фотоПа рашэнню ЮНЕСКА і польскага Сейма 2006 год быў абвешчаны годам вядомага рэдактара парыжскага часопіса Ежы Гедройца, стагоддзе з дня нараджэння якога адзначалася ў ліпені гэтага года. Аднак мала хто ведае, што імя Гедройца цесна звязана з Мінскам. Бо менавіта ў беларускай сталіцы нарадзіўся будучы выдатны рэдактар.

На жаль, пра мінскі перыяд жыцця Ежы Гедройца вядома няшмат. У сваёй кнізе "Аўтабіяграфія на чатыры рукі" пра сваё дзяцінства будучы майстар публіцыстычнага слова пісаў так: "Да 1919 года мае бацькі жылі ў Мінску Літоўскім. Сям’я была вельмі збяднелай. Маёнткі зніклі разам з прадзедам Люцыянам, афіцэрам гвардыі ў расійскай арміі, які скончыў жыццё самагубствам. Пасля яго смерці, згодна з тагачасным звычаем, маёмасцю пачаў кіраваць сямейны савет, які растранжырыў абсалютна ўсё, у выніку мой дзед застаўся абсалютна без нічога, з нейкім маленькім фальварачкам каля Смілавіч, у вельмі цяжкіх умовах. Таму мой бацька закончыў фармацэўтычныя штудыі і працаваў аптэкарам. Атмасфера ў доме была даволі крызіснай, даволі нішчымнай".

У дзяцінстве Гедройц моцна хварэў, таму шмат часу праводзіў не ў школе, а ў бібліятэчным пакоі. Па словах галоўнага архівіста Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Уладзіміра Дзянісава, экцыклапедычныя выданні і гістарычная літаратура аказалі на Гедройца вялікі ўплыў. Юны Ежы паглынаў кнігі "ў неверагодных колькасцях". Спачатку Гедройц атрымліваў хатнюю адукацыю, у тым ліку займаўся ігрой на фартэпіяна. У 1916 г., калі яму споўнілася 10 год, бацькі адаслалі хлопчыка вучыцца ў Маскву, дзе была польская гімназія (у Мінску ў той час польскіх гімназій не было). У беларускую сталіцу Гедройц вярнуўся праз год і працягнуў вучыцца ў мясцовай гімназіі, якой кіраваў прафесар Масоніс.

Далейшы лёс Гедройца складваўся наступным чынам. У 1919 годзе ў сувязі з наступленнем Чырвонай Арміі сям’я Гедройцаў выехала з Мінска ў Варшаву. Там будучы рэдактар "Культуры" скончыў юрыдычны і гістарычны факультэты Варшаўскага універсітэта. Працаваў у міністэрствах сельскай гаспадаркі, прамысловасці і гандлю, рэдагаваў розныя часопісы. На пачатку Другой сусветнай вайны выехаў праз Румынію і Турцыю ў Палесціну, удзельнічаў у антыфашысцкіх ваенных кампаніях. У 1946 годзе заснаваў Літаратурны інстытут у Рыме, у 1947 г. - польскі штомесячнік "Культура" ў Парыжы.

На працягу 40 гадоў “Культура” ўзнімала тэмы, забароненыя цэнзурай ва ўсім сацыялістычным лагеры. У гэтыя краіны часопіс даходзіў пераважна нелегальна. “Культура” была сапраўдным незалежным выданнем. Не было ніякай абавязковай праграмы. “Культура” не мела гатовых рашэнняў. Лінію, праграму, рашэнні “Культура” хацела замяніць дыскусіямі, разважаннямі і, урэшце, выпрацаванымі гэтым шляхам перакананнямі”, - адзначыў польскі гісторык, супрацоўнік “Культуры” Леапольд Унгер пад час мінскай чэрвеньскай канферэнцыі “Канцэпцыя “УЛБ” (Украіна, Літва, Беларусь) - ад ідэі да рэалізацыі”. Па яго словах, часопіс змагаўся з дыктатурай, нацыялізмам, шавінізмам, клерыкалізмам, антысемітызмам, палітычным фальшам.

Але не ўсім падабалася дзейнасць Гедройца. Нехта называў яго працу “прывіднымі мроямі рэдактара-адзіночкі”, абвінавачваў у здрадзе нацыянальным інтарэсам. А ён цвёрда стаяў на сваім. І гісторыя паказала, што меў рацыю, бо валодаў прарочым дарам, мог прадбачыць ход падзей. Гедройц знакаміты тым, што яшчэ ў пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя прадказаў распад Савецкага Саюза і з’яўленне на месцы заходніх рэспублік “Краіны Саветаў” па меншай меры трох незалежных, суверэнных дзяржаў - Украіны, Літвы, Беларусі. За такую дзіўную якасць прадбачання яго сталі называць Прарокам.

У сувязі з гэтым трэба адзначыць наступную акалічнасць. Гедройц амаль ніколі не пісаў для “Культуры”. Па яго словах, “рэдактар - гэта рэжысёр. А рэжысёры рэдка бываюць добрымі акцёрамі”. Гедройц з самага пачатку выдання часопіса рабіў стаўку на прафесійных пісьменнікаў, на яркія індывідуальнасці - ці то ў паэзіі, ці ў прозе, публіцыстыцы, эсэістыцы, літаратурнай крытыцы. У "Культуры" нязменна публікаваўся Чэслаў Мілаш, у будучым лаўрэат Нобелеўскай прэміі. Часопіс меў таксама свайго выдатнага публіцыста - палітолага Юліуша Мерашэўскага, які рэгулярна аналізаваў у "Культуры" найбольш складаныя праблемы бягучага міжнароднага жыцця. Дзякуючы гэтаму чытачы лічылі свой часопіс не эміграцыйным выданнем, а вольнай трыбунай усіх палякаў, таксама і тых, хто быў адрэзаны ад дэмакратычных свабодаў. “Не ўпадаючы ў нацыянальную мегаламанію, мы павінны праводзіць незалежную палітыку, а не быць кліентамі Злучаных Штатаў ці якой-небудзь іншай дзяржавы, - разважаў Ежы Гедройц у сваёй кнізе "Аўтабіяграфія на чатыры рукі". - Нашай галоўнай мэтай павінна быць нармалізацыя польска-расійскіх і польска-нямецкіх адносін, з адначасовай абаронай незалежнасці Украіны, Беларусі і прыбалтыйскіх краінаў і пры цесным супрацоўніцтве з імі. Мы павінны сабе усвядоміць, што чым мацнейшай будзе наша пазіцыя на Ўсходзе, тым больш будуць з намі лічыцца ў Заходняй Еўропе”.

