Арцём Гарбацэвіч,

Былы галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» пракаментаваў сітуацыю ў краіне «Нашай Ніве».

Фото с сайт mvd.gov.by
Фото с сайт mvd.gov.by

— Вы назіраеце за тым, што адбываецца?

— У майго пенсійнага перыяду жыцця ёсць пазітыўныя бакі: гляджу без гневу і зацікаўленасці, не прымаю ўдзелу, толькі назіраю за працэсамі, у якія ўжо ўцягнута добрая частка Беларусі.

— Як вам мітынг за Лукашэнку ў Мінску?

— Я ўважліва на яго глядзеў. Назіраў сталага Лукашэнку, які нагадаў мне самога сябе ў 93-м: на трыбуне, пранікнёна і з запалам, самастойна, без гэтых тупаватых тэкстаў спічрайтараў.

У чымсьці ён быў пераканаўчы, а ў чымсьці… складаныя ўражанні. Сёння, калі такая сітуацыя вострая, лёсавызначальная, да яго прывозяць нейкіх правінцыяльных прафсаюзных работнікаў, а перад імі на разагрэве выступаюць такія ж правінцыйныя прафсаюзныя работнікі… Завялая публіка, яны стаяць і глядзяць на гадзіннікі — 6 гадзін жа ехалі. Малапрывабныя прамоўцы нешта тарабаняць завучанае, а іншага яны не ведаюць. Мне відаць разгубленасць, ён не прадбачыў такога вектара падзей, не прадбачыў, што нават дырэктар абароннага прадпрыемства прызнае паразу.

— Як ацэньваеце правядзенне выбараў?

— Выбары меліся прайсці як звычайнае сезоннае мерапрыемства: тыдзень напружання, і вынік ёсць, я ж тут ніякіх ісцін новых не скажу. Ну, прызначылі смешных фігур, накшталт Канапацкай і Чэрачня.

У давераныя асобы набралі нейкіх людзей, сярод якіх ніводнай больш-менш значнай фігуры. Рэдка хто з іх адчувае тое ж, што я адчуваў у 94-м, яны першыя пабягуць.

Але ўсё празявалі. Слабая аналогія, але нешта ёсць: перадвыбарчая сітуацыя падобна да сітуацыі 41-га, калі ўся разведка ведала, што немцы падводзяць войскі і разгортваюць дывізіі, але кіраўнікі разведкі ведалі і перакананне Сталіна ў тым, што ў яго ўсё пад кантролем, ды не дакладвалі яму пра рэальныя рэчы: існавала рызыка зубатычыны.

А потым таксама не дакладвалі, бо ён спытае: а чаму вы не сказалі пазаўчора?

Ніхто не звярнуў увагі і не канстатаваў, што Ціханоўскі ўзняў людзей, а каранавірус вывеў іх з летаргічнага сну. Нават айцішнікі, далёкія ад палітычных працэсаў, затурбаваліся — бацькі паміраюць, рэакцыі няма. Яны ж ведаюць, што людзі пачкамі паміраюць у Штатах, у Італіі, ды дзе заўгодна.

— Як вам рэакцыя ўлады на працэсы, што вы апісваеце?

— У нас улада персаніфікаваная, калі мы кажам «ўлада», мы маем на ўвазе «Лукашэнка». Ніводнае сур’ёзнае рашэнне без ухвалення Аляксандра Рыгоравіча не робіцца. І міністры, і старшыні выканкамаў, якія камусьці здаюцца важнымі… гэта ўсё скажонае ўяўленне. Улада — гэта Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

І як чалавек, які 23 гады кіраваў цэнтральнай дзяржаўнай газетай, я канстатую, што дапушчаны цэлы шэраг сістэмных памылак.

Прымаліся звычайныя меры: на Русі ад усіх хвароб лечаць адным — пускаюць кроў. Там, дзе трэба тонкая сістэмная работа, пускаюць кроў.

Гэтая моладзь, што сёння на вуліцах, прайшла міма ўсіх «Маладых Франтоў» і БРСМ, але ўдар па бацьках падняў вочы гэтаму вялікаму Вію. Яны сталі ўлазіць у нязвыклыя для сябе пытанні, моладзь сёння — рухавік усяго.

«Мы просім справядлівасці, просім сумленнасці, просім лічыць нас народам, у нас няма ворагаў, мы за мір і любоў», — вось за што яны выступаюць.

І пад словы Качанавай «Трэба быць бліжэй да людзей» усё вышэй рос той самы «Мур», асабліва паміж уладай і моладдзю.

Цяжка Лукашэнку даліся словы, што «моладзь мы ўпусцілі». Але ніхто нікога не ўпускаў і прывязваць не павінен, адбываецца натуральнае пакаленчае ўсведамленне. У нас моладзь — дай Бог кожнаму. Гэта людзі не зласлівыя, у нармальным сэнсе дысцыплінаваныя, не спітыя і таленавітыя, нармальныя людзі, якія жадаюць жыць паводле пэўных, зразумелых прынцыпаў: атрымаць адукацыю, завесці сям’ю, нарадзіць дзяцей, зарабляць грошы, мець свой голас.

