Учора на Маякоўскага, 160, затрымлівалі людзей. Мясцовыя жыхары стаялі ў чарзе, каб падтрымаць Star Coffee — маленькую кавярню, якая частавала іх падчас акцый. Затрыманні скончыліся судом, паведамляе «Наша Ніва».
Каля кавярні на Маякоўскага 28 верасня збіраліся мясцовыя жыхары. Яны хацелі сімвалічна падтрымаць маленькую кавярню, якая частавала іх кавай падчас акцый. Сімволікі ў людзей не было, хтосьці стаяў у чарзе, хтосьці сядзеў унутры ці стаяў ля ўвахода.
Скончылася гісторыя прыездам аўтазака і затрыманнямі. Некаторых людзей схавалі ў кавярні, некаторыя збеглі. Але траіх сілавікі ўсё ж затрымалі. Іх адвезлі ў Ленінскае РУУС. Аднаго адпусцілі ўвечары, бо ён адзінокі бацька. Але перад тым склалі пратакол і сказалі чакаць выкліку ў суд.
Двух адправілі ў ізалятар на Акрэсціна. Сёння быў суд па скайпе. Двое мужчын, 35-гадовы Аляксандр і 24-гадовы Яўген, атрымалі кожны па 7 сутак.
— Муж інжынер-энергетык. Працуе ў прыватнай фірме, дырэктар яго падтрымлівае, таму праблем на працы не будзе. Але сам факт: муж проста сядзеў і піў каву, там не было ні сцягоў, ні лозунгаў, гэта быў не мітынг. І цяпер ён на «сутках», — наракае жонка Аляксандра.