Да канца сваiх дзён Гедройц сачыў за беларускімі падзеямi, падтрымліваў парасткі новай культуры ў Беларусi. Менавіта культуру ён лічыў гарантам i падмуркам дэмакратыi. Гедройц дапамагаў беларускім студэнтам стыпендыямі, публікаваў у "Культуры" артыкулы ў абарону самастойнай Беларусі. А калі адзін з беларускіх ліцэяў на Беласточчыне аказаўся без электрычнасці, бо не было чым заплаціць даўгі, Ежы Гедройц дапамог уласнымі грашыма.

Ганароваму старшыні грамадскага аб’яднання “Міжнародная асацыяцЕжы Гедройц і Адам Мальдзіс. Фота Альгіса Каледы (Вільнюс)ыя беларусістаў” Адаму Мальдзісу пашанцавала сустрэцца з Ежы Гедройцам у снежні 1999 года ў Парыжы ў час прадстаўнічай канферэнцыі. Адам Іосіфавіч падперазаў Гедройца тканым беларускім народным поясам. Ежы ў адказ пацікавіўся, ці захаваўся касцёл, дзе яго хрысцілі, як выглядае сённяшні Мінск.

14 верасня 2000 года Прарока і Рэдактара не стала. Паводле яго волі спыніла свой выхад “Культура”. Аднак па-ранейшаму пад Парыжам дзейнічае заснаваны ім Літаратурны інстытут, па-ранейшаму выходзіць квартальнік “Зэшыты гісторычнэ”.

Дзіўна аб гэтым гаварыць, але многія беларусы адкрылі для сябе імя Гедройца толькі 8 гадоў назад, калі ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры праводзілася выстава “Знакамітыя землякі. Ежы Гедройц: жыццё і дзейнасць”. У Акадэміі мастацтваў студэнтам паказалі стужку “Разговор с редактором”, знятую яшчэ пры жыцці знакамітага суайчынніка. У 1998-м адзін з нумароў “Культуры” быў прысвечаны Беларусі. У тым жа годзе ў Цэнтры імя Ф. Скарыны быў праведзены “круглы стол”. Затым пабачыў свет зборнік артыкулаў беларускіх навукоўцаў і журналістаў пад рэдакцыяй Адама Мальдзіса “Ежы Гедройц і Беларусь”. Пасля гэтага пры дапамозе Польскага Інстытута ў Мінску урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя памяці Ежы Гедройца, сталі праходзіць часцей. У выніку грамадскасць выступіла з прапановай адкрыць у Мiнску мемарыяльную дошку славутаму земляку i надаць ягонае iмя адной са сталiчных вулiц. Але пакуль, нават у год 100-гадовага юбілея, гэтыя добрыя намеры не былі рэалізаваны. Нехта лічыць, што такія справы хутка не робяцца, але ёсць думка, што сёння, калі паміж Польшчай і Беларуссю не вельмі добрыя адносіны на палітычнай ніве, цяжка разлічваць на іншае…

Даведка.

Ежы Гедройц нарадзіўся 27 ліпеня 1906 года ў Мінску. Вучыўся на юрыдычным (1924-1929) і гістарычным (1930-1931) факультэтах у Варшаўскім універсітэце.Падчас вучобы быў актыўным удзельнікам розных грамадскіх аб’яднанняў. Затым працаваў рэферэнтам у Міністэрстве сельскай гаспадаркі, кіраўніком аддзела ў Міністэрстве гандлю і прамысловасці. На пачатку Другой сусветнай вайны выехаў праз Румынію і Турцыю ў Палесціну, удзельнічаў у антыфашысцкіх ваенных кампаніях.
Заснавальнік Літаратурнага інстытута ў Рыме (1946), выдавец і галоўны рэдактар часопіса “Культура” (1947). Ініцыятар выдання серыі “Бібліятэка Культуры”, з 1962 года - заснавальнік “Гістарычных сшыткаў“.
На працягу з 1947 па 2000 года выйшла 636 нумароў “Культуры”, 132 нумары “Гістарычных сшыткаў”, 511 тамоў “Бібліятэкі Культуры”…Ежы Гедройц абраны ганаровым доктарам Ягелонскага, Шчэцінскага і Вроцлаўскага універсітэтаў.
Крытычна пазіраючы на адносіны, пануючыя ў Польшчы пасля 1989 года, адмовіўся прыняць вышэйшую польскую адзнаку - Ордэн Белага Арла. У 1996 годзе адзначаны французскім Афіцэрскім Крыжам Ордэна Ганаровага Легіёна. Праз год атрымаў ганаровае грамадзянства Літвы, а ў 1998 годзе - Ордэн Гедыміна.

Падрыхтаваў Аляксандр Заяц

{banner_819}{banner_825}
-30%
-35%
-20%
-10%
-15%
-10%
-10%
-30%
-50%
-10%