Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Гэтак кіраўніцтва аблвыканкаму эканоміць грошы свайго бюджэту.

Брэсцкая крэпасьць патрабуе сур'ёзнага рамонту. Апошняя капітальная рэканструкцыя мэмарыяльнага комплексу была больш як 20 гадоў таму. Але ўсе клопаты пра стан крэпасьці афіцыйны Менск пераклаў на Берасьцейскі аблвыканкам, кіраўніцтва якога, у сваю чаргу, таксама вынайшла спосаб асабліва ня траціцца.

Напярэдадні 60-годзьдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны берасьцейскія ўлады загадалі падначаленым структурам набыць і распаўсюдзіць у калектывах лятарэйныя білеты, сродкі ад якіх накіруюць на рэстаўрацыю крэпасьці. Мэта быццам удзячная, але людзі не задаволеныя тым, як рэалізуюць квіткі. Вось што, прыкладам, распавядае супрацоўнік раённых электрасетак гораду Бярозы Васіль Азаранка:

(Азаранка: ) "Паступіла каманда з выканкаму: распаўсюдзіць лятарэйныя білеты на рэканструкцыю Брэсцкай крэпасьці. Пасылае начальнік чалавека да загадчыка аддзелу па ідэалёгіі, той прывозіць гэтыя білеты і пачынае распаўсюджваць, матывуючы гэта тым, што загадалі рэалізаваць у абавязковым парадку. Частка людзей моўчкі гэтыя квіткі й набыла.

Кошт аднаго білета — паўтары тысячы рублёў, амаль бутэлька гарэлкі. Прынамсі, каб выкінуць грошы проста так, ніхто б ня выкінуў. Цікава, што кожны адчуваў гэты ціск. Казалі: калі не куплю білет, значыць, не атрымаю на дапамогу ў гаспадарцы прычэп (ёсьць такая мажлівасьць папрасіць прычэп, трактар, каб вывезьці гной ці бульбу).

Атрымліваецца, ты ня зробіш — кіраўнік табе гэтак сама адкажа. З-за боязі гэтага большасьць і купляла. Таму ў кіраўніка ёсьць, так бы мовіць, прыхаваныя рычагі."

Адметнасьць сытуацыі яшчэ ў тым, што на адным з апошніх паседжаньняў так званага Саюзнага парлямэнту пытаньне Брэсцкай крэпасьці разглядалі асобна. Тады пастанавілі, каб фінансаваньне аднаўленчых працаў ішло з сумеснага расейска-беларускага бюджэту. Але вядома, што бюджэт гэты хранічна не выконваецца.

Таксама ёсьць інфармацыя, што зусім хутка кіраўніцтва Берасьцейскай вобласьці плянуе зьвярнуцца да іншых абласных выканкамаў, каб тыя падтрымалі "вялікі пачын". Такім чынам улады ўсіх узроўняў вырашылі правесьці рэканструкцыю Брэсцкай крэпасьці выключна намаганьнямі шараговых грамадзянаў Беларусі.



Ігар Карней, Менск
,