Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Літва катэгарычна абвяргае заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў Вільні плянуецца паседжаньне пяці патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, якія павінны будуць выбраць адзінага. Як заявіў у інтэрвію RR амабасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас, "літоўскім ўладам пра такую сустрэчу нічога не вядома". Камэнтуючы заявы беларускага лідэра пра "літоўскія правакацыі", якія нібыта будуць зробленыя з ініцыятывы амэрыканцаў, у літоўскім МЗС нашаму радыё заявілі, што "Літва ня будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі".

Ініцыятарам чарговага скандалу выступіў Аляксандар Лукашэнка, які зьвінаваціў суседнюю Літву ў "правакацыях", якія "час ад часу" ажыцьцяўляе паўночная суседка Беларусі. Апошняй правакацыяй беларускі лідэр назваў сустрэчу пяці патэнцыйных кандыдатаў, якая нібыта заплянаваныя ў Вільні. Паводле словаў Лукашэнкі, ініцыятарамі гэтай нарады выступілі амэрыканцы. Гэтыя чарговыя скандальныя заявы Аляксандар Лукашэнка зрабіў у інтэрвію агенцыі "Интерфакс".

Самі патэнцыйныя кандыдаты заяўляюць, што ў Вільню бліжэйшым часам не зьбіраліся й не зьбіраюцца. Міхаіл Чыгір, напрыклад, заўважыў Рацыі, што "ў пяцёркі хапае справаў на радзіме, галоўная зь якіх - зрабіць так, каб бліжэйшыя гадоў пяць ад кіраўніка Беларусі не сыходзілі заявы, аналягічныя цяперашнім".

Якія яшчэ меў на ўвазе "правакацыі" Аляксандар Лукашэнка, у Міністэрстве замежных справаў Беларусі ўдакладніць ня здолелі… Прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка заявіў Рацыі: "Мы не ўпаўнаважаныя камэнтаваць выказваньні кіраўніка дзяржавы".

Заявы Аляксандра Лукашэнкі катэгарычна абвяргае літоўскі бок. Амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас, камэнтуючы верагоданасьць правядзеньня ў Вільні нарады пяці патэнцыйных кандыдатаў, паведаміў Рацыі: - Я хачу заявіць афіцыйна, што літоўская амбасада не валодае інфармацыяй пра пляны магчымых кандыдатаў правесьці ў сталіцы Літвы працоўную сустржчу. Мы таксама не валодаем інфармацыяй пра арганізатараў гэтай сустрэчы.

Ён адмовіўся камэнтаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі аб "правакацыях", якія Літва ажыцьцяўляе "час ад часу". У літоўскім МЗС Рацыі заявілі, што гэтыя заявы не маюць пад сабой глебы й толькі ўскладняюць стасункі паміж суседнімі краінамі.

На сувязі Вільня, гаворыць кіраўнік Дэпартамэнту інфармацыі літоўскага МЗС Пятрас Заполскас: - Літва ніякім чынам не зьбіраецца ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. Афіцыйная Вільня не зьбіраецца удзельнічаць у перадвыбарчай гонцы. У тым ліку камэнтуючы выказваньні Лукашэнкі.

Юрась Карманаў

Радыё Рацыя