Але намаганнямі бяздушных бюракратаў прорва вырасла проста паміж гэтымі людзьмі і ўладай.

— Вы дэманізуеце Качанаву.

— Я асабіста лічу самай вялікай памылкай прызначэнне на асноўны дзяржаўны пост Наталлю Качанаву. Яе эпоха — гэта эпоха дэкадансу. У галоўнага дзяржаўнага дарадцы набор з дзесяці фраз, накшталт «трэба быць бліжэй да людзей», «людзі — гэта галоўнае».

Пры ёй была развалена кадравая работа, не самыя лепшыя кадры замяняліся горшымі. І гэта практычна на ўсіх узроўнях: старшыні аблвыканкамаў, не кажу ўжо пра райвыканкамы.

Адбылося замяшчэнне пасадаў кансерватарамі, якія бачаць доблесць толькі ў шчоўканні абцасам, замяшчэнне рэальнай работы фармалізмам. Прызначэнцы працуюць, як працавалі іх дзяды. Гэтаму даследчыкі яшчэ дадуць ацэнку.

Зладзействам я лічу арганізацыю карцінкі для Лукашэнкі, паказушніцтва, што ўсё выдатна, толькі наперад! Тое на ўзлёце, гэтае на пад’ёме! Аляксандра Рыгоравіча гэта ўкалыхала, крывое люстэрка стала здавацца рэальнасцю. СМІ перасталі выконваць нават прапагандысцкую ролю, а сталі працаваць на шкоду дзяржаве. Моладзь адвярнулася, а сталыя людзі зняверваюцца ў тым, у што яны яшчэ верылі. Немагчыма ж сабе ўявіць, што нават у Касцюковічах людзі выйдуць, што ім ёсць што сказаць на дэманстрацыі, — а яны выйшлі.

СМІ знішчаны! Некаторыя тут лічаць сябе ледзьве не Познерамі, а ў рэальнасці — займаюцца школьніцтвам і кустаршчынай. Вырасцілі Крывашэева, паглядзіш на яго — грудзі наперад, значок на лацкане, а паслалі да Салаўёва, дзе ён павінен быў адкрыць рот, дык сядзеў як зайчык з апушчанымі вушкамі, ды яшчэ і глуханямы. Наліўся крывёю і сціх.

Людзі ж хочуць, каб паважалі іх. А тут жуюць у навінах гадзіну нейкую салому, а яшчэ гадзіну — пераказваюць аператыўную інфармацыю нейкай спецарганізацыі, і гэта хамскім чынам выдаецца за «спецыяльнае расследаванне». Ну ў 1960-я гэта працавала, гэта «хавалі», а цяпер, кажучы тым жа слэнгам, ужо «не каціць». Людзі лічаць, што іх трымаюць за ідыётаў, іх гэта абражае.

Людзям кажуць, што ўсе, хто не ў БРСМ, сілкуюцца з Вашынгтона. Ну гэта ж няпраўда. У людзей патрэба быць пачутымі, быць грамадзянамі, выказаць уласнае меркаванне. Нельга казаць, што ўсе, хто супраць, думаюць толькі за грошы, гэта раздражняе людзей.

І ніякага ж дыялогу няма! Нават, здавалася б, жывыя органы накшталт парламента, дзе павінен ісці нейкі абмен думкамі, ператварыліся ў пагост з безаблічнымі людзьмі. Большасць парламентарыяў, па сутнасці, не абраная, а прызначаная, яны сядзяць і думаюць, што іх работу павінны выконваць міністэрствы ці Адміністрацыя.

— Дык што адбываецца ў гэтыя дні, рэвалюцыя?

— Я так не думаю. Не трэба казаць гэта слова да месца і не да месца. Тут цалкам сабе выбарная сітуацыя: частка насельніцтва, сярод якой шмат маладых асоб, нязгодная з афіцыйнымі вынікамі выбараў.

Прымусіць людзей верыць у гэтыя афіцыйныя лічбы не атрымаецца. З людзьмі трэба гаварыць. Нам не трэба ні Пуцін, ні Дуда, ні Наўседа. Беларусы — цалкам самастойны і не агрэсіўны народ, трэба прыняць тое, што ёсць незадаволеныя, што іх нельга ціснуць жорсткімі паліцэйскімі метадамі, бо будзе горш — прарве не сёння, але ў іншым месцы, і больш моцна, але прарве, яны нікуды не дзенуцца.

Я бачу, што на вуліцы. Гэтае народнае веча… яно ўражвае. 200 тысяч сабралася ў Мінску, вялізная колькасць нязгодных унутры, гэта не сітуацыя абкладзенай крэпасці. І я пляскаю Лукашэнку, я згодны: «Гвалтам, крыкам і вуліцай нічога нельга вырашыць».

