Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Чым выкліканая неабходнасьць прыняцьця закону? Якім чынам можа зьмяніцца сытуацыя ў інфармацыйнай прасторы Беларусі? У эфіры Рацыі - незалежная экспэртыза. Ацэнку законапраекту дае Андрэй Бастунец - юрыст Цэнтру прававое дапамогі СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Законапраектам займалася камісія па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на чале зь Мікалаем Чаргінцом. Ад закону "Аб інфармацыйнай бясьпецы" чакалі легалізацыі Інтэрнэту ў Беларусі. Беларусь стаіць на апошнім месцы ў Эўропе паводле тэмпаў разьвіцьця Інтэрнэту. Тым ня менш, Інтэрнэт у нас ёсьць. Мэдыі маюць уласныя сайты. Існуюць спэцыялізаваныя інтэрнэт-выданьні. Але ні ў адным законе няма панятку "Інтэрнэт".

Гаворыць Андрэй Бастунец:

А.Б.: -- Нейкіх канкрэтных нормаў, якія б рэгулявалі Інтэрнэт, у законапраекце няма. Ва ўсялякім разе, я ня бачыў слова "Інтэрнэт".

Але штосьці падобнае да рэгуляваньня Інтэрнэт-стасункаў у законапраекце пра інфармацыйную бясьпеку ёсьць:

А.Б.: -- "Защита внутреннего рынка от проникновения информационной продукции, а также информационных технологий и услуг, создающих угрозу субъектам информационной безопастности". Я мушу падкрэсьліць, што ў крымінальным кодэксе ўжо ёсьць артыкул, прысьвечаны абароне ад хакераў.

Такім чынам, што новага можа прынесьці прыняцьцё закону "Аб інфармацыйнае бясьпецы"? Андрэй Бастунец акцэнтуе ўвагу на адным з пунктаў артыкулу нумар 12, які гучыць наступным чынам:

А.Б.: -- Там записана: "Обеспечение достоверности сведений о социально значимых событиях общественной жизни, распрастраняемых через средства массовой информации.

RR: -- Ключавое слова "достоверность". Хто будзе вызначаць "достоверность"?

А.Б.: -- У законе гаворка вядзецца толькі пра прынцыпы.

RR: -- Напрыклад, калі грамадзянін мяркуе, што пэўны СМІ яго абразіў, грамадзянін падае на СМІ ў суд. І суд вырашае канфлікт.

А.Б.: -- Гэта й ёсьць цывілізаваны шлях вырашэньня такіх канфліктаў. Мне падаецца, што калі б гэты закон раней уступіў у сілу, то, напрыклад, спадар Глушакоў, які ажыцьцяўляў цэнзуру напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, мог бы спасылацца на гэты пункт 12.

RR: -- Пры ўмове ўвядзеньня закону з названым пунктам, якім чынам можа зьмяніцца сытуацыя?

А.Б.: -- Увесь гэты закон у найлепшым выпадку ніяк ня зьменіць сытуацыю ў выпадку, калі ён будзе прыняты. Але, дзеля рэалізацыі закону "Аб інфармацыйнае бясьпецы", іншыя дзяржаўныя органы, урад, парлямэнт будуць вымушаныя прыняць новыя нарматыўныя акты. У лепшым выпадку гэтыя іншыя прынятыя акты нічога ня зьменяць. Тым больш, што нельга сказаць, каб гэтыя законы працавалі.

Рацыі невядомая колькасьць дэпутатаў беларускага парлямэнту, якія хаця б раз заходзілі ва Ўсясьветнае павуціньне -- альбо сеціва - як клічуць Інтэрнэт. Але, выглядае на тое, што ў жыцьці й працы беларускіх дэпутатаў міжнародная кампутарная сетка грае зусім невялікую ролю. Інакш, як можна патлумачыць, што нават само слова "Інтэрнэт" не фігуруе ў праекце закону "Аб інфармацыйнай" бясьпецы?

Пакуль некаторыя дэпутаты спрабуюць прыдумаць новыя палкі ў колы незалежных выданьняў, увесь сьвет разьвівае інфармацыйныя тэхналёгіі. 4 кастрычніка адзначаецца дзесяцігодзьдзе беларускага Інтэрнэту. Ці выберацца Беларусь з апошняга ў Эўропе месца па ўзроўні разьвіцьця Інтэрнэту - у значнай ступені залежыць ад тых самых дэпутатаў Нацыянальнага сходу.

Севярын Квяткоўскі

Радыё Рацыя
,