Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


На фоне пераважнай бальшыні гарадоў сьвету Менск здаецца на першы погляд горадам хуткасьцяў. У межах сталіцы аўтамабілісты могуць дазволіць сабе разагнацца да 90 кілямэтраў на гадзіну, не баючыся пры гэтым міліцыйнае кары. Такая магчымасьць ёсьць, праўда, толькі на адной менскай магістралі - той, якою кожнага дня на працу й з працы вязуць Аляксандра Лукашэнку. Пра хуткасьці на менскіх дарогах варта паразважаць.

Для параўнаньня: у Францыі на тэрыторыі места максымальнымі для кіроўцаў застаюцца добра вядомыя нам 60 кілямэтраў на гадзіну, у Нямеччыне - 50 на большых і 30 - на меншых вуліцах, у Злучаных Штатах па-рознаму, але ў сярэднім 30 міляў - каля 48 кілямэтраў. У беларускім Менску сёлетняе восені зрабілі выключэньне - на шасьціпалосным праспэкце Машэрава льга разагнацца да 90 кілямэтраў на гадзіну. Зрэшты, такую, калі ня большую, хуткасьць і раней дазваляў сабе эскорт Аляксандра Лукашэнкі. Незычліўцы цяпер жартуюць, што максымальную дазволеную для магістралі хуткасьць давялося павялічыць пасьля таго, як сталічным міліцыянтам ня раз не ўдавалася затрымаць высокапастаўленых парушальнікаў. У менскім ДАІ зьмены хуткасьці тлумачаць патэнцыялам магістралі, нагадваючы пры гэтым, што ехаць хутчэй ад сёлетняй восені можна й яшчэ на адным менскім праспэкце - Партызанскім - там, праўда, максымальнымі ўстаноўленыя 70 кілямэтраў на гадзіну. Павелічэньне дазволенай хуткасьці ў міліцыі матывуюць таксама патрэбаю прадухіляць заторы. Кожны, аднак, прызнае, што Менску - гораду шырокіх вуліц - заторы, такія, скажам, як у Маскве ці Варшаве, пакуль не пагражаюць. Прычына, дарэчы, ня толькі ў шырачыні вуліц - актыўнасьць аўтапарку стрымліваюць цэны на бэнзын, якім зусім ужо недалёка да цэнаў у краінах, дзе сярэдні заробак прынамсі ў некалькі разоў большы за беларускі.

Новыя менскія хуткасьці, трэба сказаць, у асноўным парадавалі кіроўцаў. Цяпер на двох памянёных праспэктах сталіцы міліцыя амаль ня ловіць парушальнікаў хуткасьці. Супрацоўнікі ДАІ падпільноўваюць іх на зацішнейшых вуліцах, процістаўляючы апэратыўнасьць свайго дзеяньня пільнасьці паведамляльнікаў сталічных FM-радыяў. Міліцыйная прафіляктыка памяркоўнай язды набывае часам даволі забаўную форму. Вядомы, напрыклад, такі эпізод - ён меў месца яшчэ летась, калі зь Менску ў Гомель прыехаў зь інспэкцыяй былы старшыня Міністэрства ўнутраных справаў генэрал Юры Сівакоў. Прыбыўшы ў Гомель, генэрал выклікаў падначаленых і наракаў: маўляў, гэтулькі міліцыянтаў на дарозе, і хоць бы хто зь іх аддаў чэсьць міністру. Палагаднеў Сівакоў адно тады, як дазнаўся, што гомельская міліцыя праводзіла якраз тэставаньне новых мэтадаў барацьбы з залішне хуткімі шафёрамі. Гомельцы вырабілі з фанеры муляжы бела-блакітных службовых "ладаў" і разам з кардонавымі міліцыянтамі паставілі іх на ўзбоччы дарогі. Эфэктыўнасьць вынаходкі перасягнула тады ўсе найсьмялейшыя спадзяваньні.

Юрась Бушлякоў

Радыё Рацыя