І нельга падмяняць паняцці, нельга кіраўніку выканкама казаць: «А чаго вы пайшлі на дэманстрацыю? Сядзелі б дома, і сілавікі былі б па казармах». Гэта дубляж тэзіса Ярмошынай, што жанчына павінна сядзець дома і варыць баршчы. Такая вульгаршчына недапушчальная.

— Лукашэнку трэба сесці за круглы стол?

— Я не кажу пра стол, гэта можа адбыцца ў актавай зале, я не пра форму. Але Лукашэнка павінен глянуць спакойна, халоднакроўна, ён ніколі не пасаваў перад выклікамі. Трэба прызнаць, што людзі на вуліцах — гэта не бандэраўцы, не наркаманы і не міфічныя рэцыдывісты. Трэба прызнаць, што дапушчаны сістэмныя памылкі. Нават калі наступяць халады і дэманстранты перастануць хадзіць, то праблема не вырашыцца. Людзі не забудуць крывадушніцтва Ярмошынай.

Тут няма правых, левых, класаў нейкіх, варажнечы, унутраных ворагаў. Тут жывуць нармальныя людзі. Сучасная палітычная культура патрабуе выслухоўвання і пошуку выхаду, які задавальняе большасць і меншасць.

— Як ацэньваеце брутальныя разгоны ў першыя дні пасля выбараў?

— Я служыў ва ўнутраных войсках. Я памятаю, як на роту былі ў нас і гранатамётчыкі, і тыя, хто страляе гумавымі кулямі, і газ «Чаромха». Але гэта былі музейныя экспанаты, ніхто не думаў, што гэта прыйдзецца выкарыстоўваць. Інструкцыя стралку гумавымі кулямі ўвогуле была такая: страляць толькі ў выпадку пагрозы жыццю, у нейкай іншай экстраардынарнай сітуацыі, для разгону знішчальнага натоўпу, была інструкцыя страляць пад нахілам у 45 градусаў, куля тады моцна апякае, але не наносіць шкоды.

Датычна баявой зброі я памятаю словы начальніка аб тым, як дзейнічаць з табельнай зброяй пры канваіраванні затрыманага: «Калі ўцячэ, то халера з ім. Я атрымаю вымову, а яго мы ўсё адно заўтра знойдзем, але крый божа — страляць. Трапіш у мінака — разам пойдзем у турму».

Таму як я магу гэта ацэньваць? Той, хто парушыў законы і ўзяў смеласць пазбавіць кагосьці жыцця, стане перад законам, гэта злачынствы без тэрміна даўніны. Гэта зразумела.

Але я лічу няправільнай рыторыку, што вось мы заўтра створым трыбуналы і спытаем увогуле з кожнага. Гэта прымушае людзей трымацца за сваё крэсла, думаць, што хай мяне заўтра прыцягнуць, але не сёння. Гэта ў палітычным сэнсе не вельмі разумна. Але той, хто знішчае чалавека, чым бы ён не кіраваўся: загадам або цёмнымі бакамі сваёй душы, — ён адкажа за гэта. Іначай жыццё спыніцца і прыме такія неверагодныя формы, што ўсе мы заплачам.

— Лукашэнка цяпер пагражае Расіяй. Думаеце, яны сюды сунуцца?

— Некаторыя тут дагэтуль жывуць з думкай, што вось, маўляў, заўтра Крэмль дасць каманду адбой: «Усё, мужыкі, пагуляліся ў самастойнасць і назад, у Савецкі Саюз». Гэта сядзіць у галовах. Але Пуцін не прывядзе сюды войскаў, гэта яму навошта? Гэта пацягне палітычны развал пуцінскай Расіі. Сотні тысяч рускіх тут жывуць, беларусы ў цэлым свае людзі і не выступаюць супраць Крамля, і іх забіваць? А сёння і не Кацярынінскае стагоддзе, каб збіраць землі. Пуцін — прэзідэнт сваёй краіны.

— Колькі Лукашэнка прабудзе прэзідэнтам, вашы ацэнкі?

— У яго афіцыйна наперадзе пяць год. Але жыццё пакажа. Думаю, сёння ніхто не возьмецца сказаць упэўнена.

— Адвольнае пытанне пры канцы размовы. За што вас звольнілі?

— Ды нікому нецікава гэта. Я і сам прасіўся, мне ўжо за 70 год, шмат хвароб, фізічна цяжка кіраваць гэтым вялікім камбінатам. У выніку мяне звольнілі за Курапаты. Але я быў гатовы і больш пацярпець, чым толькі звальненне, шчыра кажучы.

Калі сталі выдзіраць крыжы і тэрарызаваць Дашкевіча, я напісаў артыкул у «СБ» у духу: вельмі няправільна рабіць маёра ДАІ галоўнай фігурай у вырашэнні светапоглядных і філасофскіх дыскусій. Многім не спадабалася гэта, турнулі.

-25%
-10%
-20%
-11%
-20%
-5%
-50%
0070970