Общество


Сябры дэмакратычнае "пяцёркі" прэтэндэнтаў прынялі сёньня рашэньне пра стварэньне агульнага перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Ганчарыка. Аднак ня выключана, што штаб Сямёна Домаша можа парушыць дасягнутыя ў суботу дамоўленасьці.

Галоўным пытаньнем сёньняшняе нарады "пяцёркі", стала стварэньне аб'яднанага штабу дзеля падтрымкі адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Пяцёрка прэтэндэнтаў прыняла прынцыповае рашэньне і аб'яднаны штаб Уладзімера Ганчарыка будзе створаны цягам бліжэйшых дзён. Гаворыць Уладзімер Ганчарык:

"Прынята рашэньне пра стварэньне аб'яднага штабу падрыхтоўкі да выбараў, узгодненыя прынцыпы ягонага стварэньня. Кожны прапануе сваіх людзей у гэты штаб, прапанавана стварыць палітычную кансультацыйную раду пры штабе з кіраўнікоў партыяў, якія будуць падтрымліваць адзінага кандыдата. Узгодненыя ўсе пытаньні, і нейкіх вялікіх сумневаў у вырашэньні гэтых пытаньняў пакуль няма",— сказаў адзіны кандытат Уладзімер Ганчарык.

Аб'яднаныя штабы спадара Ганчарыка, у якія ўвойдуць лепшыя актывісты ўсіх пяцёх прэтэндэнтаў, будуць створаныя ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Акрамя Кансультацыйнае рады лідэраў партыяў, пры штабе Ганчарыка таксама будзе дзейнічаць Палітычная рада, у якую ўвойдуць усе сябры "пяцёркі". Паводле Паўла Казлоўскга, гэты ворган мусіць вызначаць стратэгію й тактыку выбарчае кампаніі адзінага кандыдата на прэзыдэнта.

Усе сябры "пяцёркі" гавораць, што не зьбіраюцца парушаць дасягнутыя дамоўленасьці ў справе падтрымкі адзінага кандыдата.

Сёньня зьявілася інфармацыя, што Сямён Домаш нібыта ня надта задаволены суботнім рашэньнем "пяцёркі" ў справе вылучэньня адзіным кандыдатам Уладзімера Ганчарыка. Вось што паведаміў у гэтай справе Міхал Чыгір:

"Паміж нас пяцёх існуе поўная згода, і некія сумневы, што зьявіліся датычна Домаша, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Нельга сказаць, што абсалютна ўсе гатовыя працаваць на адзінага кандыдата, гэта відаць і немагчыма, але лепшыя людзі будуць працаваць",— сказаў спадар Чыгір.

А вось камэнтар самога Сямёна Домаша:

"Дамоўленасьць ёсьць поўная. Так, як мы й дамаўляліся, што прынятыя рашэньні "пяцёркі" будуць выконвацца ўсімі яе сябрамі. Так, адназначна існуе адзінства, і яно яшчэ раз пацьверджанае, і мы ўсе будзем працаваць разам на агульны вынік",— сказаў у інтэрвію нашаму радыё Сямён Домаш.

Такой была сытуцыя ў першай палове дня. Аднак пасьля абеду тэрмінова была скліканая нарада кіраўнікоў рэгіянальных штабоў Сямёна Домаша. У часе гэтага паседжаньня, сапраўды, высьветлілася, што многія актывісты ініцыятыўнае групы спадара Домаша лічаць, што дамоўленасьцяў у рамках пяцёркі выконваць ня варта, ды маўляў Домашу й Ганчарыку, якія сабралі больш чым па 100 000 подпісаў, трэба весьці толькі міжсобку далейшыя кансультацыі ў справе вызначэньня адзінага кандыдата. Актывіст перадвыбарчага штабу Домаша, Уладзімер Кудзінаў, нават не выключае, што Сямён Домаш будзе ўдзельнічаць у першым туры выбараў.

У другой палове дня Сямён Домаш выступіў са зваротам да сваіх паплечнікаў, у якім адзначыў, што "адзіным кандыдатам "пяцёркі" зьяўляецца Ўладзімір Ганчарык", заклікаў не спыняць працы і не губляць аптымізму. "Увосень нас чакае перамога", - заявіў Сямён Домаш.

Тым часам, прэтэндэнты, што, паводле Цэнтральнае выбарчае камісіі, не сабралі неабходных для рэгістрацыі ста тысячаў подпісаў, спадары Чыгір, Казлоўскі й Калякін, яшчэ будуць адстойваць свае інтарэсы ў судзе, але ўсе яны зьбіраюцца актыўна працаваць у штабе Ўладзімера Ганчарыка. Так днямі, бюро ЦК ПКБ нават прыняло адмысловае рашэньне, якое забавязвае ўсіх сяброў партыі актыўна падтрымаць кандыдатуру Ўладзімера Ганчарыка.

Альгерд Невяроўскі, Менск
Нужные услуги в нужный момент