У панядзелак матчам МТЗ-РІПА - "Гомель" скончыўся першы круг чэмпіянату Беларусі па футболе.
Пасьля паловы чэмпіянату на першым месцы ўпэўнена трымаецца трыюмфатар двух апошніх першынстваў барысаўскі БАТЭ. У суботу каманда Віктара Ганчарэнкі досыць упэўнена перамагла ў гасьцях "Віцебск" - 2:0. БАТЭ выйграе ўжо ў васьмі матчах запар, а ў пятнаццаці апошніх - не прайграе. Дарэчы, гульня з БАТЭ стала апошняй на трэнэрскім мосьціку віцяблян для Юры Канаплёва. Новым рулявым "Віцебску" прызначаны былы гулец зборнай Беларусі і кіеўскага "Дынама" Аляксандар Хацкевіч.
Прадстаўнікі Беларусі ў Кубку ЎЭФА МТЗ-РІПА і "Гомель" скончылі першы круг чэмпіянату матчам на мокрым "Трактары". Гаспадары аказаліся мацней - 3:1. Такім чынам, менавіта МТЗ-РІПА зьяўляецца галоўным супернікам барысаўцаў.
На трэцяе месца пасьля цяжкой хатняй перамогі над "Савітам" (3:2) залезла менскае "Дынама". Аб’ектыўна кажучы, "дынамаўцам" будзе цяжка складаць канкурэнцыю БАТЭ і МТЗ-РІПА ў спрэчцы за першае месца, але "бронзе" самага тытулаванага беларускага клюбу наўрад нешта пагражае.
Астатнія матчы пятнаццатага туру прынесьлі наступныя вынікі: "Дынама" (Берасьце) - "Лякаматыў" - 1:0, "Нёман" - "Граніт" - 0:1, "Тарпэда" - "Нафтан" - 0:3, "Дняпро" - "Смаргонь" - 5:0, "Дарыда" - "Шахцёр" - 0:2.
Турнірная табліца мае наступны выгляд: БАТЭ - 37 пунктаў, МТЗ-РІПА - 32, "Дынама" (Менск) - 27, "Віцебск" - 25, "Нафтан" - 24, "Шахцёр", "Дняпро" - па 23, "Дынама" (Берасьце) - 22, "Граніт", "Тарпэда" - па 18, "Гомель" - 16, "Нёман" - 15, "Савіт" - 13, "Лякаматыў" - 11, "Дарыда" - 7.
Найлепшым бамбардзірам зьяўляецца Арцём Канцавы (МТЗ-РІПА) - 12 галоў.