Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Чуткі пра магчымасць кадравых зьменаў на беларускім тэлебачаньні зьявіліся ўжо даўно. Кіраўніцтва БТ ў сёньняшнім складзе было прызначанае летась. Яно правяло рэформу ў Белтэлерадыёкампаніі, у выніку якой праграмы сталі яшчэ менш цікавымі, чым былі раней. Відаць, насустрач выбарам Лукашэнку хочацца бачыць больш яркую карцінку. Таму й не задаволены станам справаў на Першым, але адзіным пакуль, Нацыянальным канале.

Пакуль складана сказаць, хто з кіраўніцтва БТ пойдзе ў адстаўку. Ня выключана, што гэта будзе старшыня Тэлерадыекампаніі Віктар Чыкін, які днямі нечакана пайшоў у адпачынак. Чыкін, дарэчы, ня стаў камэнтаваць магчымыя кадравыя зьмены й сказаў, што ўсё гэта знаходзіцца ў руках Лукашэнкі. Ніякіх камэнтароў не рабіў і ягоны намесьнік - Ягор Рыбакоў.

Паводле нашай інфармацыі, у сераду на беларускім тэлебачаньні адбудзецца нейкае паседжаньне, падчас якога могуць быць выкрытыя фінансавыя парушэньні з боку кіраўніцтва БТ. На гэтую нараду нават запрошаныя некаторыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Праўда, гэта ня значыць, што зьмены ў кіраўніцтве адбудуцца ў сераду. Рашэньне кадравых пытаньняў чыніцца Лукашэнкам па пятніцах.

Дарэчы, на "Беларусьфільме" кіраўнік краіны ізноў казаў пра стварэньне Другога беларускага тэлеканалу. Цяпер канал плянуецца трымаць на базе сталічнага тэлебачаньня. Як гэта магчыма, - пакуль не зразумела. Бо сталічная тэлевізія ў асноўным займаецца рэтрансьляцыяй праграмаў, падрыхтаваных расейскай кампаніяй РэнТіВі.

Зразумела адно: усялякія рэформы на тэлебачаньні напярэдадні выбараў будуць скіраваныя на прапаганду дзейнай улады.



Аліна Ісакоўская

Радыё Рацыя