
Парушальнікі алімпійскай клятвы
Па колькасці допінгавых парушэнняў на Алімпійскіх гульнях беларусы знаходзяцца сярод лідэраў. Пачынаючы з 2000 года на трох летніх і адной зімняй алімпіядах хаця б адзін з нашых абавязкова завальваў допінг-тэст.
У Сіднэі-2000 на перадспаборніцкім кантролі “засыпаўся” кідальнік молата з Наваполацка Вадзім Дзевятоўскі. Аналіз выявіў конскую дозу ўжытага спартсменам стымулятару. Беларуса не дапусцілі да спаборніцтваў і выправадзілі далоў з Алімпійскіх гульняў.
У 2002 годзе ў Солт-Лэйк-Сіці краіну падставіла майстар шорт-трэка Юлія Паўловіч з Віцебска. Спартсменка прадэманстравала слабы вынік, аднак папала ў лік падкантрольных атлетаў. Як і Дзевятоўскі, яна не прызнала сябе вінаватай.
У 2004 годзе ў Афінах беларусам зноў не пашанцавала. Допінг-тэст заваліў новапалачанін Аляксей Ляснічы, які заняў апошняе месца ў скачках у вышыню. Аднак, паўстаўшы перад дысцыплінарнай камісіяй Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК), ён прызнаў, што прымаў забаронены прэпарат кленбутэрол у лячэбных мэтах.
Зімовыя Гульні-2006 у Турыне прайшлі для беларусаў даволі спакойна. “Агню” не было, але без “дыму” не абышлося. У лыжніка Сяргея Далідовіча зафіксавалі павышаны ўзровень гемаглабіну ў крыві. Праз гэта яго не дапусцілі да першага старту. Спартсмен паляцеў на паўтара тыдня ў Мінск, затым зноў вярнуўся ў Турын і пасля паўторнага аналізу стартаваў у гонцы на 50 км, дзе фінішаваў 12-м.
У міжалімпійскія чатырохгоддзі за парушэнні Антыдопінгавага кодэкса на два гады былі адхілены ад вялікага спорту слынныя беларускія атлеты: алімпійская чэмпіёнка ў штурханні ядра Яніна Карольчык, чэмпіёны свету — велагоншчыца Зінаіда Стагурская, канькабежка Анжэліка Кацюга, цяжкаатлет Генадзь Аляшчук, чэмпіёнка Еўропы сярод юніёрак Аляксандра Герасіменя. Спіс можна працягваць
Гром пасля буры
У Пекіне-2008 скандалаў быццам бы не чакалася. Міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Грыгараў задоўга да гульняў заявіў: ні адзін наш атлет не сядзе ў самалёт, пакуль не будзе правераны на допінг. Алімпіяда прайшла для беларускай дэлегацыі паспяхова: нашы суайчыннікі заваявалі 19 медалёў і не далі падстаў усумніцца ў іх чысціні.
Гром грымнуў на трэці дзень пасля заканчэння гульняў, калі стала вядома, што допінг-пробы сярэбранага і бронзавага прызёраў у кіданні молата Вадзіма Дзевятоўскага ды Івана Ціхана далі станоўчы вынік.
Абодва знакамітыя лёгкаатлеты цалкам адмаўляюць факт ужывання забароненых прэпаратаў. Дысцыплінарная камісія МАК запрасіла атлетаў на пасяджэнне, дзе абмяркоўвалася іх пытанне, і прадаставіла ім чатыры тыдні на збор апраўдальных дакументаў. Усе неабходныя дзеянні беларусы ажыццявілі своечасова. Аднак пасля двухмесячнай паўзы 11 снежня прагучаў несуцяшальны прысуд МАК: Дзевятоўскага і Ціхана дыскваліфікаваць, іх вынікі ануляваць, медалі забраць, Дзевятоўскага за паўторнае парушэнне адхіліць ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях у любой якасці.
Спартсмены маюць намер абскарджваць рашэнне вышэйшага алімпійскага органа ў Арбітражным спартыўным судзе ў Лазане.
Дзівосы і заканамернасці
Сітуацыя і сапраўды незвычайная. З аднаго боку, Ціхан і Дзевятоўскі — славутыя атлеты, Іван — сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Афінах, трохразовы чэмпіён свету, ніколі раней у падобным не быў заўважаны. Вадзім пасля Сіднэю адбыў двухгадовую дыскваліфікацыю, потым, вярнуўшыся ў спорт, стаў медалістам чэмпіянатаў свету і кантынента. Здзіўляе і тое, што шасці спартсменам, выкрытым ва ўжыванні допінгу ў Пекіне, рашэнне аб дыскваліфікацыі абвяшчалася ў ходзе гульняў (у двух выпадках гэта былі прызёры Алімпіяды), а беларусам і польскаму байдарачніку Серачыньскаму — пасля іх. Арганізатары і прадстаўнікі МАК патлумачылі затрымку даследавання аналізаў Дзевятоўскага і Ціхана перагружанасцю пекінскай антыдопінгавай лабараторыі, якая апрацавала падчас гульняў каля 4 700 допінг-тэстаў.
З іншага боку, у 2008-м ва ўжыванні допінгу абвінавацілі чатырох беларускіх штангістак і шасцярых лёгкаатлетаў. Прычым штурхальніца ядра Юлія Леанцюк і стаерка Ірына Баханоўская папаліся на Кубку Еўропы. Сімптаматычна і тое, што ў аналізах Леанцюк, Ціхана і Дзевятоўскага знойдзены адзін і той жа прэпарат — экзагенны тэстастэрон. Наўрад ці гэта выпадковае супадзенне.
Мяркуючы па ўсім, беларускі спорт даўно сядзіць на допінгавай ігле. Верагодна, гэта адбываецца з маўклівай згоды, а, магчыма, і пад патранатам некаторых спартыўных босаў. І тут у нас дзейнічаюць двайныя стандарты: на словах — барацьба з допінгам, на справе — допінгавая вакханалія.