
Квота квіткоў на адкрыццё-закрыццё Гульняў для Беларусі ўсяго 20. Іх амаль адразу раскупілі. Застаўся толькі “брыльянтавы” пакет за 13 тысяч еўра. Пра гэта Еўрарадыё расказаў начальнік аддзела ўнутранага і выязнога турызму “Белзнештурыста” Уладлен Сакалоў.
Уладлен Сакалоў: “Калі зараз беларус хоча патрапіць на адкрыццё альбо закрыццё Алімпіяды, яму неабходна набываць брыльянтавы пакет. Там ёсць “брыльянтавы” пакет, “плацінавы” і “залаты”. “Залаты” пакет каштуе 8600 еўра. Ён на 10 дзён. Сюды ўваходзіць пералёт, пражыванне, па 1 спартовым мерапрыемстве ў дзень, уключаючы адкрыццё альбо закрыццё. Наступны пакет - 11 тысяч еўра. Гэта ўсё тое ж самае, толькі пералёт у бізнэс-класе. І апошняе - 13 тысяч еўра. Усё тое ж самае, толькі індувідуальны трансфер і індывідуальны гід”.
У самы просты пакет на 10 дзён ўваходзіць наведванне аднаго мерапрыемства ў дзень, пражыванне, пералёт, харчаванне. Каштуе ен 4400 еўра. Але гэта групавы тур, з вылетам з Масквы. Выбіраць, якія спаборніцтвы наведваць, турыст не можа - яны ўжо запланаваныя загадзя. Адзінае, што можна выбраць - у першую палову Алімпіяды ехаць ці ў другую.
Праўда, могуць скласці індывідуальны тур.
Уладлен Сакалоў: “Калі вы хочаце наведаць нешта, што цікава толькі вам, калі вы хочаце жыць не ў тым гатэлі, дзе жывуць усе, альбо ў іншыя тэрміны, бо ўсе пакеты тэрмінам на 10 дзён, то вам неабходна асобна браніраваць квіткі на пералёт, гатэль і квіткі на спаборніцтвы”.
Але тады немагчыма нават прагназаваць, у колькі такі індывідуальны тур абыйдзецца турысту. Да таго ж, могуць узнікнуць праблемы з квіткамі на самалёт.
Уладлен Сакалоў: “Квіткоў на самалёты ў Пекін засталося мала. Рэальна, каб нешта падабраць у патрэбныя тэрміны і па прымальным кошце, трэба пасядзець з паўгадзіны павыбіраць. Таму што праз Аўстрыю практычна ўсё прададзена, праз “Аэрафлот” - таксама. Штосьці засталося толькі ў кітайскіх авіяліній”.
Нягледзячы на кошты тураў, па меркаванні супрацоўніка “Белзнештурыста”, на Алімпіядзе пабывае да 800 беларусаў. Гэта - з улікам удзельнікаў афіцыйных дэлегацый. Па яго звестках, такіх у Пекін паедзе каля 200-300 чалавек.
Уладлен Сакалоў: “Я думаю, шмат беларусаў паедзе ў рамках афіцыйных дэлегацый. Дзесьці чалавек 200-300. Яшчэ столькі ж турыстаў паедзе сваёй хадой”.
Тое, што ў афіцыйнай дэлегацыі будзе некалькі соцень чалавек, пацвердзіў Еўрарадыё першы віцэ-прэзідэнт НАК Генадзь Аляксеенка. Праўда, нават папярэдні спіс удзельнікаў пачнуць складаць толькі ў траўні. Але па словах прадстаўніка НАКу, міністраў, якія па сумяшчальнасці з’яўляюцца кіраўнікамі розных спартовых федэрацый, на Алімпіяду не возьмуць.
Генадзь Аляксеенка: “Яны кіраўнікі федэрацый, а склад дэлегацый складаецца так, што турыстаў у нас няма магчымасці вазіць”.
У афіцыйную дэлегацыю ўвойдуць толькі трэнеры і дактары. І яшчэ - прадстаўнікі НАК. Збіраецца ў Пекін і прэзідэнт Лукашэнка.
Невядома пакуль, колькі на Алімпіяду паедзе спартоўцаў.
Генадзь Аляксеенка: “У красавіку будзе складзены так званы доўгі спіс, а ў траўні на выканкаме яго будуць зацвярджаць. Трэба мець на ўвазе, што адбор яшчэ ў 10 відах спорту не завершаны. У барацьбе грэка-рымскай, акадэмічнай і вольнай, веславенні, веласпорце, стральбе з лука, тэнісе, плаванні і г.д.”
Але не толькі міністраў не бяруць на Алімпіяду. Не будзе ў беларускіх спартоўцаў і маральнай падтрымкі з боку айчыннага шоў-бізнэсу. Нават “твар Беларусі” Ірыну Дарафееву з канцэртам у алімпійскую вёску беларусаў не запрасілі.
Зміцер Панямонаў