Выпiўшая жанчына з немаўлём, якое спала ў люльцы на суседнiм месцы, ледзь i сама не засынала. На прыпынку яна паглядзела ў акенца i ўбачыла свой дом. Схамянуўшыся, мацi выбегла з аўтобуса. Перайшла дарогу i… нават працверазела. Дзiця засталося ў аўтобусе.

Гэту гiсторыю ведаюць амаль усе вадзiцелi. Жанчына, канешне, дагнала аўтобус на таксi i забрала сваё малое. Аднак выпадак перадаецца з вуснаў у вусны i ўжо нiхто дакладна не ведае, калi гэта здарылася i хто расказаў першы. Такiя абуральныя гiсторыi здараюцца не часта. А вось гiсторыi з забытымi рэчамi ў транспарце — справа звычайная.

— Раней было Бюро знаходак у транспарце, — расказвае Галiна Лахманкова, дыспетчар па арганiзацыi руху тралейбуснага парка № 3. — Цяпер яго няма, i рэчы, якiя знайшлi ў аўтобусе, тралейбусе цi трамваi, пасажыры, пры жаданнi, аддаюць вадзiцелю, а той — дыспетчару на станцыi.

Аднак гэта здараецца рэдка. Звычайна знойдзеныя рэчы пасажыры бяруць сабе. Пра гэта можна меркаваць па колькасцi безвынiковых зваротаў няўважлiвых грамадзян. Шафёр жа, калi знойдзеную рэч яму аддаў пасажыр, нiколi яе сабе не забярэ. Хоць бы таму, што гэты пасажыр — сведка, якi ў любы момант можа распытаць на дыспетчарскай станцыi, цi знайшоўся гаспадар. Да таго ж вадзiцелi — людзi найбольш сумленныя.

— Вяртаюць звычайна ключы, пустыя кашалькi, дакументы, сумкi з бутэлькамi, парасоны, ранцы i да таго падобнае, — расказвае Iрына Туманава, дыспетчар станцыi Малiнаўка-4 аўтобуснага парка № 5. — Каштоўнае, як правiла, не вяртаюць.

Дзiўна, калi вяртаюць, лiчыць Сяргей Мiлаўзораў, вадзiцель аўтобуса з дваццацiгадовым стажам. Ён не аднойчы бачыў, як адзiн пасажыр "дапамагае" iншаму штосьцi "забыць". Аднойчы ён заўважыў у люстэрка, як дагледжаная жанчына, выходзячы на канцавым прыпынку, зняла з мужчыны, якi заснуў, шалiк.

— Ён каштуе не больш за пятнаццаць тысяч рублёў, — абураецца Сяргей Барысавiч. — Я аслупянеў ад здзiўлення, аж пакуль не аказалася позна яе даганяць, — жанчына перабегла дарогу. Ды што тут гаварыць! Аднойчы мая жонка забыла ў аўтобусе сваю сумку з зарплатай. I ёй вярнулi ў полiэтыленавым пакеце пашпарт, ключы i пусты кашалёк.

Але бывае i iнакш. Нейкi пасажыр знайшоў жаночую сумку i аддаў вадзiцелю. Той жа прыехаў на канцавы прыпынак i перадаў дыспетчару, якая знайшла гаспадыню сумкi па дакументах.

— Гэта была пенсiянерка, — расказвае Iрына Туманава. — Яна з мужам прыехала з вёскi да дачкi. Жанчына нават не ведала, што згубiла сумку. Прыехала i легла спаць. А ў сумцы былi пашпарт i пенсiя яе i мужа.

Быў выпадак, калi ў аўтобусе прыбiральшчыца знайшла гiтару ў чахле. За гiтарай прыйшоў малады чалавек. Ён сцвярджаў, што ў чахле яшчэ былi мабiльны тэлефон, рэдкiя дыскi. Хлопец нават мiлiцыю прыводзiў, але безвынiкова.

— Два тыднi да нас прыходзiў, нават дадому сярод ночы званiў, — наракае дыспетчар. — Пасля такiх непрыемнасцяў не хочацца шукаць гаспадароў згубленых рэчаў, але ўсё забываецца, i таму робiш гэта зноў…

Так адшукала Святлана Казiмiраўна Песенка, прыбiральшчыца дыспетчарскай станцыi "Курасоўшчына", гаспадыню 160 тысяч рублёў, залатой манеты з сертыфiкатам, ланцужка i двух крыжыкаў (таксама залатых). Сумку з каштоўнасцямi ёй аддаў Андрэй Абакумаў, вадзiцель тралейбуса.

— У той раз я нават не паглядзеў, што ў сумцы, хоць звычайна гляджу, — расказвае Андрэй. — Калi да мяне звяртаюцца па сумку, я пытаюся, што ў ёй. А тады я кудысьцi спяшаўся. Ды i што калi б я ведаў — мне чужога не трэба…

Святлана Казiмiраўна гаворыць, што гэта не ў першы раз Андрэй знаходзiць каштоўныя рэчы i вяртае. Ён проста прыстойны i сумленны чалавек.

— Раней такiх людзей было больш, — лiчыць Сяргей Мiлаўзораў. — Мой бацька, калi я быў маладым хлопцам, неяк знайшоў 360 савецкiх рублёў. Гэта ў той час было нямала. I ён павесiў аб’яву на прыпынку, каб адшукаць гаспадара грошай. Бацька ж нават хадзiў правяраць: цi не абарвалi яго аб’яву. Паўгода мы чакалi, але за рублямi нiхто так i не прыйшоў.

