Беларуская мова працягвае выціскацца з ўстановаў адукацыі нашай краіны. Днямі быў надрукаваны інструктыўна-метадычны ліст Міністэрства адукацыі “Аб выкладанні гісторыі ў 2006-2007 навучальным годзе”. Паводле гэтага дакументу, гісторыя Беларусі ў 9-10 класах дванаццацігодкі ў рускамоўных школах будзе выкладацца па-руску. Нагадаем, што на рускай мове зараз навучаецца каля 77% школьнікаў.

Сяргей Балахонаў, пісьменнік і настаўнік гісторыі, тлумачыць новаўвядзенні тым, што паводле дакументу Мінадукацыі, сёлета ў выкладанні гісторыі павышаецца роля ідэалагічнага кампаненту.
Але, як мяркуе спадар Балахонаў, значная частка вучняў паглядае на свет даволі крытычна і можа зразумець сапраўдную мэту такіх манеўраў.

Сяргей Балахонаў: — Магчыма, што расійскую мову выкладання выбралі з улікам таго, што яна можа даць больш плёну ў практыцы ідэалягічнага апраменьвання вучняў, як усё ж такі больш зразумелая маладому пакаленню. Мы павінны такі момант разумець.

Грамадскасць адмоўна ставіцца да падобных крокаў у адукацыйнай сферы. Так, Алег Трусаў, старшыня Таварыства Беларускай Мовы, кажа, што арганізацыя не пакіне сітуацыю вакол выкладання гісторыі без нагляду — для яе гэтая справа прынцыповая.

Алег Трусаў: — Як толькі дакумент мы атрымаем, першае што зробім — напішам афіцыйныя лісты, пачынаючы ад міністра, заканчваючы прэм’ерам. Там мы выкажам свой пратэст. Паралельна з гэтым зробім заяву сакратарыята ў канцы жніўня. І калі будуць адмоўныя адказы, пачынаем збор подпісаў бацькоў, выкладчыкаў, дзяцей. І я думаю, мы можам сабраць не адну тысячу.

Адкатам называе новую ініцыятыву Мінадукацыі Валянцін Голубеў, доктар гістарычных навук, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання. Сітуацыя стала нават горшай, чым была ў 80-ыя гады, калі Беларусь яшчэ не была незалежнай дзяржавай.

Валянцін Голубеў: — Калі б нехта — партыйны сакратар, які-небудзь чыноўнік загадаў бы ў Савецкім Саюзе адмовіцца ад таго, каб гаварыць і выкладаць на беларускай мове, гэта было б расцэнена, як праява шавінізму. А тое, што зараз робіцца, я ня ведаю, як назваць. Антынацыянальнай палітыкай? Гэта можна назваць шкодніцтвам.

У Міністэрстве адукацыі ніякіх афіцыйных каментароў не даюць, спасылаючыся на тое, што адказная за гэтае пытанне супрацоўніца знаходзіцца ў адпачынку. Інспектар Мінадукацыі Алена Карповіч гаворыць:

— Два языка государственных, поэтому в чем тут проблема?

Варта таксама адзначыць, што апроч мовы выкладання прадмету змененая і праграма курсу гісторыі Беларусі. Усе тыя ж навучэнцы дванаццацігодкі цяпер будуць ў большых аб’ёмах вывучаць дваццатае стагоддзе, якое падзялілі на два перыяды — для 9 і 10 класу адпаведна. Але невядома, ці паспеюць надрукаваць новыя падручнікі. Да таго ж цалкам магчыма, што пад уплывам неабыякавай грамадскасці Міністэрства адмовіцца ад абсурдных новаўвядзенняў.

Алена Акуліч


 

{banner_819}{banner_825}
-35%
-47%
-50%
-21%
-20%
-35%
-50%
-10%