У Магiлёве хутка адкрыецца новая рыэлтарская кантора, якая будзе прапаноўваць свае паслугi ў абмене большай жылой плошчы на меншую малазабяспечаным сем’ям i "хранiчным" даўжнiкам па кватэрнай плаце.

Iдэя стварыць такую кантору належыць Магiлёўскаму цэнтру гарадскiх iнфармацыйных сiстэм, якi займаецца налiчэннем камунальных плацяжоў i спагнаннем запазычанасцяў.

— Ёсць сем’i альбо адзiнокiя людзi, якiя маюць вялiкiя кватэры, але не маюць магчымасцi плацiць за iх, — тлумачыць дырэктар Цэнтра iнфармацыйных сiстэм Юрый Капытаў. — Многiя з iх, магчыма, i пагадзiлiся б на пераезд у меншыя кватэры, але ў iх няма магчымасцi i ахвоты займацца абменнымi клопатамi. Мы дапаможам гэтым людзям i дадзiм гарантыю, што iнфармацыяй пра iх фiнансавыя праблемы не скарыстаюцца махляры.

Валодаючы iнфармацыяй пра даўжнiкоў па кватэрнай плаце, спецыялiсты новай рыэлтарскай канторы прапануюць iм абмен. Аднак грошы за паслугi будуць браць не з малазабяспечаных, а з людзей з дастаткам, якiя хочуць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы i набыць кватэру з большай плошчай.

Мяркуецца, што з рознiцы памiж коштам вялiкай i малой кватэры будуць заплачаны запазычанасцi клiента. Гэта дазволiць знiзiць праблему неплацяжоў. Яна па-ранейшаму стаiць востра, нягледзячы на тое, што за апошнiя 5 месяцаў яе ўдалося паменшыць амаль на мiльряд рублёў. Цяпер у горадзе Магiлёве больш за 5 тысяч плацельшчыкаў маюць запазычанасць за кватэру ў 2,6 мiльярда рублёў.

Канешне, не ўсе даўжнiкi захочуць абменьваць свае кватэры i нiхто не будзе iх прымушаць да абмену. Аднак у цэнтры ўжо вызначылi больш за сотню перспектыўных клiентаў, з якiмi можна працаваць. Паводле планаў, "Рыэлтiнфармцэнтр" — так будзе называцца новая кантора — пачне працаваць у пачатку новага года.

Iлона Iванова

{banner_819}{banner_825}
-45%
-30%
-25%
-20%
-20%
-15%
-20%
-12%
-20%
-25%