Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Жорсткі тон рэзалюцыі №433 і той факт, што яна была прынятая сынхронна абедзьвюма палатамі амэрыканскага Кангрэсу, сьведчыць пра ступень увагі амэрыканцаў да беларускай сытуацыі. "15 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка й ягоны аўтарытарны рэжым правялі нелегітымныя й недэмакратычныя парлямэнцкія выбары, мэтаю якіх было ўмацаваньне аўтарытарнага кантролю з боку ўладаў над грамадзянамі Беларусі", - гэтымі словамі пачынаецца рэзалюцыя, ініцыятарамі прыняцьця якой выступілі кангрэсмэн Сэм Гэйдэнсан і сэнатар Бэн Найтгорс Кэмпбэл.

Рэзалюцыя складаецца з трох частак. У першай кангрэсмэны й сэнатары пералічваюць факты брутальных парушэньняў у часе беларускіх выбараў, сярод якіх: рэпрэсіі супроць актывістаў кампаніі "Байкот-2000", адмова ў рэгістрацыі апазыцыйных кандыдатаў, канфіскацыя 100-тысячнага накладу газэты " Рабочы", недапушчэньне апазыцыі да працы Цэнтравыбаркаму, адсутнасьць роўнага доступу да СМІ й г.д.

У другой частцы рэзалюцыі амэрыканцы даюць ацэнку адбытым выбарам, заяўляючы, "выбары праводзіліся паводле недэмакрычнага выбарчага кодэксу". На думку кангрэсмэнаў, у Беларусі абіраўся орган, які "ня мае ані сапраўднае канстытуцыйнае моцы, ані дэмакратычнае легітымнасьці". У рэзалюцыі выказваецца падтрымка дэмакратычнай апазыцыі Беларусі й яе высілкам дзеля байкоту недэмакратычных парлямэнцкіх выбараў.

Асаблівы акцэнт у рэзалюцыі зроблены на тое, што афіцыйны Вашынгтон працягвае лічыць адзіным легітымным заканадаўчым органам Беларусі Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. Амэрыканскія кангрэсмэны нават настойваюць на тым, каб Вярхоўны Савет па-ранейшаму рэпрэзэнтаваў Беларусь пры Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

Кангрэсмэны зьвяртаюцца да Біла Клінтана з заклікам запатрабаваць ад Аляксандра Лукашэнкі поўнае справаздачы пра факты зьнікненьня грамадзянаў РБ, у тым ліку Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі й Зьмітра Завадзкага. У рэзалюцыі кангрэсмэны запатрабавалі таксама вызваліць Уладзімера Кудзінава, Андрэя Клімава ды іншых палітзьняволеных Беларусі.

Як паведаміла "Рацыі" крыніца ў Дзярждэпартамэнце ЗША, надзвычай жорсткая рэзалюцыя была прынятая напярэдадні абмеркаваньня беларускага пытаньня ў Вене, што можна лічыць своеасаблівай спробаю ціску на эўрапейцаў, якія да апошняга часу намагаліся ўцягнуць афіцыйны Менск у арбіту эўрапейскіх працэсаў. Амэрыканцы лічаць, што ў эўрапейцаў адсутнічае доўгатэрміновае бачаньне беларускай сытуацыі, і, паводле нашай крыніцы, зараз амэрыканцы распачынаюць кампанію, мэта якой - схіліць эўрапейскія арганізацыі ( і, найперш, АБСЭ) да больш жорсткага стаўленьня да афіцыйнага Менску. У якасьці прыкладу чыноўнік Дзярждэпартамэнту прывёў даклад амбасадара ЗША у АБСЭ Дэвіса Джонсана, які заклікаў эўрапейскія структуры ня толькі не прызнаваць вынікаў беларускіх выбараў, але й максымальна дыстанцыявацца ад кантактаў з афіцыйнымі беларускімі асобамі. Пасьля адыходу Мілошавіча, сьцьвярджае крыніца ў Дзярждэпартамэнце, увага амэрыканцаў у Эўропе цалкам засяродзілася на Беларусі.

Юрась Карманаў

Радыё Рацыя
0058648