Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Дзеля каардынацыі сваіх дзеяньняў яны ўтварылі рэспубліканскую Грамадзянскую ініцыятыву "Незалежнае назіраньне", за сустаршыняў якое абраныя Мечыслаў Грыб і Алесь Бяляцкі. Яны ўпэўненыя, што да моманту правядзеньня выбараў "Незалежнае назіраньне" здолее правесьці сваіх сяброў ува ўсе ўчасткі для галасаваньня й выбарчыя камісіі. Пра гэта спадары Грыб і Бяляцкі распавялі журналістам у аўторак на прэс-канфэрэнцыі, якая адбылася ў Таварыстве беларускай мовы.

Два туры так званых выбараў у Палату прадстаўнікоў паказалі, што без належнае колькасьці падрыхтаваных незалежных назіральнікаў ажыцьцявіць поўнаякаснае назіраньне за іх правядзеньнем немагчыма. Верасьнёўскія выбары маюць нашмат большае значэньне для нашай краіны, бо абраньне новага кіраўніка дзяржавы вырашыць лёс Беларусі як мінімум на бліжэйшыя 5 гадоў.

Розныя грамадзкія арганізацыі мецьмуць сваіх назіральнікаў на ўчастках для галасаваньня й у выбарчых камісіях розных узроўняў. Але дзеля каардынацыі супольных дзеяньняў прадстаўнікі грамадзкасьці дамовіліся й утварылі агульнанацыянальную грамадзянскую ініцыятыву "Незалежнае назіраньне". Сустаршыня арганізацыі Алесь Бяляцкі адзначыў, што гэткага кшталту ўтварэньня ў нашай краіне яшчэ не было, і цяпер яно зьявілася ў першую чаргу дзеля дасягненьня агульнага посьпеху пад час назіраньня.

А. Бяляцкі - Мы дасягнулі агульнага паразуменьня паміж тымі дзьвюма сеткамі незалежнага, непартыйнага назіраньня, якія працавалі перад гэтым. І ў выніку аб'ядналіся ў грамадзянскую ініцыятыву "Незалежнае назіраньне", якая сёньня будзе зьяўляцца адзінай, суцэльнай, непартыйнай сеткай для назіраньня. Яна будзе аб'ядноўваць сотні грамадзкіх, няўрадавых арганізацыяў, якія сёньня пагадзіліся браць удзел у назіраньні. Да такога аб'яднаньня нас падштурхнула нашая суворая рэчаіснасьць. Мы прааналізавалі вопыт веснавых паўторных выбараў, якія адбыліся ў сакавіку, і зразумелі, што толькі агульнымі намаганьнямі мы можам забясьпечыць максымальны кантроль за тым, як будуць адбывацца гэтыя прэзыдэнцкія выбары ў верасьні. Да верасьня, я думаю, мы прыйдзем з такою сеткай назіраньня, якой у нас у Беларусі за ўсю гісторыю яшчэ не было.

Старшыня Беларускага клюбу выбаршчыкаў Уладзімер Гудзееў адзначыў, што абмяжоўвацца толькі назіраньнем немагчыма. Трэба праводзіць навучаньне як будучых незалежных назіральнікаў, гэтак і сяброў выбарчых камісіяў. Паводле словаў спадара Гудзеева, Пастанова Цэнтравыбаркаму й яе артыкул № 13 дазваляюць магчымасьць бесперашкоднага незалежнага назіраньня за выбарамі.

У. Гудзееў: - Это Постановление дает все возможности, чтобы наблюдение осуществлять. Здесь есть возможность послать наблюдателей от центральных органов и обеспечить им возможность зарегистрироваться на участке, аккредитоваться и так далее. Поэтому наблюдение проводится абсолютно законно. И все заявления, что наши действия являются незаконными, я считаю абсолютно не правомочными. Но только наблюдением мы - в частности, Клуб избирателей - ограничиваться не будем. Мы планируем провести в каждом районе семинары по избирательному законодательству с участием наших наблюдателей и членов избирательных комиссий. Это будет очень полезно - научить членов наших избирательных комиссий избирательному законодательству - чтобы они его не нарушали.

Дзеля юрыдычнага забесьпячэньня дзейнасьці назіральнікаў пры грамадзянскай ініцыятыве "Незалежнае назіраньне" створаная юрыдычная група. Яе кіраўнік, юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч, адзначыў: вельмі важна фіксаваць своечасова ўсе магчымыя парушэньні выбарчага заканадаўства й адпаведных працэдураў, каб яшчэ пад час галасаваньня даводзіць іх да ведама пракуратуры й судоў.

В. Стэфановіч: - Сапраўды, вельмі важна ня толькі зафіксаваць правапарушэньні, але й своечасова адрэагаваць на іх. Дзеля гэтага мы пачалі ствараць групы юрыдычнага забесьпячэньня выбараў. Гэта будзе азначаць, што на ўсю інфармацыю, сабраную назіральнікамі, будзе неадкладнае рэагаваньне, у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам. Праз звароты ў органы пракуратуры, якая будзе ажыцьцяўляць нагляд за выбарчай кампаніяй, у суды, калі гэта будзе патрэбна, а таксама ў камісіі вышэйшага рангу. Прычым, гэта будзе рабіцца неадкладна, непасрэдна ў часе правядзеньня галасаваньня, бо, як паказвае практыка, калі выбары ўжо прайшлі, на самой справе аніякія дзяржаўныя органы такія заявы не разглядаюць і не прымаюць.

Як адзначылі ўдзельнікі прэсавай канфэрэнцыі, яны ўпэўненыя, што незалежныя назіральнікі будуць прысутнічаць на ўсіх участках для галасаваньня й ува ўсіх участковых выбарчых камісіях. А гэта - ні многа ні мала - звыш 14 тысяч чалавек.



Генадзь Кесьнер

Радыё Рацыя
,