Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Спадар Стражаў лічыць, што сучасная беларуская школа павінна выйсьці на новы ровень разьвіцьця. Адукацыя мусіць стаць вельмі якаснай і разам з тым агульнадаступнай. Між тым в.а. міністра спадзяецца й на тое, што ў бліжэйшыя гады значна палепшыцца й ровень жыцьця настаўнікаў і выкладчыкаў, бо бяз гэтага аб павышэньні якасьці навучаньня ў Беларусі размова ісьці ня можа.

Сёньня ў галіне адукацыі ў Беларусі працуе каля 440 тысяч чалавек - настаўнікі, выкладчыкі, выхавальнікі. Пакуль гэтага недастаткова, каб задаволіць патрэбу краіны ў пэдагагічных кадрах. Але, як паведаміў на сустрэчы з журналістамі в.а. міністра адукацыі Васіль Стражаў, ужо вельмі хутка сытуацыя выправіцца сама па сабе: ужо цяпер адчуваюцца наступствы гэтак званай "дэмаграфічнай ямы", калі з 1986 году пачалася рэзка скарачацца колькасьць народжаных дзяцей. Сёлета, напрыклад, выпускнікоў сярэдняй школы было каля 150 тысяч, а ў першую клясу прыйшло каля 100 тысяч чалавек. Зразумела, што вялікая колькасьць настаўнікаў празь некалькі гадоў будзе ўжо непатрэбная.

Адпаведна, будуць мяняцца прынцыпы падрыхтоўкі настаўнікаў. Магчыма, у пэдагагічных ВНУ скароціцца набор, напрыклад, на філялягічныя спэцыяльнасьці, больш будуць рыхтаваць псыхолягаў, сацыяльных работнікаў, настаўнікаў замежных моваў, бо менавіта іх цяпер у школах нестае. Гэта й будзе першым захадам для павышэньня якасьці адукацыі. Апроч таго, в.а. міністра гаворыць пра неабходнасьць пашырэньня кампутарызацыі беларускіх навучальных установаў. Інфарматыка павінна стаць трэцім асноўным прадметам разам з матэматыкай і роднай мовай.

Як вядома, рэформа школы ў Беларусі ідзе ўжо чатыры гады. Гэта, паводле словаў спадара Стражава, -- ня толькі пераход на 12-цігадовае навучаньне, але й істотнае зьмяненьне самой школьнай праграмы, прынцыпаў выкладаньня матэрыялу. Разам з тым, рэфармаваная школа мусіць захаваць лепшую рысу старой, яшчэ савецкай школы - агульнадаступнасьць. В.а міністра адукацыі цьвердзіць, што існуе небясьпека падзяленьня беларускіх школ на элітныя й "для простых сьмяротных". Значыцца, трэба зрабіць так, каб усе школы давалі прэстыжную адукацыю, і, разам з тым, туды маглі патрапіць усе ахвочыя. Васіль Стражаў заявіў, што ліцэйская ступень будзе даступнай для ўсіх.

Дарэчы, пра гэтыя ўстановы. В.а. міністра адукацыі на прэсавай канфэрэнцыі пракамэнтаваў факт закрыцьця Сьветлагорскай філіі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Ён лічыць праблему, што апошнім часам уздымалася ў прэсе, надуманай.

В.С.: -Вы ведаеце, колькі вучняў было ў Сьветлагорскай філіі? 26 чалавек! Гэта надуманая праблема, якой насамрэч не існуе. Гэтыя 26 чалавек як вучыліся ў тых жа клясах, так яны й вучацца - з тымі ж настаўнікамі, у тым жа будынку. Раней філіі былі ў пяці гарадох. Калі быў прыняты новы статут, філіі фармальна былі ліквідаваныя, але дзеці як вучыліся, так і працягвалі вучыцца. А гэты застаўся з-за памылкі гарадзкіх уладаў. Спахапіліся, а невядома - зь якіх крыніцаў гэты ліцэй фінансаваць.

В.а. міністра таксама адказваў на іншыя пытаньні аб становішчы сучаснай беларускай школы. Праблемаў з падручнікамі няма, колькасьць навучальных гадзінаў не павялічваецца, і шкоднага ўплыву на здароўе дзяцей школа ня робіць. Мы зьвярнуліся да Васіля Стражава з пытаньнем, датычным праблемы выкарыстаньня школьных дзёньнікаў. Як ужо распавядала Рацыя, у некаторых школах Менску настаўнікі сталі патрабаваць у вучняў, каб тыя выкарыстоўвалі дзёньнікі толькі зь дзяржаўнай сымболікай. Паводле спадара Стражава, дзёньнікі з гербам і сьцягам Рэспублікі Беларусь насамрэч неабавязковыя, галоўнае, каб яны былі надрукаваныя ў нашай краіне.

В.С.: -Міністэрства апошнія тры гады рэкамэндуе, каб нашыя школьнікі карысталіся дзёньнікамі, якія выдадзеныя ў Беларусі, а не расейскімі й не ўкраінскімі. А нашыя дзёньнікі зь дзяржаўнай сымболікай, а нашыя дзёньнікі з адпаведным матэрыялам, які мае дачыненьне да навучаньня ў беларускай школе. Напрыклад, у гэтых дзёньніках, якія мы надрукавалі сёлета, ёсьць табліца, адмылова для дзядуць і бабуль надрукавалі, што 10 балаў - гэта 5 зь плюсам, а 8 - 5 зь мінусам. Гэта таму, што ўжо ў наступным годзе мы цалкам пераходзім на 10-цібальную сыстэму.

Наогул, у Беларусі ёсьць усе перадумовы для павышэньня якасьці адукацыі. Пытаньне толькі за аплатай працы настаўнікаў і выкладчыкаў. Цяпер іх заробкі ня вельмі высокія. В.а. міністра адукацыі Васіль Стражаў паабяцаў, што да канца году яны дарастуць да 100 даляраў. Але гэта будуць толькі налічаныя заробкі, якія, да таго ж, не заўсёды рэгулярна выплочваюць.

Юлія Шарова

Радыё Рацыя
0058648