Отдых


фотоПа даных Пагранiчных войскаў Рэспублiкi Беларусь, за мiнулы год за межы краiны, у тым лiку i ў якасцi турыстаў, выязджалi 2 314 380 чалавек. Пра папулярнасць таго цi iншага накiрунку можна меркаваць па наступных лiчбах. Ва Ўкраiну выязджала 295 449 чалавек, пуцёўкi ў Егiпет набылi 18 083 нашы суайчыннiкi. ФРГ наведалi 29 507 чалавек, Італiю — 22 661, Чэхiю — 13 156, на пляжах Турцыi адпачылi 58 593 турысты з Беларусi. У Расiю з’ездзiлi за мiнулы год 27 087 чалавек. Але рэкорд у гэтым своеасаблiвым рэйтынгу належыць Польшчы — туды выязджалi 1 767 243 беларусы. Дарэчы, за мiнулы год нашу краiну наведалi 308 472 замежнiкi i тут таксама ў лiдарах грамадзяне Польшчы (78 165 чалавек) i Ўкраiны (31 459). Гэтыя лiчбы былi прадастаўлены рэдакцыi Мiнiстэрствам спорту i турызму.

Якiм будзе сёлетнi турыстычны сезон, якiя накiрункi будуць найбольш папулярнымi — пакажа час, паколькi пара водпускаў толькi пачынаецца. Але ў любым выпадку наступная iнфармацыя будзе карыснай для ўсiх, хто плануе свой адпачынак.

Згодна з Законам Рэспублiкi Беларусь "Аб турызме", рэалiзацыя тура турыстам ажыццяўляецца на падставе дагавора аказання турысцкiх паслуг. Дагавор аказання такiх паслуг заключаецца праз выдачу заказчыку турысцкага ваўчара. Згодна з пастановай Мiнiстэрства спорту i турызму ад 17 сакавiка 2008 года, цяпер бланк дагавора аб’яднаны з турысцкiм ваўчарам i з’яўляецца адзiным дакументам (ён па-ранейшаму з’яўляецца бланкам строгай справаздачнасцi).

Турысцкi ваўчар утрымлiвае iстотныя ўмовы дагавора аказання турысцкiх паслуг i мае тры дадаткi.

Дадатак першы — праграма тура. Яна павiнна ўтрымлiваць звесткi пра маршрут тура, тэрмiны, сродкi пражывання i харчавання, iнфармацыю пра транспартныя сродкi i г.д. Дадатак другi — звесткi пра трэцiх асобаў, якiм аказваюцца турысцкiя паслугi. Калi колькасць асобаў, якiм паводле дагавора аказання турысцкiх паслуг аказваюцца гэтыя самыя паслугi, складае два i больш чалавекi, дык iнфармацыя пра iх усiх павiнна адлюстроўвацца ў дадзеным дадатку (Напрыклад, едзе адпачываць сям’я з трох чалавек — бацькi з дзiцем. Першым уносiцца прозвiшча ўласна заказчыка тура — мацi цi бацькi, далей упiсваюцца ўсе астатнiя члены сям’i). Дадатак трэцi — дадатковае пагадненне. Яно заключаецца бакамi па iншых умовах, якiя не прадугледжаны турысцкiм ваўчарам. Такiм жа чынам афармляецца ўнясенне змяненняў i дапаўненняў у дагавор аказання турысцкiх паслуг.

Турысцкi ваўчар i дадаткi да яго маюць серыю i нумар, яны аддрукаваны друкарскiм спосабам. Кожны экзэмпляр турысцкага ваўчара павiнен быць падпiсаны турыстам, якi аплачвае тур, i турысцкай арганiзацыяй, якая таксама павiнна паставiць сваю пячатку.

I яшчэ. Парада на першы погляд банальная, але дзейсная: каб не было непаразуменняў падчас паездкi, уважлiва чытайце дакументы, якiя збiраецеся падпiсаць.

Сяргей РАСОЛЬКА
{banner_819}{banner_825}
-20%
-20%
-40%
-80%
-20%
-15%
-20%
-30%