і відовішчы, але і "сюрпрызы". На жаль, не вельмі прыемныя для тых, хто своечасова да іх не падрыхтаваўся і не прадугледзеў. Таму, каб некаторыя моманты не сталі нечаканасцю, пра іх трэба ведаць... А таксама пра тое, як вырашаюць арганізатары свята няпростыя пытанні камфорту, і інтрыгі Наваградка: што замоўчвае Нацыянальны гістарычны музей?

Перагортваючы старонкі гісторыі...

Гістарычная бітва, у якой харугвы ВКЛ і Польскага каралеўства разграмілі Тэўтонскі ордэн, з'яўляецца для нашых краін сімвалам незалежнасці. У гэтай бітве нашы продкі паказалі воінскае майстэрства, мужнасць, адданасць агульнай перамозе. Але перамогу аб'яднанаму войску Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай прынеслі не толькі доблесць і зброя, але, як лічыў польскі кароль Уладзіслаў Ягайла, і "воля літасцівага Бога", да якога ён звяртаўся з гарачай малітвай падчас бітвы, і па волі якога "праявіў усялякую літасць да пераможаных". Пасля паражэння нямецкія рыцары больш не ўяўлялі ваеннай пагрозы для Літвы, Польшчы і суседніх дзяржаў, і на працягу пяці наступных стагоддзяў нага ўзброенага немца не ступала на беларускія землі.

Свята павінна стаць як дыямент у кароне...

Фестываль "Навагрудскі замак" вось ужо 10 гадоў збірае дзясяткі тысяч гледачоў з усёй Беларусі і з-за яе межаў. Першы фэст адбыўся ў Навагрудку ў чэрвені 2000 года і ладзіцца з таго часу кожныя два гады. Пяты па ліку, юбілейны фэст прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы — адной з маштабных і эпахальных бітваў Сярэднявечча. Пройдзе ён з адпаведным статусу размахам. Уладзімір Карачэўскі, першы намеснік міністра культуры, адзначыў, што арганізатарамі фэсту выступілі Міністэрства культуры, Гродзенскі аблвыканкам і Навагрудскі райвыканкам. Удзел возьмуць прадстаўнікі гістарычных клубаў Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны, Расіі, Чэхіі, Славакіі, Германіі і іншых. Шэсце, гала-канцэрт, шырокі паказ побыту і жыцця сярэднявечных беларускіх гарадоў, рыцарскія турніры каля сцен Навагрудскага замка — усё гэта гарантавана будзе мець поспех не толькі ў беларусаў, але і ў замежных гасцей, турыстаў і, безумоўна, прыцягне іх увагу. Удзел у фэсце ўжо пацвердзілі прадстаўнікі міністэрстваў культуры Латвіі і Расіі. Чакаецца вялікая колькасць гасцей. "Наша задача як гаспадароў, каб гэта свята стала адным з дыяментаў у вялікай кароне..." — менавіта такія ўзнёсла-рамантычныя словы належаць Аляксандру Лойку, начальніку ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама. Ён падкрэсліў, што асноўная мэта фестывалю — прыцягненне турыстаў, знаёмства іх з Навагрудчынай.

Свята святам...

— Міністэрства культуры нездарма выбрала Навагрудак месцам правядзення фестывалю, — заўважыў начальнік аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Аляксандр Карачан. — У нашага горада ўжо вельмі багаты вопыт правядзення сярэднявечных фестываляў. З 2000 года правялі ўжо чатыры фэсты. І кожны — з нарастаючым поспехам. Першыя праходзілі на энтузіязме клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі. За гэты час павялічылася і працягвае няспынна расці доля камерцыялізацыі клубаў. Даводзіцца гэта ўлічваць і фарміраваць расходы. На гэты раз агульны каштарыс складае прыкладна 250 мільёнаў беларускіх рублёў, з якіх 160 мільёнаў бюджэтныя сродкі, выдаткаваныя Міністэрствам культуры і ўпраўленнем культуры аблвыканкама.

Некаторыя мерапрыемствы праводзяцца на платнай аснове. За кошт заробленых сродкаў плануецца аплаціць хоць бы сорак працэнтаў расходаў. Арганізатары плануюць максімальна захаваць ідэю сярэдневяковага свята. Запрашаюцца да ўдзелу ў фэсце сур'ёзныя калектывы, вядучыя клубы ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з Літвы і Чэхіі, якія будуць працаваць на платнай пляцоўцы, размешчанай на самім замку. Аднак уваход туды будзе абмежаваны. Справа ў тым, што тэрыторыя замка мае пэўныя межы і вузкі выхад, таму з мэтай бяспекі колькасць гледачоў на адным мерапрыемстве не можа перабольшваць 1200 чалавек. На замку будзе знаходзіцца таксама традыцыйны рыцарскі стан, маляўніча і цікава аформлены. Можна будзе пазнаёміцца з сярэднявечным побытам і кухняй. Асобная частка праграмы — сярэднявечная музыка ад беларускіх і замежных выканаўцаў. Чым не ХV стагоддзе? У гэтыя дні каля Дома быту будзе наладжана выстава-продаж прадуктаў усіх прадпрыемстваў горада Навагрудка.

