Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Цэнтравыбаркам 2-га лістапада падвёў афіцыйныя вынікі парлямэнцкіх выбараў. Такім чынам, новы беларускі парлямэнт сфармаваны. Усе 97 абраных дэпутатаў аднадушна сябрамі Цэнтравыбаркаму зарэгістраваныя. Першая сэсія Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня пачне сваю працу 21-га лістапада а 10-й раніцы ў Авальнай зале.

Новы склад беларускага парлямэнту надзвычай разнастайны. Пракуроры і галоўныя рэдактары, старшыні райвыканкамаў і галоўныя ўрачы, супрацоўнікі КДБ й міністры, эканамісты й палітолягі. Няма толькі рабочых і калгасьнікаў. Дакладней, прамысловасьць і сельская гаспадарка прадстаўленыя, але на ўзроўні дырэктараў прадпрыемстваў, старшыняў калгасаў і... міністра сельскай гаспадаркі.

Што тычыцца саміх выбараў, яны былі, паводле аднадушных ацэнак усіх сяброў ЦВК, надзвычай дэмакратычнымі, адкрытымі, празрыстымі. Выбіраць было з каго. Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына распавядае.

Л.Я.: У нас ніколі не было такога вялікага конкурсу. Дый вылучэньне ў кандыдаты йшло самым народным, дэмакратычным мэтадам - шляхам збору подпісаў.

Парушэньні, на думку спадарыні Ярмошынай, былі. Але дробныя. Скаргі таксама былі. Але ў большасьці выпадкаў, як паказвалі сур'ёзныя праверкі, неабгрунтаваныя. Былі й недахопы - мяркуе старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Л.Я.: Былі й недахопы. Галоўны недахоп - маніпуляваньне грамадзкай думкаю. Зьявіліся адмысловыя тэхналёгіі, фальсыфікацыі, падманныя спосабы. З разьвіцьцём дэмакратыі адбываецца й рост маніпуляцыяў.

Ведае Цэнтравыбаркам і тое, што заможныя кандыдаты ў дэпутаты выкарыстоўвалі й свае ўласныя немалыя грошы, а таксама прыцягвалі грошы фундатараў. Праўда, не заўсёды грошы дапамагалі, як было ў выпадку з кандыдатам па прозьвішчы Данькоў, які запрасіў нават вядомую расейскую сьпявачку Надзею Бабкіну й бясплатна страхаваў дзяцей. Аднак выбары прайграў…Але ж некаторыя выбаршчыкі купляліся…

Л.Я.: Мы ведаем, што шырока ўдзельнічалі незадэкляраваныя грашовыя сродкі. Почасту пад выглядам дабрачыннай дапамогі. Безумоўна, ня ўсе кандыдаты знаходзіліся ў роўных умовах. Той, у каго больш грошай, меў больш шанцаў. Нажаль, наш выбаршчык лёгка спакушаецца на некаторыя матэрыяльныя выгоды.

На маё пытаньне, ці ведае спадарыня Ярмошына, што 2-га лістапада ў Вене на паседжаньні пастаяннага камітэту АБСЭ кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы па Беларусі Ханс-Георг Вік выступае з дакладам па выніках выбараў, і ці зьбіраецца Цэнтравыбаркам рэагаваць на заявы ўплывовых эўрапейскіх структураў і міжнароднай супольнасьці, Лідзія Ярмошына адказал даволі катэгарычна.

Л.Я.: Толькі ў тым выпадку, калі ў ЦВК прыйдзе заява, ці рэзалюцыя. Пра выступ амбасадара Віка ў Вене я першы раз чую ад вас Нас ніяк не праінфармавалі пра канфэрэнцыю ў Вене. Што тычыцца тэхнічнай місіі БДІПЧ АБСЭ, то яна яўна перасягнула рамкі свайго мандату.

Такім чынам, Цэнтравыбаркам, нягледзячы на рэзкія ацэнкі ўплывовых міжнародных структураў, на шматлікія скаргі грамадзян, на зварот у Вярхоўны суд Рэспубліканскага клюбу выбаршчыкаў, вынікамі парлямэнцкіх выбараў надзвычай задаволены. Старшыня Цэнтравыбаркаму спадарыня Ярмошына нават новы эпітэт ужыла: камфортныя выбары.

Іна Студзінская

Радыё Рацыя
0058648