Амаль штодня на беларускай мяжы пагранічнікі затрымліваюць грузавікі з керамічнай пліткай ды іншымі будаўнічымі матэрыяламі з перавышэннем радыяцыйнага фона ў некалькі разоў. Як нечакана даведалася “Еўрарадыё”, большасць з такіх небяспечных грузаў потым без праблем атрымлівае дазвол ад Праматамнагляду на дастаўку па прызначэнні. Адкуль праз рынкі і крамы ўсё гэта разам з радыяцыяй можа трапіць у нашы кватэры.
 
Днямі на памежным пераходзе “Казловічы” брэсцкія памежнікі затрымалі пяць грузавікоў з будаўнічымі матэрыяламі. Спецыяльны прыбор, штоі рэагуе на рэчы, радыяцыйны фон якіх перавышае 20 мікрарэнтген у гадзіну, зафіксаваў перавышэнне нормы ў вогнетрывалай цэгле з Нямеччыны на 31 мікрарэнтген ў гадзіну, а ў фарбах і лаках - на 47 мікрарэнтгенаў. А гэта 51 і 67 мікрарэнтген у гадзіну адпаведна! Не менш “свяціліся” італьянская керамічная плітка. Нагадаем, у гранітнай плітцы на плошчы Незалежнасці, якую спецыялісты Інстытута “Сосны” прызналі для выкарыстоўвання ў межах населеных пунктах непрыдатнай, перавышэнне радыяцыйнага фону было на 20-40 мікрарэнгенаў у гадзіну. Па словах начальніка пункта памежнага кантролю “Казловічы” Віталя Дудзіка, такія затрыманні здараюцца амаль штодня. Часцей за ўсё ”фаняць” будаўнічыя матэрыялы.
 
Віталь Дудзік:Падчас аднаго дзяжурства можа быць 5 машын, а можа быць 3 машыны. Іншым разам і ніводнага затрымання за дзяжурства. Але найчасцей гэта керамічная плітка, цэгла, спецыяльны пясок для вырабу будаўнічых матэрыялаў, сумесі розныя”.
 
Зараз машыны з затрыманным грузам знаходзяцца на спецпляцоўках. Па словах начальніка памежнага пераходу, іх задача - толькі спыніць падазроны груз. Яго далейшы лёс вырашаюць Праматамнагляд ды МНС.
 
Віталь Дудзік:Рашэнне аб пропуску гэтых транспартных сродкаў прымае Праматамнагляд і МНС. Яны робяць усе неабходныя замеры, далей выстаўляюць патрабаванні прадстаўніку перавозчыка, якія дакументы ім неабходна падаць, якія абавязацельствы выканаць. І пасля гэтага прымаецца рашэнне: нам прыходзяць дакументы, якія альбо дазваляюць перамяшчэнне грузу да месца прызначэння, альбо адмова”.
 
Як небяспечная керамічная плітка потым трапляе ў нашы ванныя пакоі, чытай тут.
 
Як стала вядома “Еўрарадыё”, часцей за ўсё такі радыяцыйны груз атрымлівае дазвол працягваць шлях. Па словах кіраўніка Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем працы ў прамысловасці і атамнай энэргетыцы Уладзіміра Соніна, машыны затрымліваюць толькі для таго, каб праверыць, што за груз “фаніць” і ці ёсць дазвол на правоз такіх матэрыялаў праз мяжу. Калі гэта не кантэйнер з цэзіем альбо міні-атамны рэактар, а “толькі” будаўнічыя матэрыялы з фонам ў 67 мікрарэнтген, такі дазвол даюць. Абмежаванняў на перавышэнне радыяцыйнага фону, як гэта не дзіўна, для іх няма!
 
Зміцер Панямонаў
 
-20%
-10%
-10%
-10%
-30%
-10%
-44%
-10%
-50%
0068422