На 5 лiстапада прыпадаюць 100-я ўгодкi з дня народзiнаў Мiхала Вiтушкi, кiраўнiка Беларускага антыбальшавiцкага Супрацiву ў 1945 — 1959 гадах. Ён памёр зусiм нядаўна — вясной 2006 года ў Заходняй Нямеччыне, дзе жыў пад iншым прозвiшчам. А ў Беларусi яго "пахавалi" яшчэ ў 1945-м.

З дасье "Салiдарнасцi"
 
 
Мiхал Вiтушка (5.11.1907, Нясвiж — 27.04.2006, Заходняя Нямеччына), беларускi вайсковы i палiтычны дзеяч. Скончыў славутую Вiленскую беларускую гiмназiю, Варшаўскую палiтэхнiку, iнжынер. Браў актыўны ўдзел у працы незалежнiцкага беларускага студэнцкага руху.
 
У вераснi 1939 года вярнуўся з Варшавы ў Нясвiж, служыў у мiлiцыi, пасля будаваў дарогi. Зiмой 1940 г. разам са стрыечным братам Дзмiтрыем Касмовiчам быў арыштаваны НКВД за сувязь з беларускiмi нацыянальнымi арганiзацыямi ў замежжы. На волю яны выйшлi дзякуючы заступнiцтву сваяка Вiтушкi — прафэсара А. Пракапчука, ветэрана савецкiх спецслужбаў.
 
На пачатку нямецкай акупацыi Вiтушка ледзь не быў расстраляны нясвiжскай палiцыяй, якая складалася з палякаў. Уцякае ў Менск, дзе разам з Касмовiчам стварае службу парадку, Ад таго часу ваюе з савецкiмi партызанамi i дыверсiйнымi групамi на Палессi, пасля на Браншчыне i Смаленшчыне. Удзельнiчае ў Беларускiм нацыянальным Супрацiве, аднак сыходзiць у лес не спяшаецца, працягвае супрацоўнiчаць з немцамi, меў рангу маёра. З вясны 1944 года разам з прэзiдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады Р. Астроўскiм, камандзiрам Беларускай Краёвай Абароны Ф. Кушалем ды iнш. удзельнiчаў у нарадах з прадстаўнiкамi нямецкiх спецслужбаў, прысвечаных падрыхтоўцы антысавецкага супрацiву.
 
Восенню 1944 г., на прапанову беларускага нацыянальнага актыву, Вiтушка быў зацверджаны кiраўнiком Беларускага антысавецкага Супрацiву. Дзеля дэзынфармацыi савецкiх спецслужбаў была праведзеная спецыяльная "аперацыя прыкрыцця", у вынiку якой ужо вясной 1945-га "СМЕРШ" быў перакананы, што М. Вiтушка загiнуў. Насамрэч, напрыканцы снежня 1944 года ён разам з атрадам дэсантнiкаў быў перакiнуты з Нямеччыны ў Польшчу, у раён Варшавы, дзе ў бункеры быў разгорнуты Галоўны штаб беларускага партызанскага руху (кансьпiрацыйная арганiзацыя "Чорны Кот").
 
"Чорны кот"
 
Беларускiя нацыянальныя партызанскi i канспiрацыйны рухi iснавалi i падчас нямецкай акупацыi 1941-1944 гадоў. Яны збiралi сiлы для збройнага выступу супраць акупантаў i аднаўлення незалежнасцi БНР.
 
Дзеячы Беларускага Супрацiву гiнулi ад рук нацыстаў, бальшавiкоў, польскiх акоўцаў. У снежнi 1942 года СД знiшчыла ксяндза Вiнцэнта Гадлеўскага, iдэоляга i лiдэра Супрацiву.
 
Тым часам у 1943-м на ўсходнiм фронце наступiў пералом. Нямеччына цярпела паразу за паразай, стала рэальным вяртанне ў Беларусь бальшавiкоў. У гэтай сiтуацыi беларускi нацыянальны актыў прыняў няпростае рашэнне.
 
У Беларускага Супрацiву не было ўласных рэсурсаў для пачатку вызвольнай барацьбы на два фронты, спробы наладзiць сувязь з заходнiмi саюзнiкамi не далi жаданага вынiку. Не хапала не толькi зброi, але i дасведчаных камандзiраў. Таму, калi вясной 1944 года немцы прапанавалi беларускiм дзеячам — кiраўнiкам Беларускай Цэнтральнай Рады i Беларускай Краёвай Абароны — паўдзельнiчаць у арганiзацыi канспiрацыйнай сеткi антысавецкага супрацiву, яны пагадзiлiся.
 
