Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Чацьвертая зь плянаваных - група КХП-БНФ - перанесла свой паход у Цэнтравыбаркам. Лідэр КХП-БНФ Зянон Пазьняк пацьвердзіў Рацыі магчымасьць свайго вяртаньня з эміграцыі.

Паседжаньне Цэнтравыбаркаму па рэгістрацыі ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта пачнецца 15 чэрвеня аб 11-й па менскім часе. Ужо цяпер падалі заяўкі групы Віктара Цярэшчанкі й Сяргея Гайдукевіча. А 12 чэрвеня яшчэ трох кандыдатаў улучыліся ў шэрагі чакальнікаў моманту рэгістрацыі. Спадары Домаш, Казлоўскі й Калякін трымаюцца бадзёра.

Казлоўскі: - Нармальная далікатная была размова ў Выбаркаме. Разьлічваем на добры вынік.

Камуніст Сяргей Калякін ня менш аптымістычны.

Калякін: - Все будет нормально. У нас нет сомнений, что мы будем зарегистрированы. Потому что у нас все сделано по закону. В группе свыше двух тысяч человек. Кстати, они представляют большинство районов Республики.

Як і Сяргей Калякін, Сямён Домаш таксама спадзяецца на лепшае. Асабліва яго ўсьцешыла вялікая колькасьць людзей, гатовых зьбіраць за яго подпісы.

Домаш: - Разам здалі мы дакумэнты на ініцыятыўную групу колькасьцю 3 756 чалавек. Але жадальнікаў быць у ініцыятыўнай групе больш у два разы. Мы не ўлучалі ўсіх, бо не пасьпявалі з афармленьнем.

Яшчэ адна ініцыятыўная група мелася занесьці дакумэнты ў Цэнтравыбаркам 12 чэрвеня - група падтрымкі лідэра КХП-БНФ Зянона Пазьняка на чале зь Сяргеем Папковым. Візыт у цэнтральную выбарчую камісію быў перанесены. Цікава, што 12 чэрвеня агенцтва "Інтэрфакс" паведаміла са спасылкай на словы Папкова: Пазьняк вернецца з эміграцыі на Беларусь адразу пасьля рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы. Цытуем "Інтэрфакс": "вяртаньне Пазьняка абумоўленае ня толькі фактам рэгістрацыі ягонае ініцыятыўнае групы. Сяргей Папкоў адмовіўся назваць якія-кольвек іншыя прычыны прыезду Пазьняка ў Беларусь, спаслаўшыся на "ўнутраныя пляны партыі".

Па камэнтар мы й зьвярнуліся да спадара Папкова.

Папкоў: - Такую інфармацыю мы ім не давалі. Але ж, канечне, вернецца Зянон Пазьняк, калі яго зарэгіструюць кандыдатам. Ды пытаньне ня толькі з гэтым зьвязанае: сытуацыя ў Беларусі паспрыяць павінна. Мы працуем па пляне.

Сам спадар Пазьняк ня ляпш праясьніў словы свайго менскага намесьніка.

Пазьняк: - Тут няма чаго камэнтаваць. Калі будзе рэгістрацыя, будзем прымаць рашэньне ў залежнасьці ад палітычных абставінаў.

RR: - Якія палітычныя абставіны найбольш спрыяльныя для таго, каб Вы вярнуліся?

З.П.: - Будзем глядзець па абставінах.

RR: - А якія найбольш неспрыяльныя?

З.П.: - Тыя, якія пагражаюць жыцьцю.

RR: - Ці можа быць сытуацыя, пры якой вы ў часе ўсёй перадвыбарчай барацьбы застаняцеся за мяжою?

З.П.: - Нічога не магу на гэты конт сказаць. Пачалася палітычная барацьба. Яна доўжыцца, таму рашэньні будуць прымацца ў хадзе змаганьня.

Такім чынам, Зянон Станіслававіч Пазьняк па-ранейшаму застаецца самым загадкавым прэтэндэнтам на прэзыдэнцкую пасаду. У КХП-БНФ адмаўляюцца раскрываць пляны перадвыбарчае барацьбы Зянона Станіслававіча. Таму магчыма высунуць вэрсію, што галоўнай ўмовай вяртаньня спадара Пазьняка ў Беларусь ёсьць перамога на прэзыдэнцкіх выбарах.



Севярын Квяткоўскі

Радыё Рацыя
0058648