
Сам па сабе гiстарычны прыезд адной з лепшых зборных свету (аргенцiнская каманда зараз на сёмым месцы ў рэйтынгу ФІФА) у нашу сталiцу быў азнаменаваны яшчэ адной падзеяй. На матч Беларусь—Аргенцiна прыехаў самы багаты трэнер свету, заработная плата якога складае 9 мiльёнаў еўра ў год, настаўнiк iтальянскага "Iнтэра" Жазэ Маўрыньё. Асабiсты самалёт прэзiдэнта "Iнтэра" Масiма Марацi, на якiм i прыляцеў галоўны трэнер мiланскага клуба, прызямлiўся ў сталiчным аэрапорце са спазненнем на гадзiну, у вынiку настаўнiк чорна-сiнiх на некалькi хвiлiн спазнiўся на матч, дзе ў VIР-ложы сталiчнага "Дынама" для яго было забранiравана 4 месцы. Разам з настаўнiкам "Iнтэра" ў Мiнск прыляцелi арганiзацыйны дырэктар i начальнiк каманды. Галоўнага трэнера мiланскай каманды цiкавiла iнфармацыя пра чэмпiёна Беларусi барысаўскi клуб БАТЭ, якi можа стаць сапернiкам чорна-сiнiх на групавым этапе Лiгi чэмпiёнаў, але мэтай прыезду былi ўсё ж аргенцiнскiя iгракi — як тыя, што выступаюць ў мiланскiм клубе, так i патэнцыяльныя кандыдаты ў "Iнтэр". Жазэ Маўрыньё пазнаёмiўся з кiраўнiком беларускай федэрацыi футбола Генадзем Нявыгласам, яны павiталiся i пацiснулi адзiн аднаму рукi. За пару хвiлiн да заканчэння паядынка настаўнiк мiланскага клуба ў суправаджэннi ахоўнiка пакiнуў стадыён "Дынама", прайшоўся па вулiцы Кiрава да стаянкi, i адбыў у гасцiнiцу Еўропа, дзе дачакаўся сваiх футбалiстаў Нiкаласа Бардзiса, Хаўера Дзанэцi i Эстэбана Камб’яса. У адзiнаццаць гадзiн вечара прадстаўнiкi "Iнтэра" выйшлi з гасцiнiцы "Еўропа", хутка пераадолелi натоўп фанатаў i на мiкрааўтобусе адбылi ў аэрапорт.

Фотарэпартаж >>>
Пасля матча аргенцiнскi iгрок Херман Дэнiс, якi выступае за iтальянскi "Напалi", расказаў журналiстам, што вынiкам гульнi яго каманда задаволеная не вельмi, бо ставiла сваёй задачай перамагчы. З беларускай каманды ён чуў толькi пра iграка "Барселоны" Аляксандра Глеба, аднак гуляць супраць яго раней не даводзiлася. А вось уражаннi, якiя пакiнула аргенцiнская зборная ў нашых футбалiстаў:
Вiталь Булыга, нападаючы:
— На мой погляд, нiчыя — заканамерны вынiк для абедзвюх камандаў. Мы ганарымся, што гулялi з такой зборнай, як Аргенцiна i, думаю, любая каманда ў свеце марыць з ёй згуляць. Нiчыя дома з Аргенцiнай — станоўчы вынiк, балельшчыкi, мяркую, задаволеныя. Было, дарэчы, вельмi прыемна, што iх столькi сабралася, дзякуй iм вялiкi, што прыйшлi на матч, нягледзячы на не такi i танны кошт бiлетаў. Шкада, што не забiлi. У мяне быў шанц у пачатку другога тайма, i аргенцінцы таксама маглi нам забiць.
— У пачатку другога тайма беларуская каманда актывiзавалася з-за таго, што ў канцы першай паловы страцiла iнiцыятыву? Трэнеры прасiлi актыўней сыграць наперадзе?
— У нас такая тактыка. Трэнерская ўстаноўка такая, што з першых хвiлiн мы пачынаем агрэсiўна, а потым пачынаем гуляць больш кампактна. Пасля гульнi, дарэчы, Бернд Штанге павiншаваў нас з вынiкам, ён задаволены.
— Нiчые ў апошнiх трох таварыскiх матчах яшчэ не надакучылi?
— Вы ж паглядзiце, з кiм мы гуляем! З той жа Германiяй, якая выступала ў фiнальнай частцы чэмпiянату Еўропы, з Аргенцiнай, якая тры гады не саступала першае месца ў рэйтынгу ФIФА. Няхай нам лепш пашанцуе ў афiцыйных матчах. А па таварыскiх гульнях мы чэмпiёны свету — нiкому не прайграем.
— Таму не баiцеся сапернiкаў па адборачнай групе?
— А каго нам баяцца? Тую ж зборную Англii ў яе дома мы абыгрывалi. Мы ўсiх паважаем, але нiкога не баiмся.
Уладзiмiр Карыцька, абаронца:
— Лiчу, што згулялi ўдала, паказалi добры вынiк. Такi сапернiк не можа не ўразiць — узяць любога футбалiста — ён гуляе ў топ-клубе. Акрамя Месi, увесь першы склад быў на полi. Пастаралiся паказаць, што мы таксама ўмеем гуляць у футбол.
— Усё задуманае ўдалося рэалiзаваць на полi?
— Удалося многае, але штосьцi i не атрымалася. Можна было рэалiзаваць свае моманты ў атацы
— Як вам дзеяннi маладых партнёраў у абароне Фiлiпенкi i Верхаўцова?
— Яны згулялi ўдала i даволi ўпэўнена. Мяркую, што наперадзе iх чакае вялiкi прагрэс.
— З якой зборнай вы хацелi б яшчэ згуляць?
— Заўсёды прыемна гуляць з наймацнейшымi зборнымi свету. Але асабiстых пераваг няма.
Сяргей Амельянчук, абаронца:
— Для абаронцаў згуляць на нуль — выдатны вынiк, прычым калi ўлiчваць, што наш сапернiк — адна з наймацнейшых камандаў свету. Хоць сёння прыйшлося нялёгка. Да iх варот было не падабрацца. Усе нападаючыя выступаюць у топ-клубах, з iмi таксама было цяжка.
— Калi прабiвалi штрафны ў канцы гульнi, што не атрымалася?
— Бiў на сiлу з разлiкам трапiць у рамку. Удар, здаецца i атрымаўся, не пашанцавала, што трапiў камусьцi ў нагу. Было два варыянты прабiць: Валодзя Карыцька хацеў перакiнуць сценку i я. Вырашылi, што прабiваць мне.
Юрый Жаўноў, варатар:
— Безумоўна, аргенцiнцы выглядалi мацнейшымi, дзесьцi нас нават перайгравалi, але я думаю, што мы сёння дастойна згулялi. Дома заўсёды прыемна выходзiць на стадыён, тым больш што столькi балельшчыкаў прыйшло. Такi шум стаяў на стадыёне, што футбалiсты маіх указанняў не чулi.
— Як пракаментуеш моманты, калi мяч трапiў у перакладзiну ў канцы першага тайма i ў другiм тайме, калi ты не дацягнуўся i мяч трапiў у iграка?
— Мне пакуль складана сказаць, з боку было лепш бачна. У другiм тайме я ўпэўнена выходзiў на той мяч. Галоўнае, што не забiлi