Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Амэрыканская газэта New York Times надрукавала на сваіх старонках артыкул пад загалоўкам "Санкцыі ААН не перашкаджаюць Іраку купляць зброю". У ім гаворыцца, што адным з пастаўшчыкоў сучаснай зброі Іраку ў абыход міжнародных санкцыяў зьяўляецца Беларусь.



(Іваноў: ) "Два незалежныя экспэрты ў галіне міжнароднага кантролю за гандлем зброі Гары Мілхолін, дырэктар Вісконсінскага праекту кантролю над ядзернымі ўзбраеньнямі ў Вашынгтоне і Келлі Моц, навуковы супрацоўнік гэтага праекту, падрыхтавалі пакуль яшчэ не надрукаваны даклад у справе незаконнаму гандлю зброяй з Іракам. Падставай для дакладу сталі дакумэнты камісіі ААН у справе кантролю над іракскай ваеннай машынай, якая ў дадзены момант распушчаная.

Аўтары дакладу абвінавачваюць тры краіны: Беларусь, Украіну і Румынію ў пастаўках частак ракетнай тэхнікі і высокатэхналягічнага абсталяваньня, якое можна выкарыстоўваць дзеля прадукцыі ўзбраеньня.

Сярод прыкладаў парушэньня санкцыяў ААН супраць Іраку ў дакладзе згадваецца факт, калі ў 1995 годзе дэлегацыя ірацкіх спэцыялістаў зь Дзяржаўнага камбінату Бадр, які спэцыялізуецца на прадукцыі высокатэхналягічнага абсталяваньня, наведала Беларусь і перадала беларускім уладам заказы на пастаўку шэрагу тавараў, у тым ліку мэталярэзных алмазных станкоў.

Гэтыя станкі могуць выкарыстоўвацца ў прадукцыі некаторых элемэнтаў ядзернай зброі і ракетаў далёкага радыюсу дзеяньня. Гэтае і іншае абсталяваньне было закупленае ў Беларусі ў абыход санкцыяў ААН і накіраванае ў Ірак праз Іярданскі порт Акаба.

Пад канец 1998 году, калі ваенныя інспэктары ААН былі адкліканыя з Іраку, Беларусь накіравала сюды новую партыю высокатэхналягічнага абсталяваньня, тым разам для вытворчасьці аптычных прыбораў.

Ва Ўкраіне, гаворыцца ў дакладзе, іракскія эмісары намагаліся купіць цэлыя ваенныя лябараторыі, а таксама атрымаць магчымасць правесьці падрыхтоўку пэрсанала ў галіне вылічальнай тэхнікі. Сёлета ў прамысловай выставе ў Багдадзе прынялі ўдзел каля 100 розных украінскіх фірмаў, у тым ліку

і тыя, што спэцыялізуюцца ў вытворчасьці касьмічнага і авіяцыйнага абсталяваньня.



Мікола Іваноў, Прага
0058045