Iлона Iванова, / Iлона Iванова

Добрая навiна: адпачынак на марскiм узбярэжжы Крыма сёлета патаннеў. Кошты, якiя прапануюць турыстам, цяпер на 20-30% меншыя. Напэўна, не трэба тлумачыць, што гэта не крок добрай волi з боку турбiзнэсу, але вымушаная акцыя ў барацьбе за клiентаў у крызiсны час.

Лiпеньскi натоўп на ўзбярэжжы парадзеў у параўнаннi з мiнулым сезонам прыкладна на трацiну. І ўласнiкi крымскага жылля для турыстаў цяпер варожаць: а цi будуць найблiжэйшыя паўтара месяца сапраўды высокiм сезонам?

- Летась турысты прыязджалi на базу, заходзiлi ў любое жытло i былi шчаслiвыя, - расказвае гаспадыня катэджаў на базе адпачынку "Прыбой" Алена Папова. - Цяпер яны разумеюць, што могуць знайсцi лепшае i таннейшае. У лiпенi кошты вагаюцца ад 50 да 200 грыўняў з чалавека за суткi, ад невялiкага пакойчыка з частковымi выгодамi да нумара люкс.

Натуральна, што цэны ў грыўнях павялiчылiся. Летась долар не дацягваў да 5 грыўняў, а цяпер ён наблiжаецца да 8: у гэты час даюць 7,7 грыўняў за долар. Такiм чынам, цяпер на заходнiм узбярэжжы Крыма з добрым камфортам (гарачая вада, душ, кандыцыянер, халадзiльнiк, тэлевiзар) можна ўладкавацца ў сярэднiм за 13 долараў з чалавека ў суткi.

Зразумела, знакамiты паўднёвы бераг Крыма будзе каштаваць даражэй. Але ва ўмовах абмежаваных сродкаў самы час звярнуць увагу на Заходнi Крым, стэпавы i больш танны. Паглядзець на славутасцi i адметнасцi горнай часткi Крыма можна i на экскурсii. Аднак толькi харчаванне ў раёне Сакаў абыдзецца ў тры разы танней за харчаванне ў Ялце.

Адпачынак для сярэдняга класа прапануюць таварыствы крымскiх прыватнiкаў, якiя аб'ядноўваюць свае катэджы для турыстаў у адзiн пасёлак альбо базу адпачынку. У такiх месцах можна знайсцi жыллё на любы густ i кашалёк: ад дамкоў у старасавецкiм стылi з выгодамi ў двары да VIP-апартаментаў на верхнiх дахах сучасных дамоў, адкуль можна любавацца ўсходамi i заходамi сонца над морам пад лёгкае шапаценне магутнага кандыцыянера.

Увогуле прыватнiкi ў сувязi з высокiмi цэнамi на зямлю цяпер будуюць шматпавярховыя будынкi i ўзводзяць дадатковыя паверхi на дамах. Пакуль не прызвычаiшся, вышынныя дамы на турбазах выглядаюць дзiўнавата. Але з вопытам разумееш, што галоўнае - гэта не паверх, а дваровая тэрыторыя.

Часта прадпрымальнiкi будуюць свае дамы такiм чынам, што турысту дастаецца толькi камфартабельны каменны мех, у лепшым выпадку з балконам, i вузенькi праход да мора. А дваровай тэрыторыi няма - на ёй зэканомiлi. I калi дарослыя людзi могуць задаволiцца пляжам, шпацырамi каля мора i полуднiкам на балконе, то дзецям для гульняў месца не хапае.

Праўда, дасведчаныя турысты даўно гэту праблему зразумелi i актыўна цiкавяцца не толькi жыллёвым камфортам, але i наваколлем, "каб вока цешыла". Урэшце ў выйгрышы застаюцца гаспадары, якiя побач са сваiмi дамамi робяць зялёныя сады i альтанкi. Жыллё ў прыгожых месцах цэнiцца больш.

Падобнымi прыватнымi турыстычнымi базамi цiкавяцца людзi, якiя, у тым лiку, не хочуць харчавацца паводле санаторнага раскладу. Аднак гэта не азначае, што сучасным "дзiкунам" даводзiцца галадаць. Як правiла, побач з катэджамi месцiцца вялiкая колькасць розных крамаў i кавярняў.

Грамадскае харчаванне прапануе меню на любы густ. Напрыклад, украiнскi боршч - 6-8 грыўняў, плоў з мiдыямi - 20, шашлык - 18, катлета - 10, смажанае сцягно курыцы - 15. Пры жаданнi можна замовiць у кавярнi i комплекснае харчаванне, якое зноў-такi патаннела з мiнулага года. Летась снеданне, абед i вячэра каштавалi 10 долараў, а сёлета - 8.

