Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Замест зацьверджаньня новага прэм'ера "палата прадстаўнікоў" у першы дзень восеньскай сэсіі займалася дробнымі пытаньнямі, стварала ўнутраныя інтрыгі ды плянавала ўжо сёлета прыняць закон пра выбары дэпутатаў іншае палаты прадстаўнікоў — цяпер ужо "парлямэнту саюзнае дзяржавы".

Сёньня пачалася трэцяя сэсія "палаты прадстаўнікоў" гэтак званага Нацыянальнага сходу. Пытаньне пра новага прэм'ер-міністра Генадзя Навіцкага ўвогуле не разглядалі — чакаецца, што гэта будзе 10 кастрычніка.

Адкрываючы сэсію, сьпікер палаты Вадзім Папоў паведаміў, што практычна скончылася ўзгадненьне паправак да праекту Закону аб выбарах дэпутатаў палаты прадстаўнікоў парлямэнту саюзнае дзяржавы. Спадар Папоў заявіў, што ёсьць усе перадумовы, каб прыняць яго ў другім чытаньні ўжо сёлета ў лістападзе-сьнежні — адначасова з расейскай Дзяржаўнай думай.

Вадзім Папоў зазначыў, што да канца году будзе створаная юрыдычная база для абраньня дэпутатаў саюзнае палаты прадстаўнікоў, але дадаў: "Аднак перш, чым гэта адбудзецца, неабходна, каб быў выпрацаваны й вынесены на рэфэрэндум канстытуцыйны акт ".

Я пазваніў у Цэнтарвыбаркам ягонаму сакратару Мікалаю Лазавіку й спытаўся, ці рыхтуецца ўжо такі рэфэрэндум. Спадар Лазавік пра Закон аб выбарах саюзных дэпутатаў заявіў наступнае:

(Лазавік: ) "Закон па сутнасьці ня будзе ўпісвацца ў дзейную Канстытуцыю. Ён можа быць прыняты, але (тут я тэарэтызую) з агаворкаю, што ён уступае ў сілу пасьля прыняцьця канстытуцыйнага акту".

Я нагадаў спадару Лазавіку, што старшыня Цэнтарвыбаркаму Расеі Аляксандар Вешнякоў ужо казаў пра мажлівасьць выбараў у саюзны парлямэнт у сакавіку наступнага году. Вось як камэнтуе гэта Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) "Мы не прызвычаіліся — беларусы — рабіць так пасьпешна. Мы грунтоўна, спакойна мусім узважыць усё. І, напэўна, зарана будзе ў сакавіку — для таго, каб памяркоўна падысьці да гэтага пытаньня".

Цікава, што ў той жа прамове на адкрыцьці сэсіі "палаты прадстаўнікоў" ейны сьпікер Вадзім Папоў заявіў як пра абарону дзяржаўнага сувэрэнітэту й палітычнай незалежнасьці краіны як пра прыярытэт.

Аднак службовая кар'ера самога спадара Папова, як лічаць некаторыя дэпутаты, пад пытаньнем. Дэпутаты сёньня большасьцю галасоў уключылі ў парадак дня сэсіі пытаньне пра дзейнасьць кіраўніцтва "палаты", і яно будзе разглядацца на закрытым паседжаньні. У кулюарах "палаты прадстаўнікоў" кажуць, што замест спадара Папова сьпікерам могуць зрабіць ягонага цяперашняга намесьніка Ўладзімера Канаплёва.

Юры Сьвірко, Менск
0058648