Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Аляксандар Лукашэнка прызначыў сваім памочнікам у пытаньнях фізкультуры, спорту й турызму Мікалая Ананьева. Таго самага Ананьева, які два гады таму назад падазраваўся ў карупцыі й быў адпраўлены Лукашэнкам у адстаўку з пасады міністра спорту й турызму.

Гэта ўжо другое прышэсьце Мікалая Ананьева ў бліжэйшае атачэньне Лукашэнкі. Прычым, на адну й тую ж пасаду. Кар'ерны ўзьлёт старшыні камітэту па фізкультуры, спорту й турызму Магілеўскага аблвыканкаму пачаўся ў 1997 годзе.

Менавіта тады, дзякуючы магілеўскім караням, ён апынуўся ў Менску на пасадзе памочніка Лукашэнкі па фізкультуры й спорце. А літаральна праз год спадар Ананьеў узначаліў адмысловае міністэрства. Аднак і на гэтай пасадзе ён доўга не пратрымаўся. Увесну 1999 году распачаўся скандал вакол Алімпійскага фонду Беларусі. Дырэктар гэтага фонду Валянцін Філіповіч быў арыштаваны ў момант атрыманьня хабару ад прадстаўніцы камэрцыйнай фірмы "Лавіком" Тацяны Лукашовай . За 1900 даляраў ЗША спадар Філіповіч абяцаў выдзеліць фірме гандлёвае месца ў менскім Палацы спорту.

Падчас сьледзтва спадар Філіповіч заявіў, што перадаваў частку грошай, а таксама шампанскае да навагодняга стала Мікалаю Ананьеву, паколькі Палац спорту падпарадкоўся ягонаму Міністэрству. Міліцыянты нават правялі ў службовым кабінэце тагачаснага міністра Ананьева ператрус. Узьнік скандал, і Лукашэнка звольніў Ананьева зь міністэрскае пасады. Праўда, канчаткова "здаваць" свайго памочніка Лукашэнка не пажадаў. На судовым працэсе ў справе Алімпійскага фонду Ананьеў ужо быў толькі сьведкам.

Увогуле, пра гэты скандал хутка забыліся й Ананьеву знайшлі "цёплае месца" намесьніка начальніка апарату прадстаўніцтва гэтак званага парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі й Расіі.

Нядаўна вызвалілася пасада памочніка Лукашэнкі па фізкультуры й спорце. Колішні памочнік Цяцерын, які вучыў Лукашэнку гуляць у тэніс, адпраўлены ў адстаўку ў сувязі зь пераводам на іншую працу. А вакантную пасаду Лукашэнка зноў даверыў Мікалаю Ананьеву. Ён хоць чалавек і з "падмочанай" рэпутацыяй, але ж свой, магілеўскі.

Ян Мікалаеў

Радыё Рацыя