Навагрудак чакае вялікі прыток турыстаў, і арганізатары прапануюць некалькі варыянтаў іх размяшчэння. Гасцініц не так шмат. "З той нагоды, што большасць турыстаў — моладзь, мы прапануем начлег у палатках. Аднак палатак мы маем няшмат, таму раілі б турыстам мець гэта на ўвазе. Маладым людзям прасцей размясціцца, яны як спартанцы. У двух кіламетрах ад горада адведзена адмысловая пляцоўка з месцам для вогнішчаў, з асвятленнем, біятуалетамі, бакамі для смецця. Туды рэгулярна будуць наладжаны рэйсы гарадскога аўтобуса. Адно такое месца абыдзецца госцю ў тры тысячы рублёў. Задзейнічаны і студэнцкія інтэрнаты, колькасць месцаў — каля пяцісот. Падрыхтаваны спіс прыватных кватэр, хат, якія будуць здавацца на час правядзення фэсту", — папярэджвае Аляксандр Карачан. Для таго, каб забраніраваць сабе такое месца, дастаткова зайсці на афіцыйны сайт Навагрудскага райвыканкама httр://nоvоgrudоk.grоdnо-rеgіоn.bу/ альбо звярнуцца па тэлефоне 8 015 97 226 96.

Навагрудак — своеасаблівы горад. Тут вельмі шмат аднабаковых дарог, таму могуць узнікнуць цяжкасці з пад'ездам да цэнтра свята. Вырашана, што турысты будуць пакідаць свае аўтамашыны на былым рынку, гэта прыкладна 800-900 метраў да патрэбнага месца.

"Навуковы" адпачынак


Тамара Вяршыцкая, дырэктар Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея адзначыла, што летась праведзена навуковая канференцыя ў Навагрудку, прысвечаная месцу і ролі гэтага гістарычнага цэнтра ў гісторыі і культуры Еўропы. Сумесна з Інстытутам гісторыі НАН падрыхтаваны зборнік матэрыялаў канферэнцыі з вялікім дадаткам інфармацыі пра Грунвальд, які можна будзе набыць у кіёску Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея. Падчас фэсту музей ладзіць прэзентацыю "Эпоха Вітаўта і Ягайлы" — каб можна было пазнаёміцца на падставе аўтэнтычных гістарычных матэрыялаў з тым, што такое ХV стагоддзе і хто такія ўдзельнікі бітвы, якія атрымалі перамогу ў ёй. Дарэчы, у рамках фестывалю пройдзе "круглы стол", прысвечаны ролі Грунвальдскай бітвы ў беларускай гісторыі.

Вядома, што галоўны мастацкі твор, прысвечаны Грунвальду — карціна Яна Матэйкі "Грунвальдская бітва" — знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. У Навагрудку будзе дэманстравацца падчас фэсту яе рэпрадукцыя. Ёсць яшчэ шэраг матэрыялаў, якія трапілі з Польшчы на момант правядзення святкавання. У прыватнасці, гэта польскі фільм "Крыжакі" на аснове вядомага рамана Г. Сянкевіча. Ён будзе паказаны 26 чэрвеня ў кінатэатры Навагрудка. Днямі адбылася прэзентацыя кнігі Анатоля Бутэвіча "Каралева не здраджвала каралю". Гэта гісторыя чацвёртага шлюбу Ягайлы з Соф'яй Гальшанскай, які адбыўся ў першай сталіцы ВКЛ Навагрудку. Прэзентацыя таксама будзе праходзіць 26 чэрвеня ў Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Калі з'явіцца вуліца Грунвальдская?

17 мая ў Нацыянальным гістарычным музеі прайшоў "круглы стол", прысвечаны Грунвальдскай бітве. У яго рабоце прынялі ўдзел навукоўцы Інстытута гісторыі НАН, супрацоўнікі Магілёўскага і Мінскага абласных краязнаўчых музеяў, нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея, а таксама выкладчыкі і студэнты ВНУ Мінска і Віцебска. Прынята вельмі цікавая "рэзалюцыя", якая прапануе мясцовым уладам разгледзець пытанне надання адной з вуліц назвы Грунвальдская.

Вядома, што знайсці і набыць прадмет музейнага значэння часоў ВКЛ складана. Аднак здараецца, што пошукі завяршаюцца поспехам. "Так, сёлета нашы супрацоўнікі знайшлі прадмет, аналага якому няма на тэрыторыі Беларусі", — дзеліцца радасцю А. Ладзісаў, вучоны сакратар Нацыянальнага гістарычнага музея. — Дапаможа набыць гэты прадмет адна з банкаўскіх устаноў, з якой некалькі гадоў супрацоўнічае наш музей. Перадача гэтага ўнікальнага прадмета адбудзецца на пачатку восені. Што гэта за прадмет і якая банкаўская ўстанова выступае ў якасці спонсара — на гэты конт вырашана пакуль трымаць інтрыгу...

{banner_819}{banner_825}
-20%
-40%
-40%
-14%
-25%
-12%
-15%
-20%
-50%
-20%