Нямецкiя спецслужбы планавалi падрыхтаваць i пакiнуць у тыле бальшавiкоў вялiзны "дыверсiйны фронт" ад Балтыкi да Чорнага мора. Быў распрацаваны тайны план пад кодавай назвай "Лiбэн Кэтхэн" ("Любiмая Котка"). Пачалася падрыхтоўка людзей i матэрыяльна-тэхнiчнай базы. Калi ў Латвii канспiрацыйная сетка атрымала назву "Лясныя Коткi", ва Украiне "Стэпавы Кот", на Смаленшчыне i Браншчыне "Дзiкi Кот", дык у Беларусi — "Чорны Кот". На яго кiраўнiка беларускi нацыянальны актыў прапанаваў немцам таленавiтага беларускага вайскоўца маёра Мiхала Вiтушку.
 
 
Вокладка даклада ў спецыяльную камiсiю Кангрэса ЗША пра дзейнасць арганiзацыi "Чорны Кот" i яе кiраўнiка, лiдэра "беларускага нацыянальнага рэзыстансу" Мiхала Вiтушкi.
 
"Я ненавiджу немцаў, але нам трэба ўсё выкарыстаць"
 
Напрыканцы чэрвеня 1944 года пасля заканчэння ў Менску Другога Усебеларускага кангрэсу Вiтушка сустрэўся з паэткай, генеральным сакратаром Рады БНР Ларысай Генiюш (яны пазнаёмiлiся ў 1930-я ў Празе). У сваiх успамiнах яна занатавала словы Мiхала Вiтушкi: "Ларыса Генiюш, я ненавiджу немцаў, я толькi й толькi беларус, але нам трэба здабыць нашую зямлю для народу, i трэба нам усё дзеля гэтага выкарыстаць".
 
Гэтыя словы Вiтушкi яскрава характарызуюць тую трагiчную сiтуацыю, у якую патрапiлi беларускiя вайскоўцы, якiя праглi змагання за вольную i незалежную Беларусь. Бо ваяваць iм давялося пад нямецкiм кiраўнiцтвам, якое цiкавiла аслабленьне бальшавiкоў, а не беларуская дзяржаўнасць.
 
Паводле плану нямецкiх спецслужбаў, Беларускi антысавецкi Супрацiў на тэрыторыi Беларусi быў падзелены на тры часткi: "Беларусь-Поўнач", "Беларусь-Цэнтр" i "Беларусь-Поўдзень". Кожная з галiнаў мела свайго кiраўнiка, беларуса па нацыянальнасцi. У сваю чаргу камандзiры падначальвалiся Галоўнаму штабу беларускага партызанскага руху, якi быў размешчаны ў бункеры пад Варшавай. Усе гады партызанскага i канспiрацыйнага змагання iм кiраваў Мiхал Вiтушка.
 
Да лета 1944 года было падрыхтавана каля 3000 байцоў i камандзiраў. Большая частка iх пасля ўцёкаў немцаў засталася ў Беларусi i чакала загадаў ад Вiтушкi. Некалькi атрадаў прайшлi падрыхтоўку ў Нямеччыне i ў Беларусь ды Польшчу прыбылi пазьней.
 
Для беларускiх партызанаў немцамi на тэрыторыi Беларусi вясной-летам 1944 года былi пабудаваныя 15 бункероў. Асноўныя з iх знаходзiлiся пад Камянцом, Пiнскам, Наваградкам i Барысавам.
 
"Бункеры будавалi з бетону i закладалi на 2-2,5 метры ў глыбiню пад зямлю, — успамiнае былы нямецкi вайсковец, удзельнiк падрыхтоўкi сеткi бункероў на тэрыторыi Заходняй Беларусi. — Сiстэмы вентыляцыi адводзiлiся на 20-25 метраў ад бункера. Звычайна ў бункеры было некалькi пакояў, сховiшча для зброi i прадуктаў".
 
Усе партызанскiя атрады, пакiнутыя ў Беларусi ў рамках плана "Лiбэн Кэтхен", былi забяспечаныя радыёсувяззю, шэрагам явак, зброяй, боепрыпасамi, дакументамi (бланкамi i пячаткамi савецкiх вайсковых i цывiльных установаў), грашыма, медыкаментамi. Планавалася, што гэтых запасаў хопiць на 5-10 гадоў дзейнасцi.
 
Дзякуючы гэтым бункерам большая частка беларускiх партызанаў здолела ператрываць без вялiкiх стратаў найбольш цяжкi пэрыяд — да лета 1945 года. Менавiта за гэты час ворганамi дзяржбяспекi былi разгромленыя польскае падполле i партызанка.
 
Паводле матэрыялаў КГБ, на працягу 1944-1955 гадоў былi выкрытыя толькi 7 бункераў-складаў Беларускага Супрацiву.
 
"Больш лютага ворага беларусаў чым СССР цяжка ўявiць"
 
Пасля капiтуляцыi Нямеччыны арганiзацыя Вiтушкi стала цалкам незалежнай. У вераснi 1945-га ў Белавежскай пушчы адбылася канферэнцыя камандзiраў партызанскiх атрадаў, на якой вырашалася стратэгiя i тактыка антыбальшавiцкай барацьбы. Агулам прысутнiчалi каля 40 чалавек, якiя прадстаўлялi 16 атрадаў.
 
Мiхал Вiтушка ў сваiм выступе так ацанiў мiжнародную сiтуацыю: "У сучасных палiтычных умовах раней цi пазьней адбудзецца фармаваньне палiтычных, а магчыма i ваенных блёкаў. Адзiн падобны блёк узначалiць Амэрыка, другi — СССР. Таму мы таксама паўстанем перад выбарам. Больш лютага ворага беларусаў чым СССР цяжка ўявiць, таму лягiчным саюзьнiкам будзе Амэрыка. Дапамагаць апошняй у барацьбе супраць СССР — гэта дапамагаць сваёй перамозе".
 
 
На фота: Беларускi партызанскi атрад з батальёна "Вiцебск" iдзе ў рэйд на Пскоўшчыну, 1946 год (у некаторых крынiцах яго памылкова называюць фiнскiм).
 
Дзесьцi з 1947 года арганiзацыя Вiтушкi пачынае супрацоўнiчаць з заходнiмi спецслужбамi. Дзякуючы iх дапамозе, пасля Вiтушка зможа перакiнуць на Захад нямала сваiх партызанаў.
 
Арганiзаваная партызанская барацьба падначаленых Вiтушку атрадаў i груп распачалася восенню 1945-га. Гэта былi кропкавыя акцыi: невялiкiя дыверсii на камунiкацыях, вызваленне вязняў з турмаў i канцлагераў, напады на карныя аддзелы. Быў наладжаны выпуск нелегальнага друку.
 
 
Вокладка партызанскай брашуры "Як нашкодзiць ворагу?" (1947 г.).
 
Вiтушка бярог сваiх людзей, бо iм трэба было дачакацца "гарачага канфлiкту" памiж Захадам i СССР. Тады б яны мусiлi ўзняць антысавецкае паўстанне i стаць ядром будучага беларускага войска. Такiя былi планы.
 
Варта адзначыць, што акрамя атрадаў арганiзацыi Вiтушкi ў Беларусi дзейнiчалi i iншыя арганiзацыi i групы, праўда нешматлiкiя i горш падрыхтаваныя. Значна больш масавым быў стыхiйны партызанскi рух, якi то затухаў, то зноў выбухаў у адказ на рэпрэсii i мерапрыемствы савецкай улады. Ён пратрымаўся досыць доўга, бо апошнiя збройныя сутычкi былi зафiксаваныя ў 60-я гады.
 
Успамiны чакаюць свайго часу
 
Пабачыўшы безперспектыўнасць далейшай партызанскай барацьбы, Вiтушка ў 1951-53 гг. выводзiць з Беларусi ў Польшчу, а адтуль — на Захад — апошнiя ацалелыя партызанскiя аддзелы (напрыклад, поўным складам сышлi атрады "Белавежа" i "Камянец"). Толькi асобны атрад Аўгена Жыхара працягваў барацьбу да канца 1954-га.
 
Але канспiрацыя ў Беларусi i Польшчы засталася, яе ўдзельнiкi яшчэ нейкi час працягвалi шкодзiць савецкай уладзе. Толькi ў 1959 годзе прыйшоў загад пра спыненне антысавецкай барацьбы.
 
Напрыканцы 1950-х Вiтушка перабраўся з Польшчы на Захад, жыў у Заходняй Нямеччыне, працаваў у адной з заходнiх спецслужбаў, падтрымлiваў сувязь з падпольнай сеткай у БССР. У 1950-70-х неаднаразова, пад iншым прозвiшчам, з польскiмi, нямецкiмi дакументамi ён наведваў Беларусь. Вядома ж рызыкаваў, але лiчыў, што толькi на месцы "можа адчуць сапраўдныя настроi народу".
 
Пасля выхаду на пенсiю Мiхал Вiтушка пiсаў успамiны. Зараз за iмi палююць, але месца iх знаходжання дагэтуль невядомае.
 
Вiтушка кантактаваў толькi з невялiкай групай сяброў i паплечнiкаў. Яны яго не называлi "генералам", толькi "камандзiрам". Такая традыцыя захоўвалася яшчэ з часоў партызанскай барацьбы. Сам Вiтушка да сваёй рангi "генерала" адносiўся скептычна, лiчыў, што ўзнагароды i рангi будзе раздаваць урад вольнай i незалежнай Беларусi.
 
Здымкi з архiву Сяргея Ярша
 
Сяргей Ёрш
{banner_819}{banner_825}
-10%
-30%
-12%
-10%
-10%
-15%