Праўда, калi ў мiнулыя гады ў кавярнi ўвечары магла стаяць чарга, то цяпер афiцыянты выходзяць на вулiцу з заклiкамi пачаставацца. Клiенты адгукаюцца не адразу: пасядзець удваiх у кавярнi - не танней за 100 грыўняў.

Таму найбольшай папулярнасцю ўсё ж карыстаюцца харчовыя крамы. Цяпер у нумарах стаяць мiкрахвалевыя печы, i з хлеба, каўбасы, сыру i гароднiны можна зрабiць выдатную вячэру для ўсёй сям'i. Танна, смачна, спажыўна. Калi крыху ад'ехаць ад узбярэжжа альбо па шляху заехаць у супермаркет у Сiмферопалi, то можна зэканомiць яшчэ больш.

Малочныя прадпрыемствы Крыма нярэдка маюць свае кiёскi i проста на ўзбярэжжы. Можна нядорага паесцi мясцовых малочных прысмакаў: салёны кiсламалочны напой з бiфiдабактэрыямi "Айран" - 2,5 грыўнi, а зялёны ёгурт "Спiрулiна" з карыснымi для здароўя воднымi раслiнамi - 4.

Калi падабаюцца ўкраiнскiя i татарскiя стравы, то лепей iх набываць у мясцовых цётачак, якiя прыносяць проста на базу хатнiя стравы. Каб потым не пашкадаваць аб з'едзеным, варта папярэдне ўсё ж атрымаць рэкамендацыю ў сваiх гаспадароў.

А так, варэнiкi з бульбай, капустай, вiшняй i тварагом - неверагодна смачныя. Порцыя каштуе 8 грыўняў, крыху больш за долар. Манты - вялiзныя, гатаваныя на пары пельменi з мясам - каштуюць за тры 12 грыўняў (паўтара долара). Жанчыны гатуюць i дэсерт: кавалак торта "Напалеон" - 6 грыўняў.

Аднак найбольш цiкавiць турыстаў вiтамiнная прадукцыя. Садавiну i гароднiну на невялiкiх базарах на турыстычных базах можна набыць ад усходу сонца i да цемры. Цэны там штодня мяняюцца. Напачатку лiпеня апошняя чарэшня каштавала дорага - да 30 грыўняў, прыстойныя абрыкосы - у раёне 20. Дынi каштуюць у сярэднiм 8 грыўняў за кiлаграм. Кавуны - менш за 5, але пакупнiку трэба дакладна разумець, што гэту ягаду без салетры цi якога iншага шкоднага рэчыва вырасцiць у лiпенi немагчыма.

Малiна - 5 грыўняў за невялiкi пластыкавы кубак. Самыя эканомныя нацiскаюць на гароднiну: агуркi - да 4 грыўняў (палова долара) за кiлаграм, а неверагодна смачныя ружовыя таматы гатунку "мiкада", якiя крымчакi называюць проста "салатнымi" - ад 8 грыўняў (крыху больш за долар). Такiмi коштамi аматараў шклоўскiх агуркоў i кадзiнскiх таматаў не напалохаць.

У выпадку крайняй ляноты турыста могуць пакармiць проста на пляжы: булачкi з садавiной - 8 грыўняў, вараная кукуруза - 7.

Што ж, пляжы ў Крыме па-ранейшаму застаюцца не самым чыстым месцам. Хаця на турбазах пляжы штовечар прыбiраюць i выносяць смецце, усё адно акуркi, пакеты i костачкi ад садавiны валяюцца навокал. Гэта - паказчык агульнай культуры самiх людзей. Не трэба скардзiцца, што брудна, а варта пачаць з сябе i прыбiраць сваё смецце.

Можна арандаваць пластмасавы шэзлонг за дзясятак-другi грыўняў, але наш народ эканомiць i аддае перавагу больш экалагiчнаму ляжанню на посцiлках проста на пяску альбо гальцы. Месцы пад чаротавымi навесамi - бясплатныя.

Напоi можна набыць цяпер у вялiкiх палатках ля мора. Паўлiтра самага таннага разлiўнога пiва "Крым" каштуе 4 грыўнi, вялены бычок альбо вомер - 2 грыўнi.

Працэс добраўпарадкавання iдзе, i на пляжах Крыма з'яўляецца з кожным сезонам усё больш забаўляльных атракцыёнаў. Усе магчымыя водныя i гумавыя горкi для дзяцей, цiры, гульнявыя залы. Бацькi, даставайце кашалькi! "Банан" на чалавека сёлета каштуе 40 грыўняў (каля 5 долараў). Водны матацыкл - 100 грыўняў за 5 хвiлiн.

Дарэчы, усе, хто прапаноўвае паслугi на пляжы, размаўляюць з клiентамi выключна ласкавымi галасамi ды словамi: бананчык, пiражочкi, малпачка. Наконт апошняга: фатографы з жывёламi - нязменны атрыбут крымскага пляжа. Можна фатаграфавацца таксама з папугайчыкамi, пiтончыкам i нават кракадзiльчыкам, у якога пашча перавязаная стужкай радаснага колеру з банцiкам. Два здымкi каштуюць 25 грыўняў. Дзiўна, што на крымскiм пляжы яшчэ нерэалiзаваная iдэя фатаграфавання са стройнымi мадэлямi i мускулiстымi маладымi людзьмi.

Але ўсё магчыма, таму што i цяпер ёсць абсалютна неверагодныя пляжныя персанажы. Напрыклад, у раёне Сакаў па пляжы ходзiць дзед у белай панамцы i з насоўкай на шыi, якi моўчкi ўсталёўвае знак: "Даведайся пра свой лёс". Высветлiлася, што ён варожыць па руцэ i бярэ за расповед пра будучыню толькi 10 грыўняў. Яго паслугамi ў асноўным карыстаюцца маладзенькiя дзяўчаты i жанчыны сярэдняга ўзросту.

На базах адпачынку ёсць уся неабходная iнфраструктура. Напрыклад, аптэкi i медыцынскiя цэнтры. Аднак кансультацыi медыкаў ужо даўно не бясплатныя. Толькi за вiзiт да доктара трэба заплацiць у сярэднiм 50 грыўняў. Таму варта мець страхоўку, каб потым дома вярнуць выдаткаваныя на лячэнне грошы.

А вось вялiкiя тэлефонныя цэнтры на базах зачыняюцца з-за адсутнасцi попыту на iх паслугi. Турысты ў асноўным карыстаюцца мабiльнай сувяззю, i набыць украiнскую SIM-картку любога з аператараў можна ў кожнай невялiкай краме на ўзбярэжжы.

Тым, хто хоча зэканомiць на адпачынку, варта прыязджаць у Крым у вераснi, калi ўсе цэны будуць меншымi ў 2 разы. Можа, i бiлеты на беларускiя цягнiкi да гэтага часу хоць крыху патаннеюць?

Сёлета кошт чыгуначнага бiлета да Сiмферопаля перавысiў 200 тысяч рублёў. У чыгуначнiкаў на гэты конт ёсць свае тлумачэннi, аднак пасажырам ад гэтага не лягчэй. За вандроўку туды i назад сям'i з трох чалавек даводзiцца заплацiць больш за мiльён рублёў. Нездарма цяпер ахвотнiкаў ехаць у купэйных вагонах з Сiмферопаля да беларускiх гарадоў мала: як толькi ўсе ўкраiнцы сыходзяць, застаецца дзясятак беларусаў.

Таму невыпадкова людзi шукаюць iншыя спосабы дабрацца да марскога ўзбярэжжа. Не толькi аўтобусамi, якiя больш танныя, але не вельмi прыдатныя для вандроўкi з дзецьмi. Турысты пераязджаюць беларуска-ўкраiнскую мяжу, а потым набываюць новыя бiлеты i за меншыя грошы едуць на цягнiках па тарыфах унутрыдзяржаўных пасажырскiх перавозак.

Але так цi iнакш, людзi iмкнуцца да цёплага мора i сонца. Сёлетнi сезон, прынамсi яго першая палова, папесцiла турыстаў добрым камфортным надвор'ем. Часам здараюцца спякотныя днi з тэмпературай паветра 30 градусаў а 20-й гадзiне ўвечары, зрэдку налятаюць навальнiцы з чорнымi хмарамi - але праз гадзiнку зноў ззяе сонца.

Турыстычныя базы ў Крыме развiваюцца. Прадпрымальнiкi будуюць новыя комплексы, цалкам падобныя на турэцка-егiпецкiя аналагi. Можа, i меншага маштабу, але з басейнамi i ўсiмi вартасцямi цывiлiзаванага адпачынку. I хоць цяпер на турбазах нячаста можна сустрэць аўтамабiлi з расiйскiмi нумарамi, i ўжо зусiм зрэдку - з беларускiмi, але тут вераць, што Крым быў i застанецца назаўсёды ўсеагульнай здраўнiцай.
{banner_819}{banner_825}
-10%
-25%
-30%
-30%
-50%
-15%
-40%
-50%
-10%
-30%