У наш час людзi i самi не вераць, што могуць вярнуць свае згубленыя рэчы, тым больш каштоўныя. Некаторыя нават не спрабуюць iх шукаць. Так было з гаспадыняй золата. Яна не шукала сумку i вельмi здзiвiлася, калi ёй пазванiлi i папрасiлi прыехаць на дыспетчарскую па тое, што яна i не спадзявалася вярнуць.

Бывае, што немагчыма адшукаць гаспадара згубленай рэчы (няма нiякiх дакументаў, блакнотаў i падобнага). Тады вадзiцель адвозiць яе ў парк i там аддае дыспетчару па арганiзацыi руху. Там знойдзеная рэч можа чакаць свайго гаспадара месяцамi. Забыты кiмсьцi пакет з добрай вопраткай праляжаў у тралейбусным парку № 3 прыкладна год, але па яго нiхто так i не прыйшоў.

— Мы рабiлi вопiс гэтага адзення. Наогул, мы робiм гэта, калi рэчы каштоўныя, а так не, — тлумачыць Галiна Лахманкова. — Напрыклад, неяк адной жанчыне стала кепска ў аўтобусе. Ёй дапамаглi выйсцi, але яе вядро з ягадамi засталося ў аўтобусе. Вадзiцель скончыў змену i прывёз ягады да нас. Дзе ж тут зробiш вопiс! Гэта i не спатрэбiлася, хутка тая жанчына забрала ягады.

Ёсць такiя торбы, якiя нават нядобрасумленны пасажыр абыходзiць бокам, а шафёр не рашаецца iх вынесцi з машыны.

— Гэта здарылася на канцавым прыпынку "Дружная", — расказвае Аляксандр Хомiч, вадзiцель аўтобуса. — Нехта пакiнуў каля крэслаў велiзарную чорную сумку. Мне здавалася, што такую торбу нельга забыць. Таму i паспяшаўся паклiкаць мiлiцыю — якраз двое маладых мiма праходзiлi. Тыя папрасiлi мяне паглядзець што там, але я адмовiўся: раптам там бомба! I выйшаў з аўтобуса. У сумцы аказалася коўдра, кубачак i вiдэльцы. Тады ўжо не мы шукалi гаспадара, а мiлiцыя.

У маршрутным таксi забытыя рэчы лягчэй знайсцi, калi пасажыр захаваў бiлецiк. На iм змяшчаецца прозвiшча ўладальнiка маршрута (бывае, нават яго кантактны тэлефон), час i дата паездкi (што дапаможа знайсцi вадзiцеля), i дзяржаўны нумар машыны. Аднак калi бiлецiк не захаваўся, то справа вельмi ўскладняецца. Мая знаёмая спрабавала адшукаць забыты сынам ранец. Яна ведала толькi нумар маршрута, прыкладны час паездкi i тое, як машына выглядала. Гэтага было недастаткова. Жанчыне даводзiлася спыняць кожную машыну, але ранец яна так i не знайшла.

Тым не менш самi вадзiцелi маршрутак лiчаць, што рэчы ў iх машынах забываюць рэдка. Месца ў салоне не так многа, каб непрыкметна падняць чужую рэч, да таго ж амаль увесь шлях людзi мiжволi глядзяць у вочы адзiн аднаму. У такой сiтуацыi амаль немагчыма змаўчаць, калi бачыш, што нехта нешта ўпусцiў цi забыў.

— У маршрутным таксi ездзяць людзi больш прыстойныя, чым у iншым транспарце, — лiчыць Аляксандр Кандраценка, сёння вадзiцель маршрутнага таксi, у мiнулым — вадзiцель аўтобуса. — Неяк я забыў свае сонечныя акуляры на заднiм сядзеннi. Прыехаў на канцавы, а яны як ляжалi, так i ляжаць. Так не здарылася б у аўтобусе, абавязкова хто-небудзь забраў бы сабе.

Такога ж меркаванна пры-трымліваецца i вадзiцель тралейбуса Аляксей Крашкевiч. Ён аднойчы пакiнуў мыла на пярэднiм месцы ў тралейбусе. Праехаўшы некалькi прыпынкаў, Аляксей успомнiў, але калi спытаў пасажыраў, нiхто яму нiчога не змог адказаць.

У метро свая мiлiцыя, i таму калi машынiст знаходзiць забытую рэч, адразу нясе яе туды. Адзiн з кантралёраў расказаў, што аднойчы машынiст знайшоў сумку, у якой былi дзве тысячы долараў. Ён аддаў яе дзяжурным мiлiцыянерам, а тыя па дакументах, знойдзеных у сумцы, ведалi, хто за ёй прыйдзе. I таму, калi ўладарка грошай вярнулася, яе ўжо чакала мiлiцыя.

Я думаю, гэта была прыемная сустрэча. Наогул, калi вам вярнулi згубленую рэч, нават дробязь, становiцца радасна. Радасць можа быць большая, чым таго заслугоўвае знаходка. Мабыць, так здараецца ад таго, што ты адчуваеш: ёсць неабыякавыя да цябе людзi. Прытым зусiм незнаёмыя. На гэты конт можна перафразаваць вядомую запаведзь: паступай з чужымi рэчамi так, як табе хочацца, каб паступалi з тваiмi.

Наталля ТАЛIВIНСКАЯ
-40%
-10%
-10%
-25%
-35%
-50%
-21%
